Вы тут

На якія турыстычныя паслугі і ўмовы ў Беларусі разлічваюць падарожнікі


Лета — пара вандраванняў і адпачынку, а яшчэ — клопатаў, куды адправіцца і чаму аддаць перавагу. Наведаць гістарычныя славутасці ці паляжаць на беразе, падмацаваць здароўе ці адарвацца па поўнай, каштуючы незвычайныя напоі ды ежу, трапіць у маляўнічую прыродную цішыню ці кінуцца ў насычаныя святочныя праграмы?.. А можа, нейкім чынам спалучыць прыемнае з карысным? Пра тое, хто і па што прыязджае ў нашу краіну і як у Беларусі можна адпачыць, «Звязда» распытала аднаго з турыстычных аператараў.


Паветраны шар і журавіны з-пад снегу

Выбіраючы месца для адпачынку, падарожнік зыходзіць са сваіх патрэб і, як правіла, выбірае нейкі дакладны кірунак: медыцынскі, пазнавальны, гастранамічны, экалагічны, паляўнічы, прамысловы... Хоць часта турысты сумяшчаюць розныя.

— Калі мэта чалавека — санаторна-аздараўленчы турызм і ён хоча паправіць здароўе, то наўрад ці будзе адначасова заказваць сабе экскурсіі і забавы, — расказала Марына ГНЕДАЯ, дырэктар прадпрыемства «Аўтаматызаваныя тэхналогіі турызму». — Калі ж падарожнік едзе паглядзець краіну, можна спалучыць некалькі кірункаў. Прапанаваць яму пазнаёміцца з нашымі сядзібамі і даведацца пра этнічныя традыцыі, пакаштаваць нашу кухню, наведаць беларускія славутасці.

Найбольш неверагодныя прапановы аператара можна сустрэць у індывідуальных і карпаратыўных турах. Усе пажаданні людзей стараюцца выканаць. Паляцець на паветраным шары ці пакатацца на цеплаходзе — калі ласка. Паход у закуліссе цырка ці на піўны завод — без праблем. Убачыць, як збіраюць БелАЗы ці ткуць слуцкія паясы, — няма пытанняў.

Вось, напрыклад, адзін з дзівосных і крыху экстрэмальных вясновых тураў — экалагічны тур па назіранні за цецеруковым такаваннем у Бярэзінскім біясферным запаведніку. Гэта двух- або трохдзённыя падарожжы, калі турысты ідуць ноччу праз балота з правадніком і пасля чакаюць у засідцы, пакуль прыляцяць птушкі. Раней сюды маглі трапіць толькі арнітолагі. Зараз — усе ахвотныя. Дадаткова можна пакаштаваць журавіны, якія перазімавалі пад снегам.

Даследаваць свае дзівосы

Трэць турыстаў, якія падарожнічаюць па Беларусі, — мясцовыя жыхары, каля 5 % — вандроўнікі з Польшчы, Прыбалтыкі, Украіны, астатнія — амаль усе чыста расіяне, прыводзіць статыстыку тураператар.

Такую колькасць турыстаў-расіян можна растлумачыць цэлым шэрагам прычын. Гэта адсутнасць візавага бар'ера і неабходнасці рабіць дадатковыя дакументы, наяўнасць той жа мовы, якой яны карыстаюцца на радзіме, прывабны кошт паслуг. Акрамя таго, яны проста сапраўды ўспрымаюць беларусаў як сваіх братоў і любяць наведваць краіну, дзе ім усё знаёма, лічыць Марына Гнедая.

Колькасць айчынных турыстаў значна павялічылася пасля 2014 года, калі беларусам стала складаней выехаць на адпачынак у звыклы Крым.

— Людзі засталіся ў краіне, звярнулі ўвагу на нашы санаторыі, і многія нечакана ўразіліся, што такія ўстановы — не толькі месцы для старых, а і паўнавартасныя сучасныя комплексы, — адзначыла спецыяліст. — Высветлілася, што беларусам падабаецца вывучаць сваю радзіму, падарожнічаць па ёй і сутыкацца з дзівосамі, якія, як ім здавалася, можна было пабачыць толькі за межамі краіны, а яны аказаліся тут, пад бокам.

Варта толькі пачаць вандраваць па радзіме, і ўжо цяжка будзе спыніць сваё даследаванне. Напрыклад, адчуванні ад неверагоднага падарожжа на 600 метраў углыб зямлі, каб падыхаць гаючым паветрам ва ўнікальнай спелеалячэбніцы ў Салігорску, думаецца, будуць помніцца доўга. Трапіць у падобную пячору з соллю, якая засталася пасля распрацоўкі шахты, турысты не могуць бадай нідзе ў свеце.

Беларусь за пяць дзён і «Мінск вячэрні»

Замежныя турысты, якія прыязджаюць у Беларусь, арыентуюцца перш за ўсё на славутасці, што ўнесены ў спіс ЮНЕСКА: Мірскі і Нясвіжскі замкі, Белавежская пушча. Абавязкова адпраўляюцца ў аглядныя экскурсіі па сталіцы.

— «Мінск аглядны» і «Мінск вячэрні» — папулярныя экскурсіі не толькі ў іншаземцаў, але і ў нашых людзей, — заўважыла Марына Гнедая. — Некаторыя хоць і жывуць у Мінску, не ведаюць многіх момантаў і адкрываюць для сябе шмат новага.

Падчас такіх падарожжаў, дарэчы, выкарыстоўваюць радыёгіды — спецыяльныя прылады, якія выдаюць кожнаму турысту. Дзякуючы прыбору можна не напружваць слых і не імкнуцца стаяць бліжэй да экскурсавода ў шумных месцах, а крыху адысціся ўбок, не губляючы сувязі. Да таго ж гэта вельмі зручна, калі ў адным аўтобусе едуць разам англа- і рускамоўныя турысты.

Спецыяльна для падарожнікаў з Еўрапейскага саюза аператар распрацоўвае новыя туры. Цікавая прапанова — уся Беларусь за пяць дзён. Гэтая паездка створана для грамадзян, якія прылятаюць у аэрапорт па бязвізавым рэжыме. Іх сустракаюць, што называецца, адразу ад самалёта і на працягу пяці дзён арганізуюць экскурсію нон-стоп па найбольш цікавых славутасцях краіны.

— Летась мы распрацавалі туры спецыяльна для тых, хто наведвае зоны вакол Брэста і Гродна. Тут падарожнікі без візы могуць знаходзіцца, не выязджаючы за пэўныя межы, да дзесяці дзён. Да экскурсій могуць далучыцца тыя, хто адпачывае ў мясцовых санаторыях. Мы арганізуем для іх двухдзённыя туры, каб паказаць Брэст і Брэсцкую крэпасць, Белавежскую пушчу, Аўгустоўскі канал, — дадала дырэктар.

Што выдатнага і цікавага можна сустрэць у паездках па абсягах Беларусі, чым здзіўляюць турыстаў у айчынных санаторыях, прыватных сядзібах і прыродных запаведніках? Каб зразумець гэта і праўдзіва расказаць чытачам, трэба пабачыць усё на ўласныя вочы і адчуць на ўласнай скуры. З такімі спадзяваннямі мы распачалі на старонках «Звязды» новую рубрыку «Вандроўкі з сяброўкай», дзе будзем расказваць пра маляўнічыя куточкі нашай краіны і арыгінальныя турыстычныя паслугі, каб ваша падарожжа не проста сталася ўдалым і незабыўным, а напоўнілася прыемнымі сюрпрызамі і жаданнем даследаваць сваю краіну.

Ірына СІДАРОК

Загаловак у газеце: Начное балота і пячора з соллю

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».