Вы тут

Выступленне Прэзідэнта Беларусі на парадзе ў азнаменаванне Дня Незалежнасці


Таварышы салдаты, сяржанты, прапаршчыкі і афіцэры!

Дарагія ветэраны!

Паважаныя суайчыннікі і госці!

Сёння наша краіна адзначае галоўнае дзяржаўнае свята - Дзень Незалежнасці. Гэты дзень па праву заняў асаблівае месца ў гісторыі Беларусі. У ім разам зліліся свяшчэнныя для кожнага з нас паняцці - Свабода і Незалежнасць.

Семдзесят чатыры гады таму ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў была вызвалена сталіца Беларусі - горад Мінск. 

У барацьбе з бязлітасным агрэсарам нашы суайчыннікі прадэманстравалі нязломную волю, цвёрдасць і сілу духу. Беларусы не пакарыліся фашысцкім акупантам і разам з іншымі брацкімі народамі перамаглі ў самай страшнай і крывавай вайне дваццатага стагоддзя.
 
У суровы час ваеннага ліхалецця пацвердзілася ісціна аб тым, што нацыю, якая ўступіла ў смяротную схватку з ворагам за родную зямлю, нельга перамагчы. 

Усё далей аддаляюцца ад нас падзеі Вялікай Айчыннай вайны. Усё менш становіцца відавочцаў таго страшнага выпрабавання. Але мы ніколі не здрадзім тым ідэалам, дзеля якіх змагаліся на франтах і ў тыле ворага гераічныя абаронцы нашай Радзімы.

На жаль, сёння на планеце па-ранейшаму неспакойна. У ваенных канфліктах, у час тэрарыстычных актаў гінуць ні ў чым не вінаватыя людзі.

Да гэтага часу не ўдалося аднавіць сусветны баланс, які быў парушаны ў канцы мінулага стагоддзя.

У гэтых умовах Беларусь актыўна выступае з ініцыятывай маштабнага міжнароднага дыялогу, накіраванага на ўмацаванне архітэктуры міжнароднай бяспекі. І гэта ініцыятыва заслужыла высокую ацэнку.

Сваю міралюбівую палітыку мы дэманструем у адносінах з усімі краінамі. Умацоўваем Саюзную дзяржаву з брацкай Расіяй. Пашыраем супрацоўніцтва з Кітайскай Народнай Рэспублікай - нашым стратэгічным партнёрам. На прынцыпах узаемнай павагі ажыццяўляем дыялог з краінамі Захаду.

Пры гэтым наша гістарычная памяць сведчыць: мірнае неба і стваральная праца павінны быць надзейна абаронены. Расслабляцца нельга! 

Таму мы прымаем самыя рашучыя меры па ўмацаванні ваеннай бяспекі.

Важкі ўклад у падтрыманне высокай абараназдольнасці краіны ўносяць Узброеныя Сілы. Яны прыведзены ў адпаведнасць з новымі выклікамі і пагрозамі XXI стагоддзя. 

На належным узроўні падтрымліваецца боегатоўнасць рэгіянальнай групоўкі войскаў. Рэалізуецца паслядоўнае ўзмацненне Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы.

Кожны беларус можа быць упэўнены ў гатоўнасці нашай дзяржавы адстаяць нашы суверэнітэт і незалежнасць.

Дарагія сябры!

У бягучым годзе мы пашырылі фармат нашага параду. Ва ўрачыстым мерапрыемстве прымаюць удзел ваеннаслужачыя ўзброеных сіл не толькі Расійскай Федэрацыі, што стала ўжо добрай традыцыяй, але і ўпершыню - Кітайскай Народнай Рэспублікі. 

Аддаючы даніну памяці падзеям Другой сусветнай вайны, мы помнім, што яна пачалася на Захадзе і скончылася далёка на Усходзе. Вельмі сімвалічна, што сёння нашчадкі салдат-пераможцаў стаяць у адзіным парадным страі.

Паважаныя ветэраны!

Выказваю вам асаблівую шчырую ўдзячнасць.

Выканаўшы свой абавязак, вы разграмілі агрэсара, адстаялі для нас права жыць у свабоднай краіне. Ваш гераізм і самаадданасць заўсёды будуць служыць прыкладам для цяперашніх і будучых пакаленняў беларусаў. 

Зямны вам паклон!
 
Сённяшняе свята - сімвал мужнасці і стойкасці беларускага народа, пераемнасці пакаленняў і вернасці абавязку. 

Яно служыць напамінам аб тым, што лёс Радзімы, яе сучаснае і будучае залежаць перш за ўсё ад нашай вернасці ідэалам свабоды і незалежнасці, імкнення захаваць мір і спакой на роднай зямлі.

У гэты знамянальны дзень жадаю ўсім дабра і дабрабыту.

Слава беларускаму народу, які адстаяў незалежнасць краіны!

Вечная слава героям Вялікай Айчыннай і Другой сусветнай вайны! 

Пашана і слава абаронцам Радзімы!

Са святам вас!

З Днём Незалежнасці!

Ура!

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».