Вы тут

Што сказаў бы граф Браніцкі*


Суразмоўнік «Звязды» — дырэктар адной з вядучых гаспадарак краіны — племзавода «Рось» Віктар Заміроўскі.


— Ці правільна будзе сказаць, Віктар Антонавіч, што гаспадарка ваша размешчана на былых землях графа Браніцкага?

— Я не думаю, што ў графа Браніцкага было столькі зямель, як у нас — больш за 10 тысяч гектараў. Так што больш правільна сказаць: былыя землі графа размешчаны на нашай тэрыторыі.

— З навін на сайце даведаліся, што вы плануеце паглыбляць спецыялізацыю ў жывёлагадоўлі. Якім чынам і за кошт чаго? За кошт раслінаводства?

— Не за кошт, а паралельна. Племзавод створаны на базе трох прадпрыемстваў, і жывёлагадоўля не была развіта ўсюды аднолькава добра. За апошнія тры-чатыры гады мы пабудавалі шэсць новых фермаў для ўтрымання буйной рагатай жывёлы і капітальна адрамантавалі яшчэ тры. У тым ліку пабудавалі малочнатаварную ферму «Дубаўцы» — там дзве чаргі. Працягваем рамантаваць жалезабетонныя будынкі старых фермаў. Усё гэта для таго, каб нарасціць пагалоўе. У нас сёння 5800 галоў жывёлы, з іх — 2145 галоў дойнага статку, размешчанага на пяці фермах. І гэта пакуль не тая нагрузка на зямлю, якая павінна быць. Для нармальнага функцыянавання гаспадаркі плануем у найбліжэйшы час выйсці на 2500 галоў дойнага статку і прыкладна на сем з паловай тысяч агульнага пагалоўя жывёлы. Калі будзе жывёла — будуць арганічныя ўгнаенні і ўрадлівасць глебы таксама. Памяшканні ёсць, кармы ёсць, нарошчваем пагалоўе, нарошчваем яго прадукцыйнасць і аб'ёмы вытворчасці.

На­чаль­нік комп­лек­су «Ду­баў­цы» Люд­мі­ла Шча­ка­ці­хі­на.

— Пра найбліжэйшыя планы сапраўды лепш гаварыць мовай лічбаў...

— У жывёлагадоўлі стабільна маем 13 тысяч тон малака, тысячу тон мяса. Устойліва атрымліваем дастаткова высокія прыбаўленні ў вазе на вырошчванні, на адкорме. Малочная прадукцыйнасць жывёлы ў нас не маленькая, сярэдні ўдой на карову — 6300 кілаграмаў. Планы такія — атрымліваць не менш за сем з паловай. Для гэтага патрэбны час і мэтанакіраваная работа. А патэнцыял у нас ёсць. Засталося крыху падвучыць кадры, крыху пераўзброіцца тэхнічна для больш эфектыўнай нарыхтоўкі кармоў, удасканаліць тэхналогіі.

На сённяшні дзень, як мы бачым, адзін з найбольш выгадных кірункаў жывёлагадоўлі — гэта менавіта малочная вытворчасць, малочная жывёлагадоўля. Нягледзячы на тое, што ў нас рэалізуецца шмат прадукцыі раслінаводства, цяпер малако дае амаль 50 працэнтаў выручкі, і ёсць куды расці.

Якія задачы перад сабой ставім? Да гэтага мы стабільна атрымлівалі 15—16 тысяч тон збожжа штогод, больш за паўтары тысячы тон рапсу, недзе 20 тысяч тон буракоў. Лічым, што наша зямля можа даваць большую аддачу. Зразумела, калі ў яе ўкладваць.

Думаем, што на нашых землях можна атрымліваць 20—22 тысячы тон збожжа штогод і да 30 тысяч тон буракоў, дзве тысячы тон рапсу стабільна.

Летась мы нядрэнна зарабілі на сваёй раслінаводчай галіне. Вырасцілі харчовую пшаніцу і піваварны ячмень цудоўнай якасці, прадалі па неблагой цане. Праўда, год на год не падобны, сёлетнія ўмовы надвор'я пацвярджаюць гэта. Засушлівасць апошніх месяцаў можа нам нашкодзіць.

Га­лоў­ны заа­тэх­нік плем­за­во­да «РОСЬ» Ва­лян­ці­на Мя­леш­ка, заа­тэх­нік-се­лек­цы­я­нер Але­на Ма­ка­рэ­віч і на­чаль­нік комп­лек­су «Ду­баў­цы» Люд­мі­ла Шча­ка­ці­хі­на.

— Як у вашай амаль прыгараднай гаспадарцы (у гэтым звычайна складанасць) ідуць справы з кадрамі?

— Кадравае пытанне ў асноўным вырашана, механізатарамі і жывёлаводамі забяспечаны. Ёсць вакансіі ў ветэрынарнай службе. Хацелася б мець запас людзей, каб нарасціць аўтатрактарны парк, хоць ён і так не малы.

І вось што яшчэ трывожыць у гэтым сэнсе: працоўная змена прыходзіць нераўназначная, тым жа механізатарам. Вякамі выпрацоўвалася псіхалогія вясковай працы: пачаўся сезон, і ўсё адступае на другі план: адпачынак, асабістыя нейкія клопаты. Такой самаадданасці маладым часта не хапае. Пакуль касцяк механізатарскіх кадраў моцны — ім гадоў па 40, яны ўсё разумеюць і жывуць па «законах хлебнай нівы». У гарачы час іх патрэбна апоўначы з поля зганяць, каб паспелі адпачыць да новага дня. А вось зусім маладых варта выхоўваць і выхоўваць на такіх прыкладах, інакш упусцім.

— Раскажыце, калі ласка, пра сваю сацыяльную палітыку.

— Зараз для сваіх працаўнікоў будуем чатырохкватэрны дом у Росі, у верасні, думаю, будзе наваселле. Чарга на жыллё ў нас невялікая — восем чалавек на калектыў у 500 «штыхоў» — гэта нямнога. Бо раней будавалі жылля шмат.

Штомесячна ў дапаўненне да заработнай платы (480 рублёў) выдаём кожнаму работніку, які не быў заўважаны ў парушэннях працоўнай дысцыпліны, бясплатна прадуктовы пакет. Прыкладна на 40 рублёў. Туды ўваходзіць прадукцыя Ваўкавыскага мясакамбіната, Беллакта, уласнай вытворчасці — гэта могуць быць свае мясныя кансервы, свой паўцвёрды сыр ці мёд з пасекі суседзяў, іншая прадукцыя. Калі вядзецца адлоў рыбы ў нашай сажалкавай гаспадарцы — рыбы пакладзём. Збіраем ураджай у сваім садзе — дабавім яблыкаў, бо штогод гэта паўтары-дзве тысячы тон фруктаў.

На нашай тэрыторыі размешчаны чатыры школы, тры дзіцячыя садкі, тры дамы культуры, тры бібліятэкі, чатыры амбулаторыі, пяць магазінаў, некалькі кафэ, свой музей. Усім па меры магчымасці дапамагаем выжываць і радаваць людзей.

Такая вось наша сацыяльная палітыка, канкрэтная.

Ды­рэк­тар плем­за­во­да «Рось» Вік­тар За­мі­роў­скі ў маладым садзе.

Расказ дырэктара дапаўняе галоўны заатэхнік-селекцыянер Валянціна Мялешка. Валянціна Сямёнаўна — ветэран вытворчасці, адказвае за важны кірунак у дзейнасці гаспадаркі — вырошчванне племяннога маладняку буйной рагатай жывёлы з высокім генетычным патэнцыялам прадукцыйнасці. Гэтай справе яна прысвяціла фактычна ўсё жыццё.

— Калі гаварыць абагулена, то наша работа як племзавода скіравана на ўдасканаленне статка. Вядома ж, на аснове інтэнсіўнага адбору маладых кароў з рэкорднымі надоямі, вырошчвання рамонтнага маладняку.

Але спачатку скажу, хто займаецца гэтай справай: заатэхнікі-селекцыянеры, а яны ёсць на кожнай ферме, разам з загадчыкамі і брыгадзірамі фермаў. У гаспадарцы працуюць таксама ўрач-гінеколаг і тэхнікі па штучным асемяненні.

Адна з нашых асноўных задач — атрыманне маладняку менавіта з высокім генетычным патэнцыялам. Вялікая ўвага — цялушкам, кожную з якіх трэба вырасціць з сярэднясутачным прыбаўленнем у вазе, не ніжэйшым за 800 грамаў. Калі яна расцеліцца — не менш важная задача раздаіць яе да 10 тысяч кілаграмаў малака. Бычкоў ад мам з такой прадукцыйнасцю ва ўзросце да чатырох месяцаў мы рэалізуем на племпрадпрыемствы краіны, іх сярэднясутачнае прыбаўленне ў вазе павінна быць не меншае за 900 грамаў. Тавар гэта штучны, і за апошнія сем гадоў у нас рэалізавана амаль 350 галоў такіх бычкоў з высокімі генетычнымі паказчыкамі.

Каб атрымаць годныя прыбаўленні ў вазе цялушак, створаны ўсе ўмовы, у тым ліку ёсць домікі для індывідуальнага вырошчвання. Дойны статак абслугоўваюць сучасныя даільныя ўстаноўкі «Вестфалія» і вытворчасці Гомельаграсэрвіса.

Ла­ба­рант Мі­ра­сла­ва Ра­ма­но­віч бя­рэ ма­ла­ко на про­бу.

Наш статак фарміраваўся спачатку на аснове беларускай чорна-пярэстай пароды. Потым завезлі кароў з Германіі, затым — з Даніі, Чэхіі. Апошні завоз быў з Венгрыі. Бычкі-вытворнікі — як айчыннай, так і імпартнай селекцыі, геномнаацэненыя, з высокім патэнцыялам. Выкарыстоўваем семянны матэрыял з высокімі паказчыкамі прадукцыйнасці — з той жа Германіі, Швецыі, Канады, ЗША, нават Францыі.

Навуковае суправаджэнне нашай работы ажыццяўляе БелНДІ жывёлагадоўлі ў Жодзіне. Мы таксама шчыльна працуем з Гродзенскім аграрным універсітэтам, іх вельмі моцныя спецыялісты займаюцца трансплантацыяй эмбрыёнаў. Ад адной мамы — каровы-донара, пры пэўнай падрыхтоўцы атрымліваем некалькі эмбрыёнаў. Перасаджваем іх цялушкам-рэцыпіентам, якія выношваюць плод, і таксама атрымліваем здаровае перспектыўнае папаўненне.

На працягу апошніх шасці гадоў прадстаўляем на рэспубліканскую выстаўку «Белагра» сваіх каровак з сярэднясутачным надоем не ніжэй за 40 літраў. Ацэнка іх вядзецца па 18 паказчыках, пад увагу бярэцца, канешне, і прадукцыйнасць. Сёлета наша Расінка заняла другое месца ў рэспубліцы сярод кароў на першай лактацыі.

Так што на базе нашага прадпрыемства фарміруецца генетычны патэнцыял дойнага статку краіны.

УНП 500029455

*На правах рэкламы

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.