Тэлевядучая, актрыса, мадэль, пераможца конкурсаў прыгажосці Ірына Рамбальская мае і яшчэ адно даволі нечаканае амплуа — скульптар. Прычым хобі ператварылася ўжо ў нешта большае — на мінулым тыдні, напрыклад, работы Ірыны ўвайшлі ў дзясятку найлепшых на прэстыжным конкурсе «Арт-рэзідэнцыя ў Лондане». З паўтары тысячы ўдзельнікаў — еўрапейскіх скульптараў — беларуска ўвайшла ў дзясятку фіналістаў! Аб захапленні скульптурай, тэлебачаннем, выхаванні дачкі і месцы гламуру ў жыцці мы паразмаўлялі з Ірынай.
— Большасць гледачоў ведаюць вас усё ж як вядучую. Прычым адну з самых пазнавальных на СТБ. Колькі вы працуеце на тэлеканале?
— Ужо 12 гадоў. Прычым мой шлях у журналістыку быў доўгі: я спачатку скончыла юрыдычны факультэт БДУ.
— Напэўна, з чырвоным дыпломам?
— Так. Сіндром выдатніцы ў мяне на працягу ўсяго жыцця і вельмі мне замінае. Журфак заўсёды быў ружовай марай, таму пасля юрыдычнага я вырашыла яе ажыццявіць і паступіла. Прыйшла на першую практыку на СТБ карэспандэнтам, тут і засталася. Убачыўшы мяне, адразу прапанавалі здымаць сюжэты пра культуру, але я сказала, што цікавіць эканоміка. Пачынала карэспандэнтам, пасля працавала і ў прэзідэнцкім пуле, у навінах, асвятляла сур'ёзныя тэмы. Праз 2—3 гады пачала працаваць у праграме «Сталічныя падрабязнасці». З гэтага часу пачаўся медыйны складнік маёй прафесіі, хоць медыйнасць ніколі не была для мяне прыярытэтам. Нават зараз тое, што на экране — вяршыня айсберга. Мне куды больш цікава іншае — тэхналагічныя, рэкламныя працэсы ў тэлевытворчасці, якія для гледача не заўважныя. Эфірныя складнікі прафесіі — грым, касцюм, прыгажосць — для мяне проста пабочны эфект ад прысутнасці на тэлебачанні. СТБ адрозніваецца тым, што ў нас няма дыктараў у класічным разуменні, і гэта спрыяе развіццю асобы ў самых розных кірунках.
— Пазнавальнасць дае ўпэўненасць, што вы не застаняцеся без працы і праекты для вас заўсёды знойдуцца?
— Зусім не. Кожны чалавек, які прыходзіць на тэлебачанне, павінен разумець, што яно жыве па сваіх законах, і быць проста вядучым — гэта шлях у нікуды. У такім выпадку трэба быць гатовым да таго, што ў любы момант выпадзеш з кадра. Да таго ж жаночая прыгажосць не вечная, так можна застацца ў 40 гадоў без усялякіх навыкаў і ўменняў. Экран у гэтым плане жорсткі.
— Цяпер вы вядучая праграмы «Вялікі сняданак». У якіх праектах мы ўбачым вас у новым тэлевізійным сезоне?
— У тэлеканала СТБ цалкам зменіцца канцэпцыя, і я як вядучая і прэс-сакратар тэлеканала ўдзельнічаю ў распрацоўцы новага кантэнту. Але пакуль не буду расказваць пра канкрэтныя праекты, але гэта будзе ў добрым сэнсе рэвалюцыя.
— На пачатку кар'еры ў Ірыны Рамбальскай на экране быў вельмі гламурны вобраз, вы былі частай госцяй на свецкіх мерапрыемствах. А ў нейкі момант ад гэтага адышлі. Што адбылося ў вашым жыцці?
— Вечарынкі, прэзентацыі, гламур ніколі мяне асабліва не цікавілі. Але гэта неад'емная частка мадэльнай кар'еры, якая ў мяне пачалася ў 12 гадоў. Такі мой вобраз сфарміраваўся, хоць я ад яго доўга імкнулася адхрысціцца. А потым зразумела: каб рухацца далей, трэба выкарыстоўваць тую аснову, што ёсць. Таму ў новым сезоне ад ранейшага вобраза адыходзіць не будзем, хоць ён і не супадае з маім унутраным «я». Зламаць стэрэатыпы, што я і імкнулася зрабіць усё сваё жыццё, немагчыма. Тым больш што з мадэльнай кар'ерай не завязваю, ёсць прапановы паўдзельнічаць у конкурсах прыгажосці, праўда, для больш старэйшага ўзросту. Так што мой сфарміраваны вобраз застанецца, праўда, з інтэлектуальным складнікам, які для кагосьці, магчыма, стане нечаканым.
— Вельмі дзіўна, дарэчы, чуць ад тэлевядучай, мадэлі і ўдзельніцы конкурсаў прыгажосці, што манікюр вы можаце зрабіць і самі, масаж вас напружвае, а на SPА-працэдуры шкада часу...
— Увесь мой догляд цяпер заключаецца ў тым, што зімой у мяне вячэрнія прабежкі, а летам — ранішнія. Зараз я прачынаюся а палове сёмай і выходжу на гадзінную прабежку. Яна, дарэчы, займае больш часу, чым зборы на працу — збіраюся я літаральна за 20 хвілін.
— А прыгатаваць сняданак?
— Я не снедаю з раніцы, дачка снедае звычайна ў школе, цяпер нам з гэтым дапамагае мая мама. Гэта, канешне, вялікі мінус, але апошнім часам я не гатую складаных страў, у мяне ўсё максімальна проста. Як і з догляду за сабой — толькі прабежка. Кайф ад бегу, ад марафону, які я злавіла, зацягнуў. Той, хто паспрабаваў, ведае, што цяжка спыніцца. Перыяд адаптацыі ў мяне, дарэчы, быў доўгі. Я пачынала з 300—500 метраў, на якія не хапала дыхання. А зараз я забываю нават, колькі прабегла. Што датычыцца так званых уколаў прыгажосці, магу зрабіць іх раз у паўгода-год для жыўлення скуры, і ніякага ботаксу. У мяне ёсць касметолаг, якая бачыць мяне ад сілы два-тры разы на год. Ніякіх спецыфічных мерапрыемстваў няма. Маё хобі — скульптура — манікюру не прадугледжвае. Валасы больш не нарошчваю.
— Такое складанае хобі, дарэчы, вымагае шмат часу. Да ўдзелу ў конкурсе ў Лондане доўга рыхтаваліся?
— Я мала сплю і шмат працую. Змена актыўнасці вельмі дапамагае аднаўляцца. На ўдзел у «Арт-рэзідэнцыі», дарэчы, падала заяўку ў апошні дзень. Трэба было прадставіць свае работы і выставы, аўтабіяграфію, а таксама візуалізаваць праект, які я магла б увасобіць для Лондана. Я са сваіх скульптур нешта выбрала, напрыдумвала, візуалізавала ў графічным рэдактары — усё вельмі хутка. Адаслала і забыла. Не чакала, што нават у 50-ку траплю. А атрымалася, што ў дзясятку найлепшых. Вось цяпер вядзём перамовы аб спецыяльным артыкуле ў іх каталогу і навучанні ў Лондане, у Цэнтральным каледжы мастацтва і дызайну імя Святога Марціна, я марыла там павучыцца. Калі твае работы ацэньваюць прафесіяналы, гэта дае вялікі штуршок. Я адразу ж пабегла дакупляць новыя матэрыялы, каб рабіць нешта далей.
— У вас ёсць свая майстэрня?
— Так, але пакуль яна знаходзіцца на дачы. Матэрыялы, з якімі даводзіцца працаваць, складаныя: ёсць і небяспечныя, і таксічныя. Але цешу сябе надзеяй, што ў горадзе ў мяне таксама з'явіцца майстэрня.
— Скульптуру вы, здаецца, нідзе спецыяльна не вывучалі...
— І дзесьці нават рада гэтаму, хоць павучыцца ў той жа Акадэміі мастацтваў хацела б. Затое ў мяне няма страху перад нейкімі новымі матэрыяламі. Я магу купіць эпаксідны клей і ляпіць з яго. Спрабую ўсё, што можна.
— У які момант вы зразумелі, што работы дастойныя таго, каб выстаўляць?
— Я з самага пачатку вырашыла іх выстаўляць, і тады ў мяне не было боязі, што яны недастойныя. А цяпер, наадварот, з'явіўся страх, што работы не такія, як трэба. І я выстаўляюся ўсё меней. І ўсяляк з сабой змагаюся. Таму такія рэчы, як конкурс у Лондане, дапамагаюць ісці далей. Я вельмі няўпэўнены ў гэтых адносінах чалавек. Мяне раскрытыкаваць вельмі лёгка. Таму стараюся ніколі не чытаць каментарыі ў інтэрнэце, бо буду перажываць. З іншага боку, ніхто і дзясятай долі таго, што я сама пра сябе думаю, не напіша. Навучанне ў Лондане — гэта і магчымасць выхаду на еўрапейскі рынак. Скульптура складаная ў плане перавозкі. Калі адсылаеш работы, і Еўропа, і Амерыка зацікаўленыя, а вось з лагістыкай усё вельмі складана.
— Вы прадаяце вашы работы?
— Лялькі, з якіх пачыналася маё захапленне скульптурай, я прадавала ў Беларусі, і даволі паспяхова. Але я не вельмі люблю працаваць на заказ. Хоць з усімі, каго я ляпіла, я пражывала жыццё. Гэта ж месяц-два работы над тварам, над фотаздымкамі. І поўнае пагружэнне ў жыццё іншага чалавека. Гэта было цікава і прыносіла даход. Але я ўсё ж хачу рабіць штосьці менш класічнае, распаўсюджанае. І разумею, што дома ў нас не кожны паставіць тое, што мне сніцца. Еўропа ў гэтым плане мае больш шырокія погляды.
— Якія яшчэ перамогі былі ў вашым жыцці апошнім часам?
— Мая 10-гадовая дачка Ізабела паступіла ў гімназію-каледж мастацтваў. Прычым сёлета быў самы высокі конкурс. Яна яго вытрымала і будзе вучыцца ў тым творчым асяроддзі, у якім я заўсёды імкнулася аказацца. Выдатная школа, дзе ўрокі матэматыкі і рускай мовы разбаўленыя ўрокамі малюнка, кампазіцыі... Мой дзядуля маляваў, прыемна, што гэта традыцыя ў нашай сям'і застаецца.
— Ведаю, што вы вельмі шмат робіце для ўсебаковага развіцця дачкі...
— Акрамя заняткаў малюнкам, яна наведвае тэатральны гурток, займаецца танцамі, але гэта тое, што яна сама выбрала, абавязалаўкі з майго боку няма. Прынцыповай задачай было заахвоціць яе чытаннем. Тут прыйшлося зламаць свае стэрэатыпы. Я ж хацела, каб яна чытала тое, што мне цікава. Потым вырашыла: няхай чытае хоць бы і абгорткі ад цукерак. І яна сама стала выбіраць кнігі. І тады справа пайшла прасцей.
— Любіце кіраваць аўтамабілем?
— Машына застаецца для мяне тым месцам, дзе я магу падумаць, адпачыць, папіць кавы, дзе знаходзяцца ўсе патрэбныя мне рэчы, туфлі і адзенне, каб пераапрануцца. Люблю ўключыць гучна музыку і накруціць пару лішніх кругоў па тых мясцінах, якія падабаюцца, каб разгрузіцца ад думак пасля працы. Марка аўтамабіля, узровень яе камфорту не маюць для мяне абсалютна ніякага значэння. Я ў быце абсалютна непатрабавальны чалавек — жыву ў кватэры ў звычайным панэльным доме. Калі ў чалавека шмат часу, магчыма, яму патрэбныя SPA-салоны, асаблівыя хатнія ўмовы. У маім выпадку я прыходжу дадому, каб пераначаваць. Нават у выхадныя дома мы з Ізабелай не сядзім.
— Як іх праводзіце?
— Едзем на дачу, дзе я працую, а дачка малюе. У яе там ёсць ровар і ўсё неабходнае для нармальнага дачнага жыцця. У горадзе ходзім і ў кіно, на выставы, абедаем звычайна не дома. Вельмі любім падарожнічаць — раптам набыць білеты і куды-небудзь з'ехаць. У мяне вялізны турысцкі рукзак на 65 літраў, які мы загружаем і качуем, не прывязваючыся да аднаго месца ці гатэля. Звычайна як выйшлі з раніцы — той музей, іншы — так да вечара і гуляем. Выбіраем гасцініцу, каб яна была або з цікавым дызайнам, або ў цікавым месцы. Вось нядаўна былі ў Францыі, выбралі гатэльчык, бо прачыталі, што прасіць ежу праз акно ў нас будуць канадскія гусі, якія там жывуць.
Алена КРАВЕЦ
Пераднавагоднія тыдні — гарачая пара для прадпрыемстваў гандлю і грамадскага харчавання.
Адзін з найлепшых участковых Магілёва — пра шлях да мары і прафесійныя будні.
Цяльцы будуць у цэнтры падзей з самага пачатку тыдня.
Галоўная мэта дзяржавы сёння — інтэграваць чалавека з інваліднасцю ў грамадства.