Вы тут

Аляксандр Лукашэнка разгледзеў кадравыя пытанні


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка разгледзеў кадравыя пытанні. Так, былі прызначаны кіраўнікі ўпраўленняў Камітэта дзяржаўнай бяспекі, намеснік старшыні структуры, а таксама начальнік адпаведнай адукацыйнай установы.


“Нягледзячы на тое, што гэта арганізацыя ваенная, людзі ў ёй усё адно павінны быць досыць самастойнымі. Асобамі павінны быць”, – падрэсліў кіраўнік дзяржавы. У прынцыповасці кандыдатаў яго ўпэўніў старшыня КДБ Валерый Вакульчык. 

“Супакойвацца нам ніхто не дасць, – заявіў беларускі лідар. – У нас не так спакойна і вакол краіны. Гэта таксама часткова ваша праблема, ваша задача. Але там у нас ёсць ваенныя. Яны павінны забяспечыць ваенную бяспеку дзяржавы. Але і міліцыя, і Камітэт дзяржбяспекі – людзі не пабочныя. Улічваючы нават вопыт мінулай вайны, пад ружжо сталі ўсе, калі порахам запахла. Але галоўная ваша задача – бяспека тых працэсаў і таго стану дзяржавы, што забяспечваюцца ўнутры. І вам – вялікі давер, але і значныя патрабаванні”.

Камітэт дзяржбяспекі шмат чаго робіць і для эканамічнай бяспекі краіны. Прэзідэнт станоўча ацаніў, як наладажна зараз яго работа. “Але пры гэтым я хачу адзначыць, што ў камітэта не толькі адно з галоўных пытанняў – барацьба з карупцыяй і іншымі падобнымі выпадкамі. У камітэце ёсць такія напрамкі, як разведка, контрразведка. Вы забяспечваеце Прэзідэнта і іншых кіраўнікоў надзейнай сувяззю”, – заўважыў Аляксандр Лукашэнка і дадаў, што зараз з’явіўся і новы кірунак дзейнасці – барацьба з тэрарызмам. І хаця ў Беларусі з гэтым значных праблем няма, у свеце іншыя, адмоўныя тэндэнцыі.

“Не дапусціма, каб, не дай бог, у Камітэце дзяржбяспекі з’явіліся тэндэнцыі, супраць якіх мы з вамі змагаемся. Я маю на ўвазе карупцыю, хабарніцтва. Несумленныя, амаральныя паводзіны нашых кіраўнікоў – з нізу да верху, – сказаў кіраўнік дзяржавы і яшчэ раз заклікаў не дапусціць падобных з’яў у межах Камітэта. – Народ мяне адразу папракне ў тым, што я вам занадта давяраў, а вы паглядзіце, якія яны самі. У нас няма людзей, якія знаходзяцца па-за кантролем”. І такая палітыка павінна дзейнічаць без выключэнняў, падкрэсліў Прэзідэнт.

Па яго словах, КДБ быў і ёсць своеасаблівым чысцілішчам. Таму там павінны працаваць сумленныя, шчырыя, прафесійныя кадры, якія будуць разумець, што на іх плячах будзе ляжаць галоўнае – бяспека і суверэнітэт дзяржавы. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ўнутры структуры павінен быць бездакорны парадак. “Вы многія сыходзіце працаваць у тэрытарыяльныя органы. Запомніце: ніякай кругавой парукі. Я ўжо міма старшыні, хаця і ён чалавек, які ніколі не падводзіў, назіраю за гэтым працэсам”, – сказаў кіраўнік дзяржавы. Ён загадаў адшукаць агульную мову з кіраўнікамі сваіх рэгіёнаў, але ні ў якім разе не думаць пра “дапамогу” ім па сяброўстве. Пры гэтым беларускі лідар падкрэсліў, што давярае структуры, але гэта не выключае кантролю над ёй.

Кіраўнік дзяржавы прызначыў:

  • Уладзіміра Калача – намеснікам Старшыні Камітэта дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь
  • Дзмітрыя Рэуцкага – начальнікам УКДБ па г.Мінску і Мінскай вобласці
  • Алега Сталерчука – начальнікам УКДБ па Віцебскай вобласці
  • Аляксандра Церахава – начальнікам УКДБ па Магілёўскай вобласці
  • Аляксандра Невяроўскага – начальнікам УКДБ па Гродзенскай вобласці
  • Сяргея Гладышава – начальнікам УКДБ па Брэсцкай вобласці
  • Вячаслава Язэрскага – начальнікам ДУА “Інстытут нацыянальнай бяспекі”

З першых вуснаў

Валерый ВАКУЛЬЧЫК, старшыня Камітэта дзяржаўнай бяспекі:

– Няпростая абстаноўка складваецца ў свеце, у тым ліку і вакол Рэспублікі Беларусь. Гэта выклікае пытанні аб бяспецы краіны. У тым ліку і тыя, што адносяцца да кампетэнцыі КДБ. З яго – асаблівае патрабаванне. Кіраўніком дзяржавы былі акрэслены задачы па аптымізацыі камітэта і павышэнні эфектыўнасці яго работы, амаладжэнню і ратацыі кадраў. Супрацоўнікі камітэта павінны быць узорам. Бо каб аб’ектыўна глядзець на іншых, трэба самім быць бездакорнымі.

Вераніка ПУСТАВІТ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.