Вы тут

Да мары — праз самаразвіццё


...Хлопчык з прыгожага мястэчка Акцябрскі на Гомельшчыне, ці гістарычнай Рудабелкі, як прывыклі называць пасёлак мясцовыя жыхары, не марыць пра крутое аўто альбо дарагі касцюм, не глядзіць вядомых юцьюб-блогераў, не сядзіць суткамі ў сацыяльных сетках. Марнаваць час — не ў традыцыях Данііла.

На сёння ў скарбонцы хлопца шмат узнагарод і падзяк, сярод якіх — дыплом трэцяй ступені конкурсу «Юны прамоўца» на міжнароднай алімпіядзе па рускай мове, дыплом першай ступені рэспубліканскага конкурсу работ даследчага характару па беларускай мове, дыплом трэцяй ступені трэцяга этапу рэспубліканскай алімпіяды па рускай мове і літаратуры. А яшчэ на працягу некалькіх гадоў ён станавіўся дыпламантам абласных конкурсаў «Ведай і любі рускую мову», «Гавары са мной па-беларуску».

Чым захапляецца юнак, якія дасягненні і жаданні носіць у «кішэні», што хоча змяніць у гэтым свеце? Пра гэта я спытала ў Данііла Шэйка, выпускніка Акцябрскай раённай гімназіі.


— Нішто сабе, Данік, адкуль столькі дыпломаў?

— Усё пачалося з піянерскай дзейнасці. У сёмым класе я хацеў як мага больш працаваць. Не рукамі, а розумам, быць карысным паўсюль. Дзеля гэтага здымаў відэаролікі на экалагічную і сацыяльную тэматыку. Акрамя таго, штурмаваў рэспубліканскі ўзровень са сваімі навуковымі праектамі. Гэта ўсё зацягнула, захапіла. У восьмым класе звярнуў увагу на журналістыку, пачаў пісаць у розныя газеты, аналізаваць тэлеперадачы беларускіх каналаў. Асвойваючы некаторыя тонкасці прафесіі, зразумеў, што ў гэтай сферы трэба не толькі ўмець нешта пісаць, але і многа ведаць, каб пры падрыхтоўцы публіцыстычных матэрыялаў адчувалася глыбіня думкі. Не хацеў спыняцца, таму пачаў актыўна ўдзельнічаць у алімпіядах па рускай і беларускай мовах, выступаў на канферэнцыях, конкурсах, стаў удзельнікам раённай зборнай каманды КВЗ.

— А чым цікавішся акрамя журналістыкі і непасрэдна вучобы?

— Мне падабаецца займацца навуковай дзейнасцю. Яшчэ самастойна вывучаю беларускую і рускую мовы, гісторыю, культурныя традыцыі нашай краіны і замежных, мінулае краю. Лічу, што менавіта даследаванне і вывучэнне свайго, беларускага, з'яўляецца крыніцай сілы і натхнення для чалавека. Заўсёды памятаю: дзе нарадзіўся, там і прыгадзіўся. Калі адарвешся ад каранёў, пакінеш родны дом — гэтай крыніцы не стане.

— Што для цябе значаць словы «любіць Беларусь»?

— Перш за ўсё — адказнасць. Напрыклад, ідзеш на рэчку, бачыш смецце — падбяры. Некаторыя людзі не адчуваюць адказнасці перад прыродай, ствараюць прыгажосць толькі вакол сябе. Каб добра жыць у будучыні, трэба памятаць пра мінулае і рабіць наш свет лепшым цяпер. Часам мы зайздросцім прыгажосці ў іншых краінах, але не бачым таго, што побач з намі. А між тым у нас прырода не горшая.

— Што дае табе сілы не спыніцца на дасягнутым і крочыць далей, скараць новыя вяршыні?

— Вельмі важнае самаразвіццё. Ніхто не зробіць за цябе работу. Усё тое, за што бярэшся, патрабуе дэталёвага разбору. Я шмат чытаю, размаўляю з рознымі людзьмі, гляджу дзясяткі фільмаў на пэўную тэму, толькі тады магу штосьці зразумець. Са мною заўсёды сумненні і патрабавальнасць да сябе і іншых. Калі не зраблю штосьці ідэальна — не супакоюся.

Хачу параіць: чытайце добрую літаратуру, глядзіце карысныя фільмы. Я вельмі люблю Караткевіча. Чытаецца лёгка, і ўражанні пасля застаюцца на доўгі час. Яго творы — гэта штосьці нязведанае, загадкавае. Раскрываецца стаўленне чалавека да блізкіх, да жыцця, да сябе. Можна знайсці адказы на пытанні, якія хвалююць. Яго творы я магу параўнаць з беларусамі: нешта знешне простае, але вельмі глыбокае.

— З чым хочаш звязаць свой лёс?

— Хачу паступіць на аўдыявізуальную журналістыку ў БДУ. Каб усё атрымалася, рыхтую публікацыі (але я не пішу дзеля таго, каб проста было «ў скарбонцы», раблю гэта свядома), аналізую тэлепраграмы, вывучаю дзейнасць журналістаў (падабаюцца Ганна Залаткоўская, Уладзімір Познер, Віктар Корбут). Акрамя таго, у мяне ў марах рэалізаваць на журфаку некалькі праектаў, звязаных з распаўсюджваннем беларускай мовы.

Дар'я ШЛАПАКОВА, студэнтка ІІІ курса факультэта журналісткі БДУ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».