Вы тут

Як правяраюць агародніну і садавіну, якая прадаецца на рынку


Дыетолагі раяць ужываць у дзень не менш як 500 грамаў агародніны, фруктаў і ягад. Але, набываючы сезонную прадукцыю, ці можна быць упэўненым, што вітамінаў і карысных элементаў у ёй больш, чым шкодных? Каб паглядзець, як правяраюцца чарніцы і памідоры, што трапляюць на прылавак, ідзём на Камароўскі рынак — у лабараторыю ветэрынарна-санітарнай экспертызы.


Без нітратаў — толькі з прабіркі

Лабараторыя працуе з сямі раніцы. Многія пастаўшчыкі прыязджаюць менавіта ў гэты час, каб да адкрыцця рынку паспець праверыць прадукцыю і прыгожа выкласці яе на прылаўкі.

За дзень на Камароўцы праводзіцца каля 300 экспертыз. З кожнай партыі ў залежнасці ад яе аб'ёму на пробу ідзе ад кілаграма агародніны, фруктаў, ягад.

— Чаму столькі? Ёсць нормы адбору проб, устаноўленыя Дзяржстандартам, — тлумачыць кіраўнік лабараторыі Кацярына ДУБІКОЎСКАЯ.

Прадукцыю, вырашчаную на ўчастку, абавязкова правяраюць на нітраты. Пры нас якраз вывучалі партыю агуркоў. Спачатку іх здрабняюць у блэндары: гэта неабходна, каб атрымаць больш дакладныя паказанні. З атрыманай «салаты» робяць адначасова дзве пробы. У празрыстыя шкляначкі накладаюць па 10 грамаў надзёртых агуркоў і заліваюць спецыяльным растворам. Потым у сумесь закідваюць магніт і ставяць ёмістасць на мяшалку на тры хвіліны. Пасля мераюць колькасць нітратаў. Прыбор паказвае 158 і 152 мг/кг.  Гэта ў межах нормы: для агуркоў, вырашчаных у абароненым грунце, дапушчальным максімумам лічыцца 400 мг/кг. У бульбе нітратаў павінна быць не больш за 200 мг/кг, у цяплічных памідорах — да 300, у салаце, пятрушцы, сельдэрэі — да 2000. Больш за ўсіх солі азотнай кіслаты назапашвае салата латук.

— Мы працуем на правераным абсталяванні. Што датычыцца дамашніх прыбораў, яны недакладныя і ў нашай рабоце не дапускаюцца, — заўважае Кацярына Дубікоўская на маё пытанне пра кампактныя нітратамеры, якія можна знайсці ў крамах.

За два дні зафіксавалі сем выпадкаў перавышэння колькасці нітратаў. Усе яны былі звязаны з кабачкамі.

— Шмат нітратаў часцей сустракаецца ў ранняй агародніне — бульбе, капусце, агурках, зеляніне, — засцерагае кіраўнік лабараторыі, але дадае, што цяперашнюю бульбу ўжо можна спакойна набываць. — Прадукцыя зусім без нітратаў да нас яшчэ не трапляла. Усё роўна ж падкормкі ўносяцца. Да таго ж солі азотнай кіслаты змяшчаюцца ў глебе. Таму хоць мінімум, але ў агародніне ён будзе. Абсалютна чыстыя агуркі можна атрымаць хіба што ў тым выпадку, калі вырасціць іх у прабірцы.

Калі грыбы «фаняць»

Усе дары лесу, якія прыносяць на рынак, правяраюць на радыёнукліды, а менавіта на цэзій-137. Як бы зборшчыку ні было шкада сваёй працы, але паўлітра ягад і грыбоў давядзецца аддаць у лабараторыю. Пасля даследавання гэтыя паўлітра не вяртаюць: па-першае, проба апрамяняецца, па-другое, прымятая прадукцыя ўсё роўна страчвае таварны выгляд.

Прадаўцы, якія нясуць ягады на пробу, кажуць, што пакуль у лясах ураджай небагаты. «Засуха, — уздыхае жанчына са Смаргонскага раёна. — У нас з пачатку лета не было нармальных дажджоў. Паглядзіце, якія чарніцы дробныя. А вось у Мінскай вобласці дажджы прайшлі і ягады куды лепшыя. Параўнайце (ківае на суседнія вёдры з чарніцамі, якія прывезлі з-пад Старых Дарог). Там суніцы збіраюць — памерам з мой пазногаць!»

Мужчына з Маладзечанскага раёна прыехаў на рынак з лісічкамі і ягадамі. Пяцілітровік чарніц ён збірае за дзве гадзіны. Прызнаецца, што пары дажджлівых дзён было мала для добрага ўраджаю: некаторыя паляны ў лесе ўжо павыгаралі ад сонца.

Праверка ў лабараторыі займае 10—20 хвілін. Сёння ўсе дары лесу атрымалі дабро.

— Глядзіце, ягады зусім чыстыя — 5,9 бэкерэля на кілаграм (дапушчальны ўзровень — 185 Бк/кг. — Аўт.), — звяртае ўвагу на паказанні радыёметра ветурач Юлія АБРАМЧУК.

Яна згадвае, што з пачатку сезона было толькі два перавышэнні па цэзіі — у лісічках. З грыбамі ўвогуле трэба быць асцярожнымі. У лабараторыі помняць, як аднойчы на продаж прынеслі грыбы, у якіх колькасць радыёнуклідаў дасягала амаль 9000 Бк/кг (пры норме ў 370)!

Калі агародніну, «начыненую» нітратамі, проста не дазваляюць прадаваць на рынку (адміністрацыя адсочвае, каб такі гандляр не стаў за прылавак), то партыю лясных ягад і грыбоў з завышаным цэзіем канфіскуюць і ўтылізуюць.

— Людзі на гэта рэагуюць па-рознаму, — не хавае Кацярына Дубікоўская. — Неяк у мужчыны канфіскавалі вельмі шмат чарніц, кілаграмаў 200, і ён дзякаваў, што мы не дапусцілі забруджаную ягаду да продажу. А бывае, даводзіцца абараняцца, міліцыю выклікаць. Незадаволеныя ў асноўным перакупшчыкі: яны ж ужо заплацілі за прадукцыю, узятую ў насельніцтва.

А вось назваць раён, адкуль часцей прывозяць забруджаныя грыбы і ягады, складана. Справа ў тым, што інфармацыя пра месца збору запісваецца са слоў прадаўцоў. Могуць сказаць, што «палявалі» ў Мінскім раёне, а ў суніцах шмат радыяцыі, што для прысталічча не характэрна.

Для прадаўцоў праверкі прадукцыі платныя. Кошт залежыць ад вагі. Напрыклад, за аналіз на радыёнукліды партыі да пяці кілаграмаў трэба заплаціць 2,80 рубля, а проба на нітраты партыі да 50 кілаграмаў абыдзецца ў 7,60 рубля. Калі ўсё ў парадку, на рукі выдаюць талон з «адзнакай якасці».

А вось імпартныя фрукты і ягады ў лабараторыі не правяраюць. Замежная прадукцыя паступае на Камароўку ўжо з дакументамі, таму яе дадатковую экспертызу на рынку праводзяць выбарачна.

У тэму

Дзяржаўны санітарны нагляд за рынкамі здзяйсняецца рэгулярна. Па яго выніках можна вылучыць наступныя недахопы: няправільныя ўмовы захоўвання прадукцыі — 35 % ад усіх парушэнняў, рэалізацыя харчовай сыравіны без дакументаў, якія пацвярджаюць якасць і бяспеку, — 17 %, продаж прадуктаў з няпоўнай маркіроўкай ці без яе — 12 %, рэалізацыя прадуктаў са скончаным тэрмінам прыдатнасці — 8 %, адсутнасць умоў для выканання правіл асабістай гігіены — 7 %.

Найбольш праблемным пытаннем з'яўляецца несвоечасовае правядзенне работ па паляпшэнні санітарна-гігіенічнага стану аб'ектаў — замена зношанага інвентару, халадзільнага абсталявання.

Загадчык аддзялення гігіены харчавання Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Вія ШУКЕВІЧ паведаміла, што пад наглядам знаходзіцца 261 рынак па краіне. Вылучыць самы лепшы ці самы горшы немагчыма. Але станоўчая дынаміка ў развіцці аб'ектаў ёсць. Праводзяцца рамонты, змяняецца гандлёвае абсталяванне на больш сучаснае.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Загаловак у газеце: Не давярайце раннім кабачкам

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».