Вы тут

Дэпутаты Кармянскага райсавета вырашылі паказаць прыклад мясцовым жыхарам


Сабралі грошы і за гэты кошт замянілі або адрамантавалі абсталяванне на дзіцячых пляцоўках, паставілі і пафарбавалі лаўкі, альтанкі, пясочніцы, горкі... Так, дзякуючы дэпутацкай ініцыятыве, у раёне былі добраўпарадкаваны 12 дваровых тэрыторый.


Пад­час чар­го­вай су­стрэ­чы з мяс­цо­вы­мі жы­ха­ра­мі.

— Калі мы бачым праблему, заўсёды імкнёмся яе не толькі агучыць, але і вырашыць, — гаворыць старшыня Кармянскага раённага Савета дэпутатаў Таццяна Шэхцер. — Толькі пасля гэтага потым можна будзе нешта патрабаваць ад іншых. Да таго ж, нашы дэпутаты добраўпарадкавалі і тры крыніцы: усталявалі кольцы, каптажы, лаўкі, парэнчы да спускаў. Зрабілі зручнымі падыходы да вады. Запрасілі святара, які асвяціў крыніцы.

Як і паўсюдна, на Кармяншчыне праходзяць прыёмы грамадзян, дзень дэпутата, дзень сельскага Савета, сесіі, пасяджэнні камісій і прэзідыума... І ўсё ўрэшце для таго, каб пачуць патрэбы людзей. Жывы дыялог адбываецца штодзённа. У тым ліку там, дзе райсавет арганізоўвае выязныя нарады.

— Мы выбіраем самыя актуальныя тэмы. Спачатку наведваем населеныя пункты пэўнага сельсавета, а потым падводзім вынікі на пленарнай нарадзе. Зусім нядаўна правялі сесію раённага Савета дэпутатаў, дзе разглядалі работу Кароцькаўскага сельскага Савета па комплексным развіцці тэрыторыі і навядзенні парадку на зямлі. Для гэтага запрасілі да ўдзелу начальніка землеўпарадкавальнай службы Гомельскага аблвыканкама Аляксандра Матараса. Ва ўсіх справах нам вельмі дапамагае актыў — гэта не толькі дэпутаты, але і старэйшыны населеных пунктаў, моладзь. Калі праводзім дні дэпутата, абавязкова наведваем усе вёскі сельсавета. Імкнёмся паразмаўляць літаральна ў кожным доме з кожным жыхаром. Глядзім, як праведзена добраўпарадкаванне, звяртаем увагу на бяспеку жыхароў. Вельмі многа даюць непасрэдныя стасункі. Менавіта так мы даведваемся аб праблемах людзей. А потым ладзім круглы стол, на які запрашаем усіх: старэйшын, дэпутатаў, актыў, моладзь, кіраўнікоў прадпрыемстваў і арганізацый, якія знаходзяцца на гэтай тэрыторыі.

У Год малой радзімы абвясцілі свой конкурс на стварэнне малых архітэктурных кампазіцый. Таццяна Валянцінаўна расказвае, як моладзь Ворнаўскага сельсавета зрабіла яго візітоўку. Прыдумалі нават лагатып і растлумачылі падрабязна, што ён азначае. Такім чынам была праведзена і краязнаўчая работа.

— Мы пабачылі, што наша моладзь зацікаўлена, каб даведацца і захаваць гісторыю сваіх вёсак. Яны ж дайшлі да кожнай бабулі, якія памятаюць традыцыі населеных пунктаў, распыталі пра мінулае і зрабілі творчае ўвасабленне... Сёння вельмі актуальная для нас тэма — працаўладкаванне грамадзян. Як адзін з кірункаў у гэтай рабоце — праект, які рэалізуецца на тэрыторыі Барсукоўскага сельсавета. Сёлета ў лютым пярвічнай арганізацыяй Гомеля «Беларуская асацыяцыя маладых хрысціянскіх жанчын» была запушчана адукацыйная ініцыятыва «Стварэнне ў Кармянскім раёне Гомельскай вобласці Цэнтра нефармальнай адукацыі» ў межах праекта «Вучыцца, каб дзейнічаць». Ён фінансуецца Еўрапейскім саюзам і суфінансуецца DVV Іntеrnаtіоnаl. Партнёрамі ў ажыццяўленні ініцыятывы выступаюць Кармянскі раённы Савет дэпутатаў, Кармянскі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва і Барсукоўскі сельскі Савет дэпутатаў. Мэтай праекта з'яўляецца адаптацыя людзей, якія апынуліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, да патрабаванняў рынку працы і садзейнічанне ім у пераадоленні крызісных сітуацый.

Уцягнуць жыхароў раёна ў занятак мастацкай творчасцю ўжо атрымалася. З мая ў Барсукоўскім сельсавеце прыступілі да навучання мэтавай групы. Яе ўдзельнікі займаюцца не толькі тэарэтычнай падрыхтоўкай, але і практыкай на занятках мастацкай творчасцю. Для іх праходзяць майстар-класы па пэчворку. Таццяна Валянцінаўна расказвае, што першыя коўдры, зробленыя рукамі мясцовых майстрых, ужо здзівілі прыгажосцю.

— Людзі ж навучаюцца не толькі тэхніцы шыцця з абрэзкаў тканіны, але і атрымліваюць навыкі работы на швейнай машынцы, навучаюцца рамантаваць старыя рэчы. Пэчворк можа стаць не толькі займальным творчым заняткам, але і выгадным — ён не патрабуе вялікіх выдаткаў. Кавалачкі тканін заўсёды можна знайсці дома і зрабіць з іх карысныя рэчы, якія ўяўляюць мастацкую каштоўнасць. Магчыма, для кагосьці гэты занятак у далейшым перарасце ў невялічкі бізнес. Сёння ў групе займаюцца і сталыя людзі. Для многіх пры гэтым важныя і стасункі паміж сабой.

Акрамя таго, у межах праекта 30 чалавек будуць навучацца іншым спецыяльнасцям. Пасля анкетавання былі выбраны кірункі, актуальныя для жанчын, напрыклад, майстры па манікюры і педыкюры. Жанчыны будуць навучацца ў Гомелі, каб потым мець магчымасць адкрыць сваю справу, маючы на руках дакумент пра наяўнасць спецыяльнасці. Праект прадоўжыцца да 2020 года.

Важным сродкам выкарыстання грамадскага патэнцыялу насельніцтва і ўладкавання тэрыторый на Кармяншчыне лічаць і правядзенне свят вёсак. Падчас такіх мерапрыемстваў людзі не толькі парадак наводзяць, але і пачынаюць адчуваць гонар за свой населены пункт. Такім чынам з'яўляецца і жаданне зрабіць свой асабісты ўнёсак, каб малая радзіма стала яшчэ лепшай, яшчэ прыгажэйшай.

— Аднак трэба шчыра сказаць, што на ўзроўні мясцовых Саветаў дэпутатаў пярвічнага звяна асобныя праблемы мы вырашаем яшчэ не ў поўнай ступені, а гэта ў выніку прыводзіць да зваротаў у вышэйстаячыя органы ўлады. Таму неабходна ўдасканальваць работу ў гэтым кірунку, у першую чаргу больш выкарыстоўваць патэнцыял дэпутацкага корпуса, органаў мясцовага самакіравання і грамадскіх фарміраванняў, — лічыць Таццяна Шэхцер.

Ірына АСТАШКЕВІЧ

Загаловак у газеце: Дайсці да кожнай бабулі

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».