Вы тут

Бельгія абыграла Англію, але можа трапіць на Бразілію


Апошнія два матчы групавога турніру чэмпіянату свету адбыліся ў групе G.


Англічане і бельгійцы наладзілі “разборкі” лідараў, прычым сапернікі вырашылі даць адпачыць многім гульцам асноўнага саставу, што ніколі не падабаецца гледачам ды й арганізатарам любых турніраў. Амаль таварыскі статус гульні яскрава адлюстроўваўся і на полі —  абедзве каманды занадта не фарсіравалі ход падзей, не ішлі ў сапраўдную барацьбу, практычна не выкарыстоўвалі прэсінг, а часам наогул проста каталі мяч.

Гэта, зразумела, выклікала незадавальненне трыбун, яны раз-пораз пасвіствалі ў бок футбалістаў, а перад перапынкам увесь стадыён гулам і свістам выказаў сваё меркаванне пра гульню. У гэтым матчы сапернікі відавочна не жадалі як гуляць па-сапраўднаму – каб не атрымаць выпадковую траўму, так і  перамагаць — уладальнік першага месца ў групе па сетцы плей-оф патэнцыйна выходзіў на Бразілію.

У другім тайме каманды працягнулі цягнуць футбольную “гумку”, але спакой гульні парушыў бельгіец Аднан Янузай, які прыгожым голам адкрыў лік у матчы. Англічане “пакрыўдзіліся”, пабеглі ў адказ атакаваць вароты саперніка, стварылі некалькі небяспечных момантаў, але ці то не змаглі, ці то не захацелі іх рэалізаваць. У канцы матча хутчэй Бельгія была бліжэй да другога гола, чым Англія да таго, каб адыграцца. У выніку брытанцы пазбеглі ранняй сустрэчы з Бразіліяй (пры ўмове, што ў 1\8 фіналу пройдуць Калумбію), але ці прынясе ім гэта плён — пакажа гульня.

У другім матчы, які не меў значэння для размеркавання месцаў у групе, выяўлялі мацнейшага каманды Туніса і Панамы. Барацьбы амаль не атрымалася: афрыканцы ўпэўнена кантралявалі мяч, нагружалі работай панамскага галкіпера, і ў выніку… прапусцілі самі. Футбалістам Панамы ўдалася ў першым тайме адна з рэдкіх атак, і з дапамогай рыкашэта ад тунісца Ясіна Мерыі, на якога і запісалі аўтагол, яны выйшлі наперад.

Туніс гэта збянтэжыла, але не засмуціла, афрыканскія футбалісты працягнулі штурмаваць вароты саперніка і дабіліся свайго ў другім тайме: спачатку Фахрэдзін Бен Юсеф зраўняў лік, а потым Вахбі Хазры вывеў сваю каманду наперад. Гэткі вынік больш адпавядаў лагічнаму ходу матча, такім ён і застаўся. Тунісцы атрымалі сваю перамогу на турніры, а іх нападаючы Бен Юсеф стаў уладальнікам своеасаблівага рэкорду: яго гол стаў 2500-м у гісторыі чэмпіянатаў свету. А каманда Панамы, хоць і прайграла ўсе матчы, але паказала даволі захапляльны футбол, і даставіла сваім балельшчыкам свята дэбютам на чэмпіянатах свету.

Такім чынам, у 1\8 фіналу чэмпіянату свету 2018 года ў Расіі згуляюць:

30 чэрвеня, субота
17.00 Францыя – Аргенціна
21.00 Уругвай – Партугалія

1 ліпеня, нядзеля
17.00 Іспанія – Расія
21.00 Харватыя – Данія

2 ліпеня, панядзелак
17.00 Бразілія – Мексіка
21.00 Бельгія – Японія

3 ліпеня, аўторак
17.00 Швецыя – Швейцарыя
21.00 Калумбія – Англія

Іван КУПАРВАС

Фота rsport.ria.ru

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».