Вы тут

Наколькі лёгка скрасці калье ад Саrtіеr за 150 мільёнаў долараў


Аказалася, у знакамітага злачынца Дэні Оўшэна ёсць сястра Дэбі Оўшэн, і яна прыйшлася дарэчы, калі Галівуду спатрэбілася перамясціць гендарныя акцэнты. Знакамітая серыя Стывена Содэрберга пра адзінаццаць, дванаццаць і трынаццаць сяброў Оўшэна ператварылася ў «Восем сябровак Оўшэна» Гэры Роса, а мужчынскі зорны склад, які сыграў прафесійных махляроў, змяніўся жаночым. Сандра Булак, Кейт Бланшэт, Эн Хэтэўэй, Хэлена Бонэм-Картэр, Рыяна і іншыя сталі выдатнай камандай, здольнай на буйное абрабаванне. Але казіно дамам не падыходзіць — васьмёрка Оўшэн бярэцца за брыльянтавае калье.


Сандра Булак іграе сястру Дэні Оўшэна Дэбі — славуты брат, сыграны Джорджам Клуні, з'яўляецца ў фільме толькі на фота і ў беглых згадках, але сястра ў сваіх амбітнасці і прафесіяналізме яму нібыта не саступае. Усё пачынаецца па адпрацаванай схеме: Дэбара Оўшэн абяцае пачаць простае жыццё, выходзіць з турмы і ў момант пачынае падрыхтоўку да буйной справы. Яна знаходзіць сваю старую сяброўку і саўдзельніцу Лу Мілер (Кейт Бланшэт) і збірае з ёй каманду прафесіяналаў у розных сферах. Мэтай васьмёркі становіцца калье ад Саrtіеr за сто пяцьдзясят мільёнаў долараў, якія ўжо больш за пяцьдзясят гадоў не пакідаюць сховішча.

Для таго, каб вывудзіць каштоўнасць вонкі, выкарыстоўваецца баль Mеt Gаlа — штогадовае мерапрыемства з акцэнтам на модзе і строях, і галівудская зорка Дафна Клюгер (Эн Хэтэўэй), што якраз стала тварам Метраполітан-музея. Па плане куцюр'е Роўз Вайль (Хэлена Бонэм-Картэр) павінна стварыць Дафне Клюгер вобраз для Mеt Gаlа і папрасіць у Саrtіеr неабходнае калье. Ну а калі зорка з запаветнай каштоўнасцю акажацца на балі, справа будзе за добра спланаванай аперацыяй, якая на самай справе да смешнага простая.

Новы камерцыйны фільм пра «абрабаванне стагоддзя» выдатна дэманструе амерыканскі парадак дня — чаго варта пераўвасабленне сяброў Оўшэна ў сябровак Оўшэна, якое без хітрыкаў адсылае да жаночай барацьбы за раўнапраўе. 

Карціна не проста робіць жанчын галоўнымі гераінямі, але стварае з іх надзейных сябровак у свеце, дзе адзіны больш-менш галоўны мужчынскі персанаж — ашуканец і нягоднік. На самай справе гэта як люстэрка адбівае сітуацыю ў сябрах Оўшэна, дзе герой Джорджа Клуні быў жорстка падмануты сваёй каханай, але зваротны перакос у Гэры Роса ў цяперашніх абставінах перадае куды больш сэнсу і наўмысных акцэнтаў.

Плюс да ўсяго аўтары склалі васьмёрку з паліткарэктным балансам нацыянальнасцяў — галоўныя героі паказваюць вельмі сімпатычную разнастайнасць насельніцтва Злучаных штатаў, прычым кожны з герояў з'яўляецца ў некаторым сэнсе унікумам. Натуральна ў сюжэт упісаліся жарты пра рускіх хакераў, 3D-прынтар як знак тэхналогій і будучыні і знаёмства ў «Тындары» як штрых сучаснасці.

Усё ж смешна, што жанчыны так невыпадкова сталі галоўнымі героямі фільма, але гэты рэверанс у іх бок прынёс за сабой і стэрэатыпы. Калі Дэні Оўшэн рабаваў казіно, то лакацыяй абрабавання, спланаванага яго сястрой, становіцца баль Інстытута касцюма са строямі, знакамітасцямі, чырвонай дарожкай і іншым. Скандалы, часопіс пра моду, раздзельнае харчаванне, дарагія ўпрыгажэнні і нарэшце жаночая прыбіральня суправаджаюць план Дэбі і робяць яго сапраўды... жаночым. Прычым спланаванае рабаванне, якое ў фільме абыгрываецца як нешта эпічнае і вялікае, на самай справе да жаху простае. У выніку нават смешна, як лёгка жанчынам дасталася іх здабыча.

Калі параўноўваць з сябрамі Оўшэна, прасцей. Мабыць, галоўны пралік фільма, не ведаю, наўмысны ці не, у тым, што накіроўванне гераінь да мэты ідзе як па масле ад пачатку да канца. У іх атрымліваецца прымусіць пэўнага куцюр'е шыць сукенку для патрэбнай знакамітасці, наняцца ў Vоguе і ў абслуговы персанал Mеt Gаlа, прымусіць мужчыну-здрадніка з'явіцца ў канкрэтным месцы, зашпурнуць каралі куды трэба і нават «выгнаць» гасцей балю вонкі, каб у гэты час сцягнуць каштоўнасцяў яшчэ на дзясяткі мільёнаў долараў.

Любая перашкода на шляху гераінь выглядае нязначнай і вырашаецца лёгкім рухам рукі ці інсцэніроўкай істэрыкі. Так што глядач плыве па хранаметражы фільма гэтаксама лёгка, як рэалізуецца план Дэбі Оўшэн і Лу Мілер.

У выніку здраднік будзе адпомшчаны, а васьмёрка пароўну падзеліць сваю здабычу і зажыве «простым» жыццём. Цяпер у Галівудзе ствараюцца фільмы, дзе найлепшай камандай з'яўляецца жаночая. Толькі хутчэй за ўсё гэта робіцца, каб трапіць у кан'юнктуру, таму і «Восем сябровак Оўшэна» — прафесійны, але, на жаль, фальшывы праект.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

Загаловак у газеце: За рабаванне бяруцца жанчыны

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.