Вы тут

Як мясцовыя жыхары Краснаярскага краю паляпшаюць умовы свайго жыцця


У кожнай краіны — свае асаблівасці ў мясцовым самакіраванні. У Беларусі традыцыйна склалася сістэма, калі грамадзяне пэўнай мясцовасці выбіраюць дэпутата, які пасля прадстаўляе іх інтарэсы ў Саветах таго ці іншага ўзроўню. Ці людзі самі аб'ядноўваюцца ў камітэты тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання па месцы жыхарства, каб вырашыць мясцовыя праблемы.

У Расіі да гэтага падышлі наступным чынам. Апошнія гады грамадзян заахвочваюць разам з уладамі прымаць рашэнне: якое менавіта пытанне неабходна вырашыць у першую чаргу, на паляпшэнне чаго канкрэтна пойдуць муніцыпальныя грошы і часткова — грошы саміх жыхароў. Так, ужо не першы год дзейнічае адпаведны федэральны праект «Развіццё ініцыятыўнага бюджэтавання ў Расійскай Федэрацыі».


Ва ўсёй Расіі так

Ініцыятыўнае бюджэтаванне — гэта рашэнне пытанняў мясцовага значэння, заснаванае на грамадскай ініцыятыве. Падчас яго пры непасрэдным удзеле грамадзян вызначаюцца і выбіраюцца аб'екты расходавання бюджэтных сродкаў, а таксама ажыццяўляецца далейшы кантроль за рэалізацыяй адабраных праектаў.

У Расіі падобныя практыкі, як правіла, звязаныя з рашэннем пытанняў мясцовага значэння. Па стане на канец 2017 года 43 рэгіёны ўдзельнічалі ў развіцці ініцыятыўнага бюджэтавання. Ад рэгіёна да рэгіёна спосаб рэалізацыі можа адрознівацца. Часцей за ўсё маюцца на ўвазе абмеркаванне бюджэтных пытанняў, удзел грамадзян і прадстаўнікоў мясцовай улады, серыйны працэс рэалізацыі, арганізацыя публічнай справаздачнасці.

У большасці рэгіёнаў праекты рэалізуюцца на аснове сумеснага фінансавання з некалькіх крыніц: субсідыі з рэгіянальнага бюджэту, уклад муніцыпальных бюджэтаў, а таксама добраахвотныя ўзносы з боку насельніцтва і бізнесу. І калі ў 2015 годзе ў Расіі было рэалізавана 2657 такіх праектаў, то ў 2016-м — 8732 праекты.

Як правіла, праграмы ініцыятыўнага бюджэтавання запускаюцца на рэгіянальным узроўні, але часам муніцыпальныя органы ўлады самі ініцыююць іх старт.

Найбольшы вопыт рэалізацыі праектаў ініцыятыўнага бюджэтавання ў Расіі назапашаны ў рамках такой практыкі, як Праграма падтрымкі мясцовых ініцыятыў (ППМІ), якая была запушчана ў 2007 годзе і ў далейшым рэалізоўвалася пры падтрымцы Сусветнага банка. Абавязковым кампанентам праграмы з'яўляецца суфінансаванне (нязначнае) праектаў з боку грамадзян, якое разглядаецца як спосаб выявіць сапраўды надзённыя праблемы.

Часцей за ўсё грамадзяне падтрымліваюць і суфінансуюць рамонт дарог і арганізацыю водазабеспячэння, рамонт аб'ектаў культурнай інфраструктуры, добраўпарадкаванне тэрыторыі паселішчаў, добраўпарадкаванне месцаў адпачынку і дзіцячых пляцовак, аб'ектаў спартыўнай інфраструктуры, арганізацыю асвятлення, супрацьпажарных мерапрыемстваў, добраўпарадкаванне месцаў пахаванняў.

Бы­ло...

Схема дзеяння

— З 2016 года Краснаярскі край таксама далучыўся да ініцыятыўнага бюджэтавання, — паведаміла Ірына Пастухова, першы намеснік міністра фінансаў Краснаярскага краю.

Так, федэральны праект засноўваецца на пагадненні Сусветнага Банка і Мінфіна Расіі па праекце «Развіццё ініцыятыўнага бюджэтавання (ІБ) у рэгіёнах РФ». Да яго, акрамя Краснаярскага краю, ужо далучыліся Кіраўская, Цвярская, Ніжагародская вобласці, Стаўрапаль, Хабараўскі край, Рэспубліка Башкартастан і Паўночная Асеція, Яўрэйская аўтаномная вобласць і інш.

Праграма падтрымкі мясцовых ініцыятыў мае відавочныя асаблівасці. Па-першае, выбар праекта адбываецца на сходзе жыхароў. Вызначаецца прыярытэтная праблема для вырашэння яе ў рамках праекта, зацвярджаецца сума ўкладу жыхароў у яго рэалізацыю, фарміруецца ініцыятыўная група для падрыхтоўкі конкурснай заяўкі. Па-другое, рыхтуецца заяўка для конкурсу. Распрацоўваецца каштарыс праекта, фарміруецца пакет дакументаў для ўдзелу ў конкурсе. Па-трэцяе, заяўка або перамагае ў конкурсе, або не. Праводзіцца рэгіянальны конкурс і выбар праектаў-пераможцаў, збор фінансавага ўкладу ўсіх удзельнікаў праекта, які перамог, пералічваюцца грашовыя сродкі ў мясцовы бюджэт.

Далей — будаўнічыя работы, г. зн. непасрэдная рэалізацыя праекта. Адбор падрадчыкаў (правядзенне конкурсу), заключэнне кантрактаў, выкананне работ, забеспячэнне нефінансавага ўкладу жыхароў, маніторынг рэалізацыі праекта, кантроль за выкананнем ходу работ. І нарэшце, самае прыемнае — урачыстае адкрыццё аб'екта, падвядзенне вынікаў рэалізацыі праекта ў муніцыпальным утварэнні, публікацыя вынікаў рэалізацыі праекта.

Адной з асаблівасцяў праграмы ў Краснаярскім краі з'яўляецца тое, што грамадзяне могуць укласціся ў праект не толькі грашыма, але і матэрыяламі. Напрыклад, будаўнічымі. Таксама ўдзел могуць браць і часта робяць гэта суб'екты малога і сярэдняга прадпрымальніцтва.

Але асноўная частка сродкаў паступае з мясцовага бюджэту: 85 % з краявога, 5 % — муніцыпальнага, 3 % — сродкі грамадзян, 7 % — без прывязкі да крыніцы фінансавання. «У сярэднім складачны капітал з грамадзян — па 300 рублёў з чалавека», — расказвае Ірына Пастухова. Гэта каля 10 беларускіх рублёў. «Пагадзіцеся, грошы невялікія, і таму людзі іх досыць ахвотна аддаюць», — дзеліцца першы намеснік міністра.

...ста­ла.

Ад Дома культуры да водаправода

Пры гэтым адносна невялікія грашовыя ўкладанні з чалавека цягнуць за сабой прыемныя наступствы. Напрыклад, людзі пачынаюць сачыць не толькі за ходам работ, але і за тым, каб адрамантаваныя аб'екты не зруйнавалі, каб іх не пашкодзілі. Таксама адзін са станоўчых эфектаў — рост узроўню даверу жыхароў да прадстаўнікоў улады. Па апытаннях Сусветнага банка, тыя, хто ўзяў удзел у ініцыятыўным бюджэтаванні, пачынаюць больш давяраць розным узроўням улады.

Па словах Ірыны Пастуховай, далучыцца да праграмы хочуць муніцыпалітэты не толькі Краснаярскага краю, але і іншых. Людзі бачаць, як мяняюцца да лепшага гарады і вёскі, якія задзейнічаны ў праграме, і таксама праяўляюць ініцыятыву па змяненні чагосьці ў сваім паселішчы. Бо самае прывабнае ў тым, што не кіраўнік муніцыпалітэта, а менавіта сход жыхароў вырашае, на што ў першую чаргу выдаткоўваць грошы.

Прытым праекты могуць быць самымі разнапланавымі. За мінулы год па праграме быў рэалізаваны 51 праект: абсталявана 16 дзіцячых ці спартыўных пляцовак, зроблена 12 рамонтаў палацаў культуры, праведзена сем добраўпарадкаванняў могілак, а таксама праекты датычыліся рамонту вулічнага асвятлення, водаправода, пажарнага паста і паляпшэння тэрыторыі сельсаветаў. «Так мы спрабуем заахвоціць людзей удзельнічаць у самакіраванні, разам з мясцовымі ўладамі накіроўваць свае сілы на тое, каб палепшыць жыццё ў населеных пунктах», — рэзюмавала Ірына Пастухова.

Вераніка ПУСТАВІТ,

г. Краснаярск

Загаловак у газеце: Што нам трэба, вызначаем самі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?