Вы тут

Беларускія фільмы ўвайшлі ў конкурсы міжнародных кінафестываляў


Парадак дня іх прынёс нашай кінасферы адразу дзве прыемныя навіны. Ігравыя поўнаметражныя карціны «Хрусталь» Дар'і Жук і «Заўтра» Юліі Шатун павінны паўдзельнічаюць у конкурсах Міжнароднага кінафестывалю ў Карлавых Варах і Міжнароднага кінафестывалю ў Марселі адпаведна. Адметна, што навіны гэтыя носяць для Беларусі крыху экзатычны характар і што абодва фільмы не маюць дачынення да дзяржаўнага фінансавання. Таму іх удзел у фестывальных конкурсах нейкім чынам сігналізуе, за якім кіно — будучыня беларускага кінематографа і што будучыня гэтая шматабяцальная.


«Заўтра» Юліі Шатун.

Фільм Юліі Шатун «Заўтра» на мінулым мінскім кінафестывалі «Лістапад» стаў галоўнай беларускай сенсацыяй. Па-першае, ён быў адабраны ў конкурс «Маладосць на маршы», чаго з айчыннымі фільмамі дагэтуль не здаралася, а па-другое, паказаў сапраўды выдатны прыклад безбюджэтнай, але прадуманай, кінематаграфічнай, асэнсаванай карціны. Шмат спрэчак выклікала перамога фільма Юліі Шатун у Нацыянальным конкурсе і хваля пашаны ў яго бок. Пакуль адны бачылі на экране дарэчны мастацкі вобраз рэчаіснасці правінцыйнага беларускага горада, нехта не мог змірыцца з яго тэхнічнай «простасцю» і безбюджэтнасцю. Адасобленасць «Заўтра» ад вялікай кінаіндустрыі сапраўды стала для некага каменем спатыкнення, фільм нават удастоіўся намёку ў тым ліку на сябе ў спічы міністра культуры.

Тым не менш карціна Юліі Шатун аказалася ў спісе найлепшага, што наша кінасфера прапанавала за апошнія гады. Яна паказала пралічаны вобраз маленькага беларускага горада, дзе жывуць звычайныя муж з жонкай, сын якіх вучыцца ў Мінску. Былы выкладчык англійскай мовы раскідвае лістоўкі па паштовых скрынях, вячэрае рэдзенькім супам, дорыць жонцы на свята шпалеры, бярэ куртку для сына ў растэрміноўку, падчас візіту ў Мінск эканоміць на метро. Вельмі халодны ў пераносным сэнсе фільм паказвае, як звычайная сям'я інтэлігентаў мусіць канцэнтравацца на бытавых пытаннях, страчвае камунікацыю паміж сабой і па сутнасці, канешне, не жыве, а выжывае.

У Марселі «Заўтра», дарэчы, у пашыранай версіі, паўдзельнічае адразу ў трох конкурсах — Міжнародным, Конкурсе дэбютных фільмаў і Конкурсе асацыяцыі французскіх кінатэатраў GNСR.

Пра «Хрусталь» мы пакуль ведаем мала, бо на вялікім экране ў Беларусі фільм не паказваўся. Затое мы ведаем Дар'ю Жук — беларуску, якая скончыла Гарвардскі і Калумбійскі ўніверсітэты і сёння жыве ў ЗША. Ужо доўгі час яе кароткаметражка «Сапраўдная амерыканка» займае топавае месца сярод беларускага кароткага метра — яна расказвае пра дзяўчыну, што прыехала па абмене ў амерыканскую сям'ю і прынесла ў яе пэўны дух бунтарства.

«Хрусталь» Дар'і Жук.

«Хрусталь» таксама датычыцца гэтага «моста» паміж постсавецкай моладдзю і амерыканскімі магчымасцямі. Карціна расказвае, як маладая дзяўчына робіць памылку ў візе, рызыкуе страціць сваю амерыканскую мару і вымушана затрымацца ў правінцыйным індустрыяльным гарадку. Фільм паказвае «маладзёжныя падпольныя рэйвы, стыхійныя рынкі, мары маладых людзей пра эміграцыю і жыццё правінцыі, што застыла ў часе».

«Хрусталь» здымаўся ў нашай краіне пры ўдзеле кінакампаній Беларусі, ЗША, Германіі і Расіі. На фестывалі ў Карлавых Варах ён адкрые і паўдзельнічае ў конкурсе «Ад Усходу да Захаду». Дарэчы, апошнім ігравым беларускім фільмам у праграме чэшскага форуму была «Акупацыя. Містэрыі» Андрэя Кудзіненкі 2004 года.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

Загаловак у газеце: Выхад у людзі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».