Вы тут

У Магілёве прэзентавалі чарговы ваенна-гістарычны зборнік


Такога выдання фактычна няма на ўсёй пастсавецкай прасторы, а ў Беларусі яно наогул адзінае. Кніга зроблена на энтузіязме тых, каму неабыякавы лёс краіны і кожнага асобна ўзятага яе жыхара. Яна чытаецца на адным дыханні, бо тут няма пафасу і прадузятасці. Тут выключна сапраўдныя гістарычныя факты. Без купюр і скажэнняў. У абласной бібліятэцы імя Леніна сабраліся ўсе тыя, хто прымаў непасрэдны ўдзел у стварэнні 11-га выпуску Магілёўскага пошукавага весніка — пошукавікі, гісторыкі, журналісты, неабыякавыя да памяці абаронцаў нашай Радзімы людзі.


На голым энтузіязме

Гэты зборнік існуе ў першую чаргу, дзякуючы намаганням Магілёўскага абласнога гісторыка-патрыятычнага клуба «Віккру» і непасрэдна яго стваральніка і кіраўніка Мікалая Барысенкі. Чарговы выпуск зроблены сумесна з абласным Цэнтрам творчасці і пры фінансавай падтрымцы галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама. Свет убачыла ўсяго некалькі сотняў асобнікаў, 80 % з іх паступіць у бібліятэкі.

Налета клубу «Віккру» спаўняецца чвэрць стагоддзя. За гэтыя гады высветлены тысячы імёнаў невядомых салдат, знойдзена шмат неўстаноўленых пахаванняў часоў вайны, паднята некалькі самалётаў, збітых падчас баёў з ворагамі. На сённяшні дзень у шэрагах клуба каля 60 актывістаў, яшчэ прыкладна столькі ж прымае ўдзел у яго жыцці. Некаторыя з адданых пошукавікаў працуюць з першых гадоў існавання клуба.

— Пошукавая работа знаходзіцца на стыку ідэалогіі, адукацыі, культуры, — кажа старшыня Магілёўскага абласнога гісторыка-патрыятычнага клуба «Віккру» Мікалай Барысенка. — Большасць баявых ветэранаў ужо пайшла з жыцця, засталіся адзінкі. І трэба захаваць той патэнцыял, які яны неслі, на якім грунтуюцца традыцыі патрыятычнага выхавання. Толькі на тэрыторыі нашай вобласці ляжаць сотні тысяч невядомых салдат. І работы па іх пошуку хопіць усім, у тым ліку сённяшняму маладому пакаленню.

На аснове навукова-папулярных выданняў клуба знята больш за 10 дакументальных фільмаў аб гісторыі вайны, гэтыя матэрыялы выкарыстаны пры стварэнні мастацкага фільма «Дняпроўскі рубеж».

Без тэрміну даўнасці

Пошукавы веснік не абмяжоўваецца інфармацыяй толькі пра Вялікую Айчынную вайну. Яго аўтары звяртаюцца да падзей Паўночнай вайны са шведамі 1708 года. Удакладнена інфармацыя пра пазіцыі размяшчэння войскаў. Ёсць напрацоўкі па Першай сусветнай вайне.

— Нехта ўяўляе сабе, што Беларусь не мае сваіх воінскіх традыцый, — адзначае Сяргей Бяспанскі, намеснік старшыні абласнога гісторыка-патрыятычнага клуба «Віккру». — Але гэта не так. Тэматыка першай сусветнай вайны была мала вывучана. У савецкай краіне гэта было не прынята. Бо мільёны салдат змагаліся за цара. Штуршком стала выданне Мікалая Барысенкі «Рэха «Вялікай вайны» ва Усходняй Беларусі», дзе ён прывёў прозвішчы поўных Георгіеўскіх кавалераў і ўзнагароджаных Георгіеўскім крыжам. Гэтыя ўзнагароды даваліся толькі за сапраўдны подзвіг. І людзі ставіліся да такіх герояў з вялікай павагай. Потым пра іх забыліся. За апошнія чатыры гады мы знайшлі матэрыялы па 162 ураджэнцах Беларусі поўных Георгіеўскіх кавалерах. І гэта толькі пачатак. Было больш за 1,4 мільёна ўзнагароджаных, іх прозвішчы збіраліся сабраць у адну кнігу памяці. А ў 1923 годзе з 2 тысяч Георгіеўскіх алфавітаў, якія складаліся, 90 % было знішчана. Зараз мы вяртаем імёны герояў.

Новыя звесткі ёсць і па абароне Магілёва батальёнам капітана Уладзімірава, які загінуў разам з курсантамі-міліцыянерамі на подступах да абласнога цэнтра каля вёскі Гаі. У тых баях ацалелі адзінкі.

— У нас ёсць звесткі аднаго міліцыянера, удзельніка абароны Магілёва, які казаў, што месца бою яны пакінулі 22 ліпеня. Потым у яго ўспамінах гэта лічба была перакрэслена ручкай і напісана 18. Як, дарэчы, і падавалася ва ўсіх іншых савецкіх дакументах. Але ў нямецкіх данясеннях знайшлося пацвярджэнне, што «ўмацаваная вышыня ў раёне вёскі Гаі была ўзятая 21 ліпеня», — адзначыў старшыня аблсавета ветэранаў органаў унутраных спраў і ўнутраных войскаў палкоўнік міліцыі ў запасе Яўген Кавалёнак.

Помнік медыцынскім сёстрам

Трагічная старонка гісторыі — гэта жанчына на вайне. Сотні тысяч дзяўчат былі на ёй разведчыцамі, сувязісткамі, снайперамі, кулямётчыцамі, кіроўцамі… Але большасць усё ж такі змагалася на перадавой у якасці санінструктараў. Адзін з артыкулаў весніка прысвечаны медсёстрам 117‑й стралковай дывізіі, якія загінулі ў ліпені 1941 года ў раёне вёскі Вялікая Зімніца Слаўгарадскага раёна. Помнік ім стаіць у двары школы.

— Калі я далучыўся да пошукавага руху, помнік ужо быў, — расказвае інжынер-электроншчык Слаўгарадскага прафесійнага ліцэя № 3, намеснік кіраўніка пошукавага атрада «Спадчына» клуба «Віккру» Аляксандр Халееў. — Зачапіла, што на ім разам з іншымі прозвішчамі было напісана «невядомая медыцынская сястра». Праз інтэрнэт звязаўся з расійскімі калегамі, і імя ўсплыло з небыцця. Знайшліся і тыя людзі, якія ўдзельнічалі ў стварэнні помніка.

Часам невядомыя факты адкрываюцца самым неверагодным чынам. Нядаўна ў фонды абласнога краязнаўчага музея імя Раманава паступілі звесткі аб дзейнасці з восені 1941‑га да мая 1943 года падпольнай антыфашысцкай ячэйкі на касцёва-перапрацоўчым жэлацінавым заводзе. Каля яе вытокаў стаяў Дзмітрый Іваноў, кіраўнік завода. Аказалася, што гэта абсалютна новыя старонкі ў гісторыі абароны Магілёва.

— У музеі шмат матэрыялаў пра Вялікую Айчынную вайну, і бывае, што адны звесткі супярэчаць другім, — адзначыла вядучы навуковы супрацоўнік музея Аляксандра Буракова. — Тыя, пра якія я напісала, не адлюстраваны ў афіцыйнай гістарыяграфіі. У музей прыйшоў малады чалавек са сшыткамі і паведаміў, што знайшоў іх на дачы, якую купіў. Пачалі чытаць і зразумелі, якая каштоўная інфармацыя трапіла да нас. Я патэлефанавала мужчыне, каб даведацца, у каго ён набыў дачу. Хутка высветлілася, што жанчына, якая прадала гэты дом, — унучка падпольшчыка Дзмітрыя Іванова. Яна прынесла нам дадатковыя матэрыялы пра сваю сям'ю. Гэта каштоўны набытак для нас.

Кветкі штрафнікам

Героі Сталінградскай бітвы прызнавалі, што такіх цяжкіх баёў, як на Дняпроўскім рубяжы восенню 1943 года, не было нават на Волзе. Летась каля вёскі Дрануха Чавускага раёна паблізу ад ракі Проні па ініцыятыве клуба «Віккру» і пры падтрымцы старшыні Чавускага райвыканкама Сяргея Драздоўскага быў устаноўлены першы ў Беларусі мемарыяльны знак штрафным падраздзяленням Чырвонай арміі. Вялікую архіўна-пошукавую работу на месцах былых баёў праводзіць Сяргей Тагаеў, выкладчык Магілёўскага прафесійнага электратэхнічнага каледжа, камандзір пошукавага атрада «Рэха вайны» клуба «Віккру».

— Мы ўжо можам дадаць да тых падраздзяленняў, якія там указаны, 2–3 штрафныя роты, — кажа ён. — На Проні праявіў сябе 11‑ы асобны штрафны батальён. Туды, як вы ведаеце, траплялі толькі афіцэры пачынаючы ад малодшага лейтэнанта. Практычна ўсе яны ляжаць на Проні, там, дзе загінулі, нават не перапахаваныя. Вайна — жахлівая справа, не да гэтага было. І тое, што штрафнікі былі здраднікамі, — гэта няпраўда. Яны жылі 1–2 атакі, бо змагаліся па-геройску. І гэтыя мужыкі зрабілі вялікі ўнёсак у нашу Перамогу. Мемарыяльныя знакі штрафнікам на прасторы былога Савецкага Саюза можна пералічыць па пальцах. Цікавы факт. Да знака ў Чавускім раёне людзі пастаянна нясуць кветкі.

За час існавання клуба «Віккру» ўстаноўлена па архівах 20 тысяч імёнаў, разам з 52‑м асобным пошукавым батальёнам Мінабароны паднятыя астанкі больш за 1000 чырвонаармейцаў і камандзіраў, з іх устаноўлены імёны 73 чалавек. Антон Пракапнёў, Сяргей Якубовіч, Аляксандр Халееў, Юрый Кармазін, Ягор Шчанаў, Яўген Бацанаў, Ілья Трыханаў — гэтыя тыя пошукавікі, якія не шкадуюць свайго вольнага часу, каб вярнуць з небыцця імёны Герояў. І аб тым, што гэта неабходна, сведчаць лісты ад родных салдат Вялікай Айчыннай вайны, якія прыходзяць пошукавікам з усяго свету.

Аўтар гэтых радкоў з асаблівым гонарам прыняла Падзячны ліст з рук Мікалая Барысенкі за шматгадовае супрацоўніцтва і падтрымку пошукавага руху. Некалькі матэрыялаў з газеты «Звязда» па выніках пошукавых работ клуба надрукаваны ў зборніку.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Загаловак у газеце: Адноўленыя старонкі вайны

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».