Гродзенская пісьменніца Ліна Багданава вядомая як аўтарка дэтэктываў, жаночых аповесцяў і раманаў. У мінулым годзе пісьменніца вырашыла звярнуцца да падлеткавай аўдыторыі. Так з’явілася серыя «В контакте» — некалькі выданняў, у якіх прадстаўлены арыгінальныя апавяданні-рэфлексіі.
Сёлета ў выдавецтве «Народная асвета» выйшлі дзве кніжкі згаданай серыі «Конец света отменяется» (12+) і «Настроение цвета “мокрый асфальт”» (14+). Творы Ліны Багданавай адразу ўключаюць чытача ў абмеркаванне праблем сучасных падлеткаў, яны максімальна інтэрактыўныя і... аптымістычныя.
Пісьменніца ўпэўнена, што свет вакол нас цудоўны і прыгожы. Але ў жыцці нярэдка здараюцца складаныя сітуацыі, непаразуменні і канфлікты, і зрабіць правільны выбар, аб’ектыўна ацаніць праблему атрымліваецца далёка не заўсёды. Асабліва ў падлеткавым узросце, калі чалавек пачынае адчуваць сябе самастойным і часта ігнаруе парады старэйшых сваякоў. Дапамагчы тут можа кніга, у якой прадстаўлены розныя погляды і ацэнкі, а аўтар ставіцца да юнага чытача з безумоўнай павагай, добразычлівасцю і разуменнем.
Ліна Багданава апісвае рэальныя гісторыі з жыцця сучасных падлеткаў і прыводзіць парады ад людзей рознага ўзросту і розных прафесій. У якасці каментатараў выступаюць: «шкодная настаўніца», «прыгажуня», «дасведчаны псіхолаг», «першакласнік з яблыкам», «прасунуты вучань старэйшага класа», «бабуля з пруткамі» і «жыхар Камчаткі». Безумоўна, кожны з гэтых персанажаў мае свой погляд на праблемы галоўнага героя. Шкодная настаўніца ацэньвае сітуацыю крытычна, выказваецца іранічна і часам з’едліва. Дасведчаны псіхолаг прапануе прафесійнае тлумачэнне — каб чытач уважліва прааналізаваў усе прычыны, наступствы і акалічнасці. Прыгажуня глядзіць на рэчы як тыповая модная дзяўчынка, і калі справа датычыцца іншых, то дэманструе выдатную праніклівасць і здагадлівасць. Меркаванне прасунутага вучня будзе імпанаваць большасці чытачоў: разумны, сучасны, адэкватны, здольны падтрымаць і папярэдзіць пра памылку — менавіта так кожны з нас некалі ўяўляў ідэальнага старэйшага брата. Рэплікі каментатараў часам падаюцца прадказальнымі, нават банальнымі. У лідарах тут, вядома, бабуля з пруткамі, якая лічыць праблемы падлеткаў дробнымі, суадносіць сучаснае жыццё з эпохай сваёй маладосці і ўпарта нагадвае пра сямейную ўтульнасць. Так, дома чакаюць смачныя бліны, а ў час бабулінай маладосці сукенку шылі на некалькі гадоў — але ўсё гэта наўрад ці дапаможа сённяшняй дзяўчыне больш упэўнена пачувацца ў стасунках з аднагодкамі. Кнігі Ліны Багданавай вучаць адрозніваць удумлівае меркаванне ад дзяжурнай парады на кожны дзень і разам з тым пагаджацца з рэчамі відавочнымі.
У кожнай кнізе апісана каля дзесяці гісторый. Дзяўчынка захапляецца гульнямі на планшэце і не паспявае рабіць урокі ці сустракацца з сяброўкамі. Шасцікласнік любіць расказваць фантастычныя гісторыі і хутка пачынае адчуваць сябе ў класе дзіваком. Нядаўні выдатнік не можа засяродзіцца на новых прадметах і імкліва губляе пазіцыі ў вучобе. Бабуліна хвароба зрывае сямейны адпачынак на Чорным моры. Як правільна ставіцца да сітуацыі? Як выправіць уласныя недахопы, пераадолець сябе і стаць іншым? Пасля кожнай гісторыі Ліна Багданава прапануе некалькі водгукаў (кожны — максімум на 2 старонкі), якія дазваляюць убачыць сітуацыю ў розных аспектах. Кожны каментар — гэта эмацыянальны, жывы, непасрэдны водгук. Каментатары дзеляцца не толькі сваімі меркаваннямі, але і ўражаннямі і настроем.
І гэта напраўду мае быць вельмі карысна! Аўтар не толькі падказвае, як вырашаць праблемы, але і вучыць тактоўна ставіцца да адмоўных якасцей іншых людзей. Не трэба кпіць з ганарліўкі-аднакласніцы ці абурацца на сябра-фантазёра. Раней ці пазней кожны з іх зразумее сваю праблему, і ў гэты момант вельмі важна падтрымаць чалавека разумнай парадай.
Яшчэ адна важная асаблівасць кнігі — імкненне аўтаркі скіраваць чытачоў на тое, што прадуктыўная, плённая камунікацыя, абмен досведам, абмеркаванне праблем можа адбывацца ў тым ліку ў інтэрнэце — праз сацыяльныя сеткі. Ліна Багданава нават стварыла публічную старонку «Вконтакте» — і прапануе чытачам задаваць тут пытанні аўтарам і героям кнігі, пакідаць свае каментары і меркаванні, дзяліцца перажываннямі і назіраннямі.
Адмысловы фармат выдання, адметная структура кнігі дакладна прывабяць падлеткаў і дапамогуць вырашыць многія складаныя пытанні. Запачаткаваная серыя, бясспрэчна, вартая працягу!
Юлія ШПАКОВА
Цэны на ліквіднае жыллё ў сталіцы выраслі на 5 працэнтаў.
Ці варта бацькам падымаць трывогу, калі дзіця захапілася гэтым відам спорту?
Укараняюцца інавацыйныя тэхналогіі ў практыку работы дзіцячых садкоў.