Вы тут

Што могуць рэгіёны?


Савет Рэспублікі працягвае выязныя пасяджэнні ў абласцях. Парламентарыі наведалі Гродзеншчыну

Чарговае пасяджэнне па ўзаемадзеянні органаў мясцовага самакіравання пры Савеце Рэспублікі на чале з кіраўніком верхняй палаты парламента Міхаілам Мясніковічам прайшло ў Ашмянскім і Астравецкім раёнах. Былі абмеркаваны шляхі фарміравання эфектыўнай рэгіянальнай палітыкі, якая служыць фактарам устойлівага эканамічнага росту.

У семінары прынялі ўдзел старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні Аляксандр Папкоў, старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Краўцоў, прадстаўнікі міністэрстваў эканомікі, фінансаў, працы і сацыяльнай абароны, сельскай гаспадаркі, кіраўнікі гарадскіх і раённых Саветаў дэпутатаў Гродзенскай і Брэсцкай абласцей.


Ператварыць планы ў рэальнасць

Мэта семінара — звярнуць увагу новых кіраўнікоў гарадскіх і раённых Саветаў на ўдасканальванне рэгіянальнай палітыкі. Гэта звязана з амбіцыйнымі планамі, якія кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка агучыў у Пасланні беларускаму народу і парламенту. У першую чаргу неабходна да канца наступнай пяцігодкі ўдвоіць рэгіянальны валавы прадукт, забяспечыць да 2025 года валавы ўнутраны прадукт у аб'ёме 100 млрд долараў і дасягнуць узроўню жыцця вышэйшага за сярэдні, бо пакуль гэты паказчык у параўнанні з развітымі краінамі застаецца нізкім. За восем гадоў зрабіць такі рывок вельмі складана, падкрэсліў падчас семінара старшыня Савета Рэспублікі Міхаіл МЯСНІКОВІЧ. Значная роля ў гэтым адводзіцца мясцовым органам самакіравання, у першую чаргу Саветам дэпутатаў. Сёлета сфарміраваны новы дэпутацкі корпус, у гарадскія і раённыя Саветы прыйшло нямала новых кіраўнікоў. Яны павінны працаваць над тым, каб знайсці такія падыходы, якія будуць спрыяць устойліваму развіццю рэгіёнаў і фарміраванню новых пунктаў росту. Таксама вельмі важна спрагназаваць работу з улікам канкурэнтных пераваг кожнай вобласці і кожнага раёна.

З гэтай мэтай і праводзіць Савет Рэспублікі выязныя пасяджэнні ў розных рэгіёнах. Вучоба дэпутацкага корпуса ўжо адбылася ў Магілёўскай і Гомельскай абласцях. А ў канцы мінулага тыдня Савет па ўзаемадзеянні органаў мясцовага самакіравання пры Савеце Рэспублікі Нацыянальнага сходу правёў чарговае пасяджэнне на Гродзеншчыне. У ім, разам з гродзенцамі, прынялі ўдзел старшыні гарадскіх і раённых Саветаў дэпутатаў Брэсцкай вобласці. Удзельнікі семінара наведалі Ашмянскі і Астравецкі раёны. Завяршыць вучобу дэпутатаў па дадзенай тэматыцы плануецца ў ліпені ў Барысаве, дзе будзе ўдзельнічаць актыў Міншчыны і Віцебшчыны.

Ашмяны — арыентацыя на экспарт

Адзін з самых паўночных раёнаў Гродзеншчыны — Ашмянскі — традыцыйна скіраваны на развіццё прамысловасці, зазначыў старшыня райвыканкама Міраслаў САРАСЕК. Найбольш буйныя прадпрыемствы — сыраробчы завод і мясакамбінат. Абодва маюць высокі экспартны патэнцыял. Напрыклад, у «Сырнага раю» доля паставак за мяжу складае 90 %, што дае магчымасць мець рэнтабельнасць, вышэйшую за 20 %. Аб'ём паставак летась склаў каля 30 млн долараў. Два гады таму тут правялі апошнюю мадэрнізацыю з устаноўкай іспанскай лініі па выпуску паўцвёрдых сыроў малой вагі. У планах — будаўніцтва камеры паспявання сыру і рэканструкцыя цэха сепарыравання сыроваткі. Гэтыя перспектывы сведчаць аб тым, што ў прадпрыемства ёсць рэзерв, каб працаваць больш эфектыўна.

Новых партнёраў шукае Ашмянскі мясакамбінат. Зараз асноўная доля экспарту ідзе ў Расійскую Федэрацыю, але вядуцца перамовы аб пастаўках паўфабрыкатаў у Грузію, Азербайджан і Казахстан. Гатовая прадукцыя добра разыходзіцца на ўнутраным рынку, што дазваляе прадпрыемству працаваць з прыбыткам і развівацца.

Удзельнікі семінара пакаштавалі беларускую каву. Натуральны прадукт ААТ «Белкава» закупляе ў Бразіліі і тут даводзіць да патрэбнай кандыцыі. Па словах старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Аляксандра ПАПКОВА, прадпрыемства мае ўсе шанцы павялічыць аб'ёмы і да 2025 года ўтроіць вытворчасць. Ніш для гэтага хапае, трэба толькі ўмець іх заняць.

Зацікавіла ўдзельнікаў семінара сумеснае прадпрыемства «БелЛатГран», дзе робяць шпакоўні для розных відаў птушак. Незвычайны тавар, аказваецца, вельмі добра разыходзіцца за мяжой: заказы паступаюць з 60 краін свету. Кошт птушыных хатак вагаецца ад 5 да 50 еўра. Самы буйны партнёр — Галандыя, туды ўжо адпраўлена шпакоўняў на 176 тысяч еўра.

Новы брэнд Ашмяншчыны — турызм. Прычым тут яго развіваюць па кластэрным прынцыпе. Садзейнічае гэтаму шэраг мясцовых ініцыятыў, якія фінансуе Еўрапейскі саюз. У іх ліку — стварэнне музея «Дуга Струвэ», геадэзічныя аб'екты якога занесены ў спіс ЮНЕСКА. У кластар уваходзяць аграсядзіба «У Яніны», праект Аляксандра Варыкіша па стварэнні 3D-макетаў «Краіна замкаў», сакральны валун «Нявесцін камень», унікальнае рамяство — льняныя конікі, якіх выраблялі толькі ў гэтых мясцінах.

Турыстычны патэнцыял можа стаць важнай часткай устойлівага развіцця не толькі Ашмянскага, але і іншых раёнаў, заўважыў падчас прэзентацыі Міхаіл Мясніковіч. Была выказана прапанова, каб Саветы дэпутатаў узялі гэту сферу пад сваю апеку і прымалі актыўны ўдзел у стварэнні новых кластараў, шукалі цікавыя падыходы для рэалізацыі брэндавых мерапрыемстваў.

— Кластары не патрабуюць вялікіх грошаў, але з іх з'яўленнем турыстычная прывабнасць раёна значна ўзрастае. Яны здольныя зрабіць значны ўнёсак у рэгіянальную палітыку, — адзначыў старшыня верхняй палаты парламента. Рэзервы ёсць і ў экспарце турыстычных паслуг.

Працоўная матрыца

На думку Міхаіла Мясніковіча, на гэтым этапе няма неабходнасці прымаць рашэнні, каб павысіць аўтарытэт і ролю мясцовых Саветаў. У іх ёсць асноўны інструмент — яны зацвярджаюць бюджэт. Але трэба зрабіць мясцовыя бюджэты больш самастойнымі. Прычым гаворка ідзе не аб дадатковых падатках, а пра тыя механізмы, якія дазволяць зацікавіць рэгіёны больш зарабляць самім. На сённяшні дзень усе раёны Брэсцкай і Гродзенскай абласцей (акрамя Гродзенскага раёна) з'яўляюцца датацыйнымі. Пры гэтым пасіўнасць на месцах абумоўлена існуючымі нормамі датацый — яны змяншаюцца, калі раён самастойна зарабляе дадатковыя сродкі. Таму неабходна «ўключыць» матывацыйныя механізмы, каб рэгіёну было выгадна зарабляць самому.

Адным з такіх механізмаў з'яўляецца стварэнне новых рабочых месцаў. Прычым не проста новых, а больш эфектыўных. Падчас семінара падрабязна абмеркавалі і праблему працаўладкавання ў рамках рэалізацыі Дэкрэта № 1. Яго вынікам павінен стаць прырост занятых у эканоміцы.

Як расказаў першы намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Беларусі Андрэй ЛАБОВІЧ, у аснову рэдакцыі дэкрэта лёг вопыт работы камісій, якія былі ўтвораны ў мінулым годзе. У электронным варыянце распрацавана матрыца работы з базай даных працаздольных грамадзян, якія не заняты ў эканоміцы ў рэгіёнах. У праграме падрабязна распісана, як павінен фарміравацца спіс беспрацоўных, па якіх паслугах і хто канкрэтна будзе кампенсаваць затраты ЖКГ. Методыка праходзіць апрабаванне на месцах. На дадзеным этапе ідзе працэс аднаўлення камісій.

На пасяджэнні падрабязна абмеркавалі, як лепш арганізаваць іх работу. Па словах старшыні Ашмянскага райсавета Мікалая Квяткевіча, у раёне створана камісія ў складзе 17 чалавек. Мяркуецца прыцягнуць да яе работы прадстаўніка аддзела грамадзянства і міграцыі, што важна для прыгранічнага рэгіёна. Да 1 ліпеня камісія павінна распрацаваць пералік складаных жыццёвых сітуацый, скласці базу беспрацоўных, правесці работу з асацыяльнымі катэгорыямі грамадзян. Напрыклад, у Ашмянскім раёне такіх 180 чалавек.

Каб пазбегнуць у далейшым напружаных сітуацый, варта выпрацаваць свае, мясцовыя падыходы, звярнуць увагу на сем'і з дзецьмі, падкрэсліў Міхаіл Мясніковіч. Матрыцу, якая прапанавана Мінскам, трэба напоўніць сваёй канкрэтнай базай, персаніфікаваць кожнага, хто туды трапляе. З імі ў далейшым прыйдзецца даволі грунтоўна папрацаваць, бо гэта сітуацыя можа пацягнуць за сабой канфлікт інтарэсаў. Яго трэба прадухіліць, Міхаіл Мясніковіч рэкамендаваў, каб камісіі па працаўладкаванні ўзначалілі кіраўнікі адпаведных мясцовых Саветаў. Што датычыцца базы даных, яна ёсць у кожным раёне і члены камісіі павінны ведаць, хто прэтэндуе на падтрымку з бюджэту, а хто не.

Пакуль рынак працы спрыяе беспрацоўным. Так, у Гродзенскай вобласці на аднаго саіскальніка — 3,3 вакансіі. Усяго па рэгіёне — 11 тысяч свабодных рабочых месцаў, на Брэстчыне — 8 тысяч. Але ўзровень аплаты не спрыяе аптымізму. Зарплата па большасці прапанаваных вакансій не дасягае 500 рублёў.

Яшчэ адна праблема — дысбаланс попыту і прапановы. Прадпрыемствам не патрэбны тыя спецыялісты, якіх прапануе служба занятасці. На месцах гэта трэба ўлічваць і больш займацца перанавучаннем пад канкрэтнае месца працы. Андрэй Лабовіч паведаміў, што па заяўках наймальнікаў перавучана палова беспрацоўных. Гэта прыклад таго, як эфектыўна выкарыстоўваць бюджэтныя сродкі.

Што датычыцца стварэння новых працоўных месцаў, то ў цэлым па краіне гэта заданне выканана, за выключэннем Брэсцкай вобласці. Разам з тым у кожнай вобласці ёсць раёны, якія з гэтай задачай не справіліся. Іх па краіне 54. Гэта 40 % ад усёй колькасці, што яшчэ раз свечыць аб тым, як працаўладкаванне можа спрыяць эканамічнаму развіццю рэгіёна.

— У Савеце Рэспублікі створана прафесійная рабочая група, якая займаецца распрацоўкай прапаноў па адміністрацыйна-тэратарыяльных пытаннях і рэгіянальнай палітыцы. У найбліжэйшы год плануем падрыхтаваць грунтоўны даклад з прапановамі па ўдасканаленні рэгіянальнай палітыкі, — зазначыў Міхаіл Мясніковіч.

У дакладзе будзе скарыстаны матэрыял, атрыманы падчас выязных пасяджэнняў у рэгіёны, у тым ліку як станоўчы вопыт, так і вузкія месцы ў рабоце абласцей.

Маргарыта УШКЕВІЧ
Фота Сяргея НІКАНОВІЧА

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.