Вы тут

Стоўбцы святкуюць 425-годдзе


Паводле рашэння раённага Савета дэпутатаў днём нараджэння горада было прынята лічыць 20 чэрвеня 1593 года. Дакладную дату заснавання прапанавалі навукоўцы. У кастрычніку 2016-га ў Стоўбцах прайшла навукова-практычная канферэнцыя «Стаўбцоўшчына — гісторыка-культурная спадчына Наднёманскага рэгіёна», якую арганізавалі Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук і райвыканкам. Захапляльны гістарычны экскурс у мінулае зрабіў дацэнт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, кандыдат гістарычных навук Андрэй Латушкін. На аснове вывучаных матэрыялаў фонду Слушак, што захоўваюцца ў Галоўным архіве старажытных актаў у Варшаве, ён параіў устанавіць новую дату заснавання Стоўбцаў. Агульнапрыняты да гэтага год першага ўпамінання горада — 1511-ы — аспрэчваўся гісторыкамі. Прапанова ўвайшла ў рэзалюцыю канферэнцыі.


— У канцы ХVІ стагоддзя Стоўбцы называліся інакш, — канстатаваў Андрэй Латушкін. — У прывілеі польскага караля Жыгімонта ІІІ, які быў дадзены ўдаве крычаўскага старасты 20 чэрвеня 1593 года на правядзенне таргоў і кірмашоў, населены пункт узгадваецца як новапасаджанае месца (заснаванае нядаўна), «мястэчка Свержаньскае над Нёмнам, у павеце Мінскім ляжачае». Аднак гэтая назва праіснавала нядоўга. Справа ў тым, што на супрацьлеглым беразе ракі Нёман ужо размяшчалася мястэчка Свержна, якое належала князям Радзівілам (сёння вёска Новы Свержань). Каб пазбегнуць блытаніны ў дакументаабароце, Слушкі перайменавалі заснаванае імі ў сваіх уладаннях мястэчка. У прыватнасці, у адной з судовых спраў паміж Слушкамі і Радзівіламі, датаванай 1632 годам, тое ж самае мястэчка, размешчанае на правым беразе Нёмана, ужо згадваецца як Стоўбцы (у арыгінале — Столпцы). Таму, на думку гісторыка, цалкам справядліва, што часам заснавання райцэнтра выступае дата 20 чэрвеня 1593 года.

Да юбілею горада ў Стоўбцах пачалі рыхтавацца загадзя. Добраўпарадкавалі двары і вуліцы, высадзілі шмат кветак і дэкаратыўных кустоў, адрамантавалі фасады дамоў. Стаўбцоўшчына — малая радзіма Якуба Коласа, таму на тарцах чатырох дзевяціпавярховікаў на вуліцы Цэнтральнай з'явіліся тэматычныя кампазіцыі. У перспектыве будзе ўстаноўлены помнік Песняру.

А непасрэдна ў дзень святкавання, 23 чэрвеня, для гараджан і шматлікіх гасцей працавалі фотавыстаўкі і літаратурныя гасцёўні, дзе наведвальнікам прапаноўвалі ўспомніць багатую літаратурную спадчыну Песняра.

З самай раніцы вуліцы горада літаральна віравалі цікавымі, змястоўнымі мерапрыемствамі. Шмат людзей прыйшло на выстаўку спецыялізаванай тэхнікі на вуліцу Ленінскую. Побач у «Горадзе майстроў» умельцы праводзілі для ўсіх ахвотных майстар-класы па народным традыцыйным мастацтве. На падворках гаспадарак «Наша хата гасцямі багата» дэманстравалася мноства відаў сельгаспрадукцыі. «Рыцарскі гарадок» запрашаў маладых людзей
на турніры, каб паказаць свой спрыт перад прывабнымі паненкамі.

Старт афіцыйным мерапрыемствам дало святочнае шэсце «Па родных вуліцах — з аркестрам!». Затым на стадыёне «Юнацтва» пачаўся ўрачысты канцэрт «Стоўбцы! Мы лёсам звязаны з табою!». Самы актыўны ўдзел у свяце прынялі і юныя грамадзяне горада. У прыватнасці, выхаванцы Стаўбцоўскай дзіцячай школы мастацтваў выступілі з канцэртнай праграмай «Табе, любімы горад, сёння мы пяём!» у парку «Дружба народаў» і на танцпляцоўцы «Вербачка». Тэатралізаванае прадстаўленне «У гасцях у казкі» паказалі навучэнцы Дзераўнянскай дзіцячай школы мастацтваў. Удзельнікі свята дружна падпявалі зоркам беларускай эстрады: Ірыне Дарафеевай, Вользе Плотнікавай, Сяргею Любавіну, танцавалі разам з шоу-балетам «Феерыя» і іншымі. Шмат моладзі сабрала маладзёжная група «Кавер-FM».

На працягу дня ў парку і на стадыёне працавалі розныя атракцыёны, зона фуд-корта, выстаўкі-кірмашы, прадаваліся салодкая вата і папкорн, марожанае ды іншыя ласункі, чаму асабліва радаваліся дзеці. Вечарам неба над горадам расквеціў феерверк. А затым пачалася маладзёжная дыскатэка з удзелам рэзідэнта радыёстанцыі «Пілот-FM» МС Улада Кабякова і DJ РS.

— Сапраўды, такога відовішчнага мерапрыемства мы ніколі не бачылі ў сваім жыцці. Добра адпачылі, павесяліліся ад душы. Мы рады, што жывём у Стоўбцах і ганарымся, што горад такі прыгожы, добраўпарадкаваны, камфортны для жыцця, быту, адпачынку, — падзяліліся ўражаннямі дзве сяброўкі Ірына і Крысціна.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Фота Васіля ЗЯНЬКО

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».