Вы тут

Фінал конкурсу юных чытальнікаў «Жывая класіка» адбудзецца 1 верасня


Фінал рэспубліканскага конкурсу юных чытальнікаў «Жывая класіка» адбудзецца 1 верасня ў Іванаве. Менавіта гэты горад з'яўляецца сёлета сталіцай Дня беларускага пісьменства. Там жа адбудзецца і ўрачыстае ўзнагароджанне пераможцаў конкурсу.


У сёлетніх творчых чытаннях, якія праходзілі пад дэвізам «Чытаем шмат, чытаем разам, ствараем сябе і краіну», прыняло ўдзел амаль 15 тысяч школьнікаў з розных куткоў Беларусі. Асаблівую ўвагу юныя чытальнікі скіроўвалі на тэму малой радзімы, нярэдка выбіралі тых аўтараў, якія звязаны з роднымі мясцінамі саміх выступоўцаў.

Кіра Вайцяхоўская з Віцебска, напрыклад, абрала твор Кандрата Крапівы «Мурашка і жук». Ксенія Кальцова са Жлобіна чытала верш Эдуарда Валасевіча «Два мядзведзікі». Іван Баракаў з Астраўца прачытаў вельмі пранікнёны твор Галіны Баракавай «Васількі», прысвечаны тэме Другой сусветнай вайны. Паліна Тарарай са Стоўбцаў шыкоўна ўвасобіла класічны твор Янкі Купалы «Сын і маці».

Варта адзначыць, што ўдзельнікі надзвычай сур'ёзна падышлі да конкурсу. Многія з іх былі апрануты ў касцюмы з нацыянальным каларытам. Часам на сцэне разыгрываліся сапраўдныя мініяцюры — з дадатковым рэквізітам, з адначасовым выкананнем чытальнікам адразу некалькіх роляў. Без перабольшвання ўсе ўдзельнікі чыталі надзвычай артыстычна.

Падтрымаць дзяцей на паўфінале, які праходзіў у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, прыехалі іх бацькі, сваякі. І ўсе імкнуліся натхніць, падбадзёрыць, звярнуць увагу на пэўныя чытальніцкія хітрыкі, каб паспрыяць перамозе свайго сына ці дачкі.

Такім чынам, конкурс сапраўды стаў відовішчным, цікавым святам. Бо з вуснаў маладога пакалення гучалі вершы, пададзеныя ў надзвычай яскравай, прывабнай форме. Бо па-новаму асэнсоўвалася айчыннай класіка. Бо родная мова рабілася такой актуальнай і блізкай.

Дарэчы, тэлеканал СТБ пакажа тэлевізійную версію фіналу творчага спаборніцтва. А «Звязда» будзе сачыць за развіццём падзей у Іванаве.

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.