Вы тут

Што трэба ўлічыць пры выбары сартоў вінаграду?


Перш чым заняцца вінаградарствам, трэба вызначыць, як вы будзеце выкарыстоўваць ягады — для ўжывання ў свежым выглядзе, для перапрацоўкі на сокі, віно і іншыя напоі ці для сушкі і доўгага захоўвання. Пры жаданні можна забяспечыць сваю сям'ю свежым вінаградам на працягу паўгоддзя. Так, калі яго вырошчваць у цяпліцы, першы ўраджай можна атрымаць у ліпені, а сярод больш позніх сартоў ёсць такія, якія могуць захоўвацца да Новага года.


Сакрэт поспеху ў вінаградарстве — выбар сорту, упэўнены Уладзімір Усцінаў, навуковы супрацоўнік аддзела селекцыі пладовых культур Інстытута пладаводства.

— Галоўнае, з чаго трэба пачаць, — гаворыць ён, — набыць пэўныя веды, пачытаць інфармацыю ў прэсе, інтэрнэце, паглядзець відэаролікі. Вінаград, як ніякая іншая культура, патрабуе чалавечай увагі, і самая вялікая памылка — пасадзіць яго і забыць. Так вы ўраджаю не атрымаеце. Таксама трэба разлічыць свае фінансавыя і фізічныя магчымасці. Колькі вы гатовы пасадзіць кустоў, каб даглядаць іх? Ці гатовыя ўкрываць вінаград на зіму (большасць сартоў гэтага патрабуе)? Калі вы хочаце атрымаць ягады «як у супермаркеце», неабходна пабудаваць плёначную цяпліцу, бо такім сартам патрабуецца больш цяпла і ў іх больш працяглы вегетацыйны перыяд. Пачаткоўцам можна параіць у першую чаргу набываць сарты, правераныя часам, надзейныя. Не трэба гнацца за навінкамі — гэта для тых, хто ўжо «хварэе» вінаградарствам. За эксклюзіў такія аматары выкладаюць вялікія грошы, здаралася, што за саджанец прасілі 100 долараў. Але невядома, як новы сорт будзе адчуваць сябе ў нашых умовах, ці будзе станоўчы вынік. Калі ж навінка добра сябе зарэкамендуе, яна пачне распаўсюджвацца і, адпаведна, цэннік упадзе ў разы.

— Якія сарты вы параілі б пачаткоўцам?

— З выбарам пытання не стаіць. У дзяржрэестры на сёння — 16 сартоў, у калекцыі інстытута — больш за 500, а па краіне — больш за 800. З раянаваных папулярныя Агат данскі, Крышталь, Маршал, Супага. Многія любяць сорт Алёшачкаў — ён ураджайны, з салодкімі ягадамі, моцнай гронкай, але яму патрэбны своечасовыя прафілактычныя апрацоўкі. Гэта добры «сігналізатар» — на ім першым праяўляюцца прыкметы хваробы, і гэта азначае, што трэба нешта рабіць з усім вінаграднікам.

— Задаючы пытанні прадаўцу, ці можна зразумець, спецыяліст перад табой ці перакупшчык?

— Вінаград трэба набываць у месцах правераных: гэта могуць быць інстытут ці гадавальнікі, якія маюць дакументацыю і добра сябе зарэкамендавалі, члены вінаградарскага клуба. На выстаўках з дэгустацыяй можна прыгледзець сорт, запісаць, у якога чалавека ён быў, узяць інфармацыю для сувязі, пацікавіцца, якія яшчэ сарты ён вырошчвае.

Добры прадавец дапаможа падабраць тое, што вам трэба. Існуе вялікая колькасць падобных сартоў, якія маюць адных «бацькоў», таму можна знайсці аналагі.

Адны і тыя ж сарты могуць мець некалькі назваў. Самы вядомы прыклад — Кодранка. Гэта малдаўскі сорт, але патэнт на яго выкупілі італьянцы, і ў іх ён распаўсюджваецца пад іншай назвай. І калі Кодранку можна купіць па адным кошце, то гэты ж сорт пад назвай Блэк мэджык прадаецца ў два-тры разы даражэй. Пра сорт Адэскі сувенір бачыў у друку інфармацыю, што ён вельмі ранні, з зімастойкасцю да мінус 30. Насамрэч гэты сорт у нашых умовах падыходзіць для вырошчвання ў цяпліцах, на вуліцы ён будзе сярэдняпознім, і зімастойкасць яго — мінус 18—20. У сталовых сартоў, комплекснаўстойлівых гібрыдаў, зімастойкасць на ўзроўні да мінус 25. Калі яна вышэйшая — звычайна гэта сарты ўніверсальнага ці тэхнічнага прызначэння, а яны не такія смачныя.

Можа і такое быць, што пад адной назвай прадаюцца розныя сарты. Падобных нюансаў многа, каб набыць менавіта вам патрэбны варыянт, высвятляйце, хто селекцыянер, адкуль пэўны сорт.

— Што трэба ўлічыць пры пасадцы вінаграду?

— Мінімальныя памеры пасадачнай ямы 60/60/60. Канешне, можна павялічыць глыбіню і да 80 сантыметраў. У пасадачную яму трэба пакласці дадатковае харчаванне: кампост, арганічнае ўгнаенне, якое б на працягу некалькіх гадоў раскладалася. Ні ў якім разе нельга выкарыстоўваць свежую арганіку — гэта можа прывесці да апёку і гібелі раслін. Вінаград любіць рыхлую зямлю, паветра, ваду, цеплапранікальную глебу. Калі ж гэта цяжкія суглінкі — натуральна, з зямлёй трэба папрацаваць: падрыхтаваць дрэнаж — на дно ямы высыпаць той жа рачны пясок, керамзіт, шчэбень. Каб зрабіць зямлю больш рыхлай, у саму глебу можна дадаць гравій і рачны пясок.

Вінаград з адкрытай каранёвай сістэмай саджаюць у красавіку — сярэдзіне мая, з закрытай — з сярэдзіны мая да канца верасня. Калі вы набываеце саджанцы ў гаршэчках ранняй вясной, не спяшайцеся з пасадкай, каб не загубіць і не прымарозіць расліны. Лепш іх патрымаць у цяпліцы, на балконе ці на падаконніку да таго часу, як міне пагроза позніх замаразкаў.

Для пасадкі выбірайце сонечныя, абароненыя ад ветру месцы. Можна размяшчаць расліны каля сцен будынкаў, асабліва на паўднёвым баку. Тут на пару градусаў цяплей і сума актыўных тэмператур вышэйшая, адпаведна, вінаград раней выспявае.

Вінаград нельга садзіць надта глыбока, як гэта робяць у паўднёвых краінах. Рост у яго пачынаецца пры сярэднясутачнай тэмпературы плюс 10. Калі ж пасадзіць глыбока (там холадна), горш будзе працаваць каранёвая сістэма, расліна пазней пачне вегетацыю.

У зімні перыяд, каб падстрахавацца, лепш каранёвую сістэму ўцяпліць, нават калі гэта сарты не ўкрыўныя, — злёгку замульчыраваць.

І яшчэ трэба ведаць, што паліў мы робім рэдкі, але спорны і цёплай, нагрэтай на сонцы вадой. Па меры росту трэба рабіць пэўныя зялёныя аперацыі, падвязку. Не трэба забываць, што вінаград — ліяна і без апоры расці не будзе. Не прынцыпова, металічная яна ці драўляная, выкарыстоўваем тое, што маем у наяўнасці (слупы, дрот) ці можам набыць. Зразумела, калі вы хочаце пусціць вінаград на арку ці альтанку, трэба ўлічваць, што тут не пасадзіш сорт, у якога зімастойкасць мінус 18. Альбо, калі вы на гэта падпісваецеся, вам штогод трэба здымаць лазу з аркі, укрываць на зіму, а ў вясенні перыяд зноў прывязваць. Да таго як вінаград пачне пладаносіць, апора ў вас ужо павінна быць. Без яе цяжка фармаваць расліну. Наогул пра розныя віды шпалер і фармовак можна рабіць асобны матэрыял.

— Ад чаго трэба абараняць вінаград найперш?

— Асноўныя захворванні — несапраўдная мучністая раса і сапраўдная мучністая раса. На пладах бывае гніль, часцей за ўсё шэрая. У дажджлівае надвор'е, калі яно прыпадае на час выспявання, на асобных сартах, асабліва са шчыльна размешчанымі ягадамі, шэрая гніль можа «з'есці» гронкі за некалькі дзён. У якасці прафілактыкі можна рабіць навес — абарону ад дажджу. І не забываемся на апрацоўкі: па восені, каб споры грыбоў часткова знішчыць, апырскаць лазу і глебу жалезным купарвасам, вясной, у красавіку, да распускання — апрацаваць трохпрацэнтным растворам меднага купарвасу.

— Як вырасціць салодкі вінаград?

— Кожны сорт можа набраць пэўную цукровасць. Гэта залежыць ад надвор'я: у цёплае лета вінаград вырастае больш салодкі. Мы рэгулюем гэта і абрэзкай. Пры перагрузцы кустоў, натуральна, зацягваюцца тэрміны выспявання, вінаград атрымліваецца кіслы. Падкормкі мікраэлементамі, арганікай (асабліва гэта добра для сталовых сартоў), забеспячэнне паліву — усё гэта паляпшае ўраджай.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Загаловак у газеце: Двайнікі і цёзкі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».