Вы тут

У Стоўбцах з'явіцца помнік Якубу Коласу


А на дамах — тэматычныя кампазіцыі.


Якія яшчэ перамены чакаюць райцэнтр?

Сёння Стоўбцы святкуюць сваё 425-годдзе. Чым жыве раён, якімі набыткамі сустракае свята? Пра гэта і іншае — гутарка са старшынёй райвыканкама Юрыем Горлавым.

— Юрый Мікалаевіч, што адметнага адбылося ў раёне за апошнія гады?

— Стаўбцоўскі раён багаты прыроднымі рэсурсамі, зямлёй. Але самае галоўнае багацце — гэта людзі. Асабісты ўклад у развіццё ўсіх галін народнай гаспадаркі, сацыяльнай сферы, адукацыі, культуры, медыцыны літаральна кожнага працаўніка, кіраўніка, спецыяліста важкі, рэальна прыкметны.

У раёне працуюць 15 сельгасарганізацый, 25 сялянскіх фермерскіх гаспадарак і два прадпрыемствы па вытворчасці прадукцыі птушкагадоўлі. У 2017 годзе мы вырабілі каля сямі тысяч тон мяса, надаілі 91 тысячу тон малака. Гэта самы высокі паказчык за ўсю гісторыю раёна. І не будзем спыняцца на дасягнутым.

У раёне вырошчваюцца практычна ўсе віды сельскагаспадарчай прадукцыі, якая прадстаўлена ў нашай краіне.

Стаўбцоўскі філіял Мінскага маторнага завода рэалізуе праект па высокатрывалым, высокадакладным чыгунным ліцці блокаў цыліндраў. У 2018 годзе будзе здадзена першая чарга магутнасцю 18 тысяч тон ліцця.

Навасвержанскі лесазавод займаецца перапрацоўкай круглага лесу (піловачніка), 70 % якога рэалізуецца на экспарт — больш як у 10 краін свету. За апошнія гады завод істотна мадэрнізаваўся. Калі раней перапрацоўвалі
каля 19 тысяч кубаметраў драўніны ў год, то цяпер набліжаюцца да 80 тысяч кубоў.

Філіял Гарадзейскага цукровага камбіната вырабляе сокі, нектары. Інавацыйная прадукцыя тут — фруктова-ягадныя напаўняльнікі. Цяпер 64 % іх Беларусь завозіць з-за мяжы. На прадпрыемстве будуюцца новыя магутнасці для захоўвання сыравіны. З'яўляюцца і новыя прадпрыемствы. Сёлета ў СФГ «Сула» рэалізуецца маштабны праект па ўзвядзенні завода па перапрацоўцы бульбы. Плануем, што і нашы сельгасарганізацыі будуць вырошчваць і перапрацоўваць на гэтым абсталяванні «другі хлеб».

— Але, як кажуць, не хлебам адзіным жыве чалавек. Яму патрэбны і камфортныя ўмовы быту, і добрае медыцынскае абслугоўванне, і змястоўны адпачынак...

— У нас дынамічна развіваецца сацыяльная сфера. У прыватнасці, у горадзе ёсць паліклініка, бальніца, у сельскай мясцовасці — дзве ўчастковыя бальніцы, чатырнаццаць фельчарска-акушэрскіх пунктаў. Па выніках работы за мінулы год раённая медыцынская ўстанова заняла першае месца ў вобласці і другое ў краіне.

Раней у Стоўбцах была сур'ёзная праблема з забеспячэннем месцамі ў дзіцячых садках. Але летась яна цалкам вырашана. І вось якім чынам. Справа ў тым, што тэмп росту валавой прадукцыі за 2015 год у раёне склаў 114,7 %. У выніку мы занялі другое месца сярод раёнаў Міншчыны. Паводле ўмоў спаборніцтва, з абласнога бюджэту нам выдзелілі на той час 150 млрд рублёў. У лідарах быў Лагойскі раён, які атрымаў 200 млрд рублёў. Разам са старшынёй Лагойскага райвыканкама Віктарам Міхайлавічам Калядой мы прапанавалі вярнуць па 50 млрд рублёў назад для таго, каб падтрымаць іншыя рэгіёны. Тую суму, што засталася, мы скарысталі на свае мэты. А менавіта, 50 млрд — на развіццё і мадэрнізацыю сельскай гаспадаркі і столькі ж — на будаўніцтва новай дзіцячай дашкольнай установы, якую ўвялі ў дзеянне ў 2017 годзе.

Сёлета пры падтрымцы Мінаблвыканкама пачнём рэканструкцыю аднаго з будынкаў пад Цэнтр творчасці. Мяркую, гэта дазволіць выявіць і развіць больш талентаў.

Стаўбцоўшчына — радзіма Якуба Коласа. Таму справай гонару лічым да 2020 года ў цэнтры горада ўстанавіць помнік знакамітаму земляку, а на тарцах чатырох дзевяціпавярховых дамоў на вуліцы Цэнтральнай ужо малююцца тэматычныя кампазіцыі.

У наступным годзе пачнецца будаўніцтва гандлёва-забаўляльнага цэнтра з крамамі, боўлінгам, кіназалай. Гэта вельмі важна, паколькі ў райцэнтры няма кінатэатра.

— Сапраўды, Стоўбцы прыгажэюць з кожным годам, становяцца ўтульнымі, больш камфортнымі для жыцця. Юрый Мікалаевіч, а што з будаўніцтвам жылля?

— Кожны год мы здаём адзін-два пяціпавярховыя дамы для тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. Але галоўнае, што 85 % ад агульнага аб'ёму — індывідуальнае будаўніцтва. Гэта сведчыць пра тое, што ў людзей ёсць дастатак.

Праграмай сацыяльна-эканамічнага развіцця нам даведзена заданне здаць 16 тысяч квадратных метраў, больш за палову ўжо выканалі. Сёлета плануем пачаць будаўніцтва яшчэ двух дамоў, рыхтуецца праектна-каштарысная дакументацыя.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Фота Васіля ЗЯНЬКО

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.