Вы тут

Будучыня — за лайтфонамі?


Тое, што вынайшлі два нашыя навукоўцы, здольна выклікаць рэвалюцыю ў глабальнай сістэме сувязі. Хоць гэта здаецца неверагодным пасля таго, як інтэрнэт і сотавы тэлефон сталі ці не такімі ж банальнымі рэчамі, як пыласос і зубная шчотка. Чаго ўжо яшчэ? Тым не менш існуючыя спосабы перадачы інфармацыі далёкія ад дасканаласці. Дастаткова сказаць, што да гэтага часу немагчымы нармальныя перамовы паміж людзьмі, якія знаходзяцца, напрыклад, у розных падводных апаратах або касмічных караблях. Не кажучы ўжо пра тое, што большасць традыцыйных тэлекамунікацыйных прылад, у тым ліку мабільнікі, шкодныя для здароўя. Спосаб сувязі, які прыдумалі Юрый Аксёнаў і Аляксей Касцюкоўскі, можа паспяхова вырашыць гэтыя праблемы.


— Прапанаваная намі ідэя заключаецца ў выкарыстанні ўласцівасцяў святла, — спрабуе як мага прасцей растлумачыць сутнасць справы Юрый Аксёнаў (на фота). — Светлавыя хвалі, як і электрамагнітныя, таксама маюць здольнасць пераносіць розныя сігналы: чалавечую гаворку, музыку, відэакарцінку. На гэтым заснавана работа валаконна-аптычных ліній сувязі. Але паколькі яны ўяўляюць сабой правадную сетку, то шмат у чым абмежаваныя. Мы ж прапануем яшчэ і бесправадную аптычную сістэму. Прынцыпова іншую, якая, у адрозненне ад радыёхвалёвай, запатрабавала больш дасканалай элементнай базы. Нам удалося вынайсці ўнікальны метад мадуляцыі сігналу. Створаны новы спосаб кадзіравання інфармацыі. Мы назвалі яго «Мінскім кодам». Уявіце, што ў вас у руках не традыцыйны айфон, які працуе на радыёхвалях, а мабільнік, арыентаваны на светлавыя імпульсы. Такі апарат — лайтфон — таксама наша ноу-хау.

— Інакш кажучы, — уступае ў дыялог Аляксей Касцюкоўскі (на фота), — наша асноўная вынаходка ўключае ў сябе больш за дзясятак дадатковых. Яно дазваляе пазбавіцца ад шкоднага выпраменьвання радыёхваль, павялічыць аб'ём, хуткасць, прапускную здольнасць і бяспеку інфармацыі, якая перадаецца.
А таксама забяспечвае яе сакрэтнасць. Напрыклад, падводная лодка пасылае аптычныя імпульсы, а на іх шляху знаходзіцца праціўнік. Нават у гэтым выпадку ён не ў стане перахапіць сігналы, а тым больш расшыфраваць. Мінскі код вельмі надзейны.

— Значыць, ваша вынаходка адкрывае вялікія магчымасці і для павышэння эфектыўнасці многіх відаў ваеннай тэхнікі? — пытаюся ў сваіх суразмоўнікаў.

— Менавіта так. Еўразійскі патэнт, які мы атрымалі, адкрывае для прадпрыемстваў ВПК Беларусі новы сегмент сусветнага рынку, дзе можна ажыццяўляць продаж розных аптычных сістэм сувязі. Сярод найбольш перспектыўных гандлёвых партнёраў — нашы саюзнікі па АДКБ, у першую чаргу Расія, а таксама Кітай, Індыя, краіны Блізкага Усходу.

— Але ваенная сфера — толькі адзін з напрамкаў, дзе можа прымяняцца дадзеная вынаходка, — дапаўняе калегу Юрый Аксёнаў. — Галоўная ж яе мэта — вывесці на значна больш высокі ўзровень глабальнае інфармацыйнае грамадства. І наша краіна дзякуючы новым тэхналогіям у галіне аптычнай сувязі мае шанц стаць тут адной з вядучых. Вядома, у выпадку матэрыялізацыі прапанаваных ідэй.

— У чым жа праблема?

— А ў тым, што ўкараненне нашай вынаходкі патрабуе мільярдных укладанняў, — тлумачыць Аляксей Касцюкоўскі. Напрыклад, каб замест традыцыйных радыёхвалевых мабільнікаў з'явіліся лайтфоны, неабходна шмат крыніц светлавога выпраменьвання. Тут добрыя ўсе сродкі: і святло з вокнаў кватэр, і ўключаныя фары аўтамабіляў, што праязджаюць міма, і, вядома, вулічныя ліхтары. Іх, дарэчы, мы прапануем выкарыстоўваць як перадаючыя станцыі. Толькі вось такія прылады на Зямлі давядзецца ставіць дзе праз некалькі кіламетраў, а дзе праз кожныя 10 метраў.
У космасе дыстанцыя сувязі, канешне, значна большая. Што датычыцца перашкод прыроднага характару, якія могуць ўзнікаць, то яны пераадольваюцца з дапамогай дадатковых сродкаў. Але ў любым разе новаўвядзенне прадугледжвае ў выпадку спынення падачы светлавога сігналу аўтаматычны пераход на радыёхвалі.

— Вядома, укараненне нашай аптычнай сістэмы патрабуе немалых выдаткаў. Але давайце не забываць пра галоўнае — здароўе людзей. Вось высновы Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, пад эгідай якой праводзіліся даследаванні наконт уплыву бесправадных прыбораў на арганізм. Размовы па сотавым тэлефоне 30 хвілін у дзень на працягу 7—10 гадоў з вялікай доляй імавернасці могуць прывесці да ўзнікнення ў чалавека ракавай пухліны. А кітайскія навукоўцы выявілі, што выпраменьванне мабільніка прыводзіць да пашкоджання ДНК. Невыпадкова ў некаторых краінах дзецям да пэўнага ўзросту забараняюць карыстацца такімі апаратамі. Але ў цэлым, на жаль, людзі занадта бесклапотна ставяцца да небяспекі радыёхваль. Не выключана, што пастаяннае «бамбардзіраванне» імі насельніцтва ў хуткім часе выкліча масавыя захворванні. І што мы будзем рабіць тады? Асабіста я ўпэўнены, што будучае менавіта за аптычнай сувяззю.

А пакуль вынаходнікі «Мінскага кода» абіваюць парогі ў надзеі прыцягнуць увагу да сваёй вынаходкі. Некалькі гадоў іх наватарскія ідэі ў выглядзе схем, чарцяжоў і аформленых па ўсіх правілах абгрунтаванняў праляжалі ў Еўразійскім патэнтным ведамстве. Нарэшце ў студзені гэтага года навукоўцы атрымалі доўгачаканы патэнт. Праўда, ён дзейнічае толькі на тэрыторыі васьмі дзяржаў былога СССР, якія падпісалі Еўразійскую патэнтавую канвенцыю. Сярод іх і Беларусь. У іншых краінах аўтарскія правы нашых землякоў у выпадку выкарыстання іхняга ноу-хау ніхто захоўваць не збіраецца. Для ўсеагульнага прызнання трэба атрымаць адпаведны дакумент ад Сусветнай арганізацыі інтэлектуальнай уласнасці ў Швейцарыі. Спрабавалі. Аднак за гэта неабходна было ўнесці спецыяльную пошліну ў памеры 1000 долараў.
Пакуль беларускія саіскальнікі міжнароднага патэнта разлічвалі на дапамогу спонсараў, прайшоў год. Менавіта такі тэрмін дае САІУ для афармлення аўтарскага права на вынаходку пасля падачы заяўкі. І цяпер, калі нашы небагатыя геніі ўжо гатовыя заплаціць з асабістых зберажэнняў, ім кажуць, што яны спазніліся. Каб паспрабаваць зноў атрымаць патэнт, які прызнаецца ў любым кутку зямнога шара, яны павінны перасягнуць саміх сябе. Гэта значыць, вынайсці што-небудзь яшчэ больш выдатнае ў сферы аптычнай сувязі. Прыходзіцца толькі здзіўляцца недарэчнасці правілаў, якія існуюць у некаторых вельмі паважаных арганізацыях.

Праўда, як з сумнай усмешкай кажа Аляксей Касцюкоўскі, нават наяўнасць міжнароднага патэнта не гарантавала б яму і яго сябру захавання іх аўтарскіх правоў. Сёння ўвесь свет бессаромна займаецца крадзяжом тэхналогій.

Вядома, калі якая-небудзь кампанія, што працуе на рынку паслуг сувязі, скарыстаецца плёнам наватарскай думкі беларускіх вучоных і не заплаціць ім належны ганарар, нашым землякам можна будзе шчыра паспачуваць. Але яшчэ больш сэрца стане рвацца ад іншага пачуцця — калі за дзяржаву крыўдна. Колькі ўжо разоў было: які-небудзь Ляўша прыдумае спосаб падкаваць блыху, а метады яго ювелірнай працы бяруць на ўзбраенне там, дзе «стрэльбы цэглай не чысцяць», дзе пільна адсочваюць найбольш каштоўныя інавацыйныя ідэі і з вялікай карысцю іх ажыццяўляюць.

Міхаіл КАВАЛЁЎ

Загаловак у газеце: «Мінскі код» Аксёнава і Касцюкоўскага

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?