Вы тут

У рэгіёнах прайшлі святочныя мерапрыемствы да Дня Незалежнасці


Ва ўсіх раёнах краіны прайшлі святочныя мерапрыемствы, прымеркаваныя да Дня Незалежнасці.


Фота БЕЛТА

Брэстчына:

Патрыятычны цэнтр і народныя гулянні

У Брэсце Дзень Незалежнасці пачаўся з ускладання кветак на плошчы Свабоды і ў мемарыяльным комплексе «Брэсцкая крэпасць-герой».

Вянкі і кветкі ад кіраўніцтва горада і вобласці, ветэранаў, грамадскасці па традыцыі леглі да Вечнага агню, запаленага ў гонар абаронцаў крэпасці. Затым усе прысутныя накіраваліся да будынка былога штаба 125-га стралковага палка, а цяпер маладзёжнага патрыятычнага цэнтра. Яго рэстаўрацыя вялася на працягу некалькіх апошніх гадоў. Аб'ект будавалі грамадой. На яго стварэнне БРСМ накіраваў прэмію Прэзідэнта «За духоўнае адраджэнне». Таксама пералічваліся сродкі, якія жыхары Брэстчыны зарабілі на суботніку.

І вось патрыятычны цэнтр на Кобрынскім умацаванні Брэсцкай крэпасці прыняў першых наведвальнікаў. Ён працуе як установа дадатковай адукацыі. Тут арганізоўваюць клубы па інтарэсах, заняткі ваенна-прыкладнымі відамі спорту, па дапрызыўнай падрыхтоўцы. Цэнтр аб'яднае краязнаўцаў, пошукавікаў і гістарычных рэканструктараў.

Павіншаваць гаспадароў новага аб'екта з адкрыццём прыйшоў старшыня Брэсцкага аблвыканкама Анатоль ЛІС. Губернатар падкрэсліў, што падобны аб'ект адзіны ў краіне, і пажадаў яго гаспадарам плённай работы на карысць патрыятычнага выхавання моладзі.

Далей святочныя мерапрыемствы ў Брэсце перамясціліся ў парк культуры і адпачынку, у парк Воінаў-інтэрнацыяналістаў, а таксама на плошчу Леніна, дзе адбыўся святочны канцэрт.

Святлана ЯСКЕВІЧ


Міншчына:

Спартыўныя спаборніцтвы, канцэрты і выстаўкі

Афіцыйная цырымонія ўшанавання памяці загінулых у Вялікай Айчыннай вайне па традыцыі пачалася з Кургана Славы. Да падножжа абеліска кветкі ўсклалі старшыня Мінаблвыканкама Анатоль Ісачанка, дэлегацыі Барысаўскага, Лагойскага, Смалявіцкага раёнаў і горада Жодзіна. Прадстаўнікі Мінаблвыканкама наведалі таксама мемарыяльныя комплексы «Хатынь» і «Дальва».

Вечарам у гэты ж дзень кіраўнік сталічнага рэгіёна, а таксама памочнік Прэзідэнта Беларусі — інспектар па Мінскай вобласці Ігар Яўсееў, старшыня Мінскага абласнога Савета дэпутатаў Наталля Якубіцкая прыехалі ў Маладзечна, дзе ў мясцовым амфітэатры разам з гасцямі, жыхарамі горада паглядзелі святочны канцэрт у гонар Дня Незалежнасці з удзелам Акадэмічнага ансамбля песні і танца Узброеных Сіл.

Падчас святкавання адбылося шмат відовішчных мерапрыемстваў, спартыўных спаборніцтваў, канцэртаў, выступленняў народных аматарскіх калектываў.

Акрамя традыцыйных мерапрыемстваў адбылося шмат новых. Напрыклад, у Бярэзінскай ЦРБ прадставілі праект «Музей у чамадане». У Вілейцы ўсе ахвотныя змаглі пазнаёміцца з выстаўкай работ Уладзіміра Слабодчыкава. У Маладзечне тым часам экспанаваліся творчыя работы ўдзельнікаў адкрытага пленэра мастакоў.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ


Гомельшчына:

Дзень вышыванкі і дэфіле

Святочнае шэсце ветэранаў, урачысты мітынг, ускладанне кветак да брацкай магілы савецкіх воінаў... Гэтыя традыцыйныя моманты — абавязковыя ў праграме свята да Дня Незалежнасці Беларусі ў Гомелі.

Дарэчы, можна было паглядзець выстаўкі-прэзентацыі ўстаноў культуры, адукацыі і прадпрыемстваў горада над Сожам. Канцэртныя праграмы прапанавалі выступленні гуртоў Kawa, Skynet і Лепрыконсы. А на стадыёне «Цэнтральны» запрошаныя атрымалі ўражанні ад спеваў заслужанай артысткі Расіі Крысціны Арбакайтэ.

Сем жыхароў Гомельшчыны напярэдадні атрымалі ганаровае званне «Чалавек года». Лаўрэатаў 2017 года ўшанавалі на ўрачыстым сходзе.

Ва ўсіх раёнах Гомельшчыны прайшоў Дзень вышыванкі. Маладыя людзі выбіралі тых, у каго самы лепшы строй з элементамі народнай вышыўкі. У Буда-Кашалёўскім раёне кожнаму ўдзельніку падаравалі бранзалет з элементамі патаемных знакаў народнай культуры. У Рагачоўскім быў арганізаваны майстар-клас Hand-made і выстаўка мясцовых майстроў-рамеснікаў. У Калінкавіцкім прайшло сямейнае свята «Тата, мама, я — маёй краіны дружная сям'я». Актыў БРСМ Кармянскага раёна арганізаваў своеасаблівы флэшмоб «Я ведаю і ганаруся!», а гамяльчан запрасілі на тэматычнае дэфіле «Вянок маладосці». Да таго ж актывісты саюза моладзі наведалі кожны радзільны дом і падарылі немаўлятам адзежу з элементамі вышыванкі.

Ірына АСТАШКЕВІЧ


Магілёўшчына:

Ад свята горада да свята краіны

Усе дні запар, пачынаючы з 28 чэрвеня — дня нараджэння горада, — Магілёў жыў канцэртамі, выстаўкамі, дыскатэкамі, фестывалямі, кінапаказамі, быццам рыхтуючыся да галоўнага свята рэспублікі — Дня Незалежнасці.

Святкаванне Дня Незалежнасці ў Магілёве пачалося з урачыстага мітынгу на сімвалічным для Магілёва месцы — Буйніцкім полі. Затым святочныя мерапрыемствы перамясціліся на шматлікія пляцоўкі горада, запаўняючы сабой вуліцы, скверы, плошчы.

У гэты ж дзень у Слаўгарадскім раёне адбылося перапахаванне васьмі байцоў Чырвонай арміі, астанкі якіх былі знойдзены падчас нядаўніх пошукавых работ.

Нэлі ЗІГУЛЯ


Віцебшчына:

Сустрэчы каля Кургана Дружбы і ўшанаванне памяці

Напярэдадні Дня Незалежнасці 59 раз на стыку межаў Беларусі (Верхнядзвінскі раён), Латвіі і Расіі 1 ліпеня сустрэліся жыхары гэтых краін каля Кургана Дружбы. Ён быў створаны ў 1959 годзе, каб увекавечыць баявое сяброўства партызан. І што вельмі сімвалічна, у ганаровай абстаноўцы быў адкрыты таксама менавіта 3 ліпеня. Таму да гэтай акцыі ў жыхароў Прыдзвіння напярэдадні Дня Незалежнасці асаблівае стаўленне. У святкаванні па традыцыі ўзялі ўдзел кіраўнікі ўлады Віцебшчыны. У прыватнасці, губернатар Мікалай Шарснёў, старшыня абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў. Тут таксама пабываў памочнік Прэзідэнта — інспектар па Віцебскай вобласці Аляксандр Субоцін. З расійскага боку быў часова выконваючы абавязкі губернатара Пскоўшчыны Міхаіл Вядзернікаў. А з Латвіі прыехаў дэпутат парламента Артур Рубікс.

На галоўнай плошчы Віцебска — Перамогі — у Дзень Незалежнасці адбылося ўскладанне вянкоў і кветак да мемарыяльнага комплексу ў гонар савецкіх воінаў, партызан і падпольшчыкаў, пасля якога адбыўся ўрачысты мітынг. Віншуючы на ім землякоў, старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарснёў адзначыў:

— Імкненне нашага народа быць самастойным — гэта стрыжань, які мацуе нацыю.

Ён расказаў, што на сродкі, заробленыя на суботніках, у Расонскім раёне пасля рэканструкцыі адкрыты мемарыяльны комплекс — на месцы, дзе пахаваныя 2,5 тысячы воінаў, партызан, падпольшчыкаў. У найбліжэйшы час будуць рэканструяваць комплекс у Дубровенскім раёне, дзе каля 10 тысяч савецкіх воінаў здабылі вечны спакой.

Пасля мітынгу адбыўся святочны парад-шэсце з удзелам абаронцаў Айчыны, ваеннага духавога аркестра, прадстаўнікоў працоўных калектываў, грамадскасці.

Па добрай традыцыі пасля гэтага кіраўнікі мясцовай улады ўсклалі кветкі да бюста славутага земляка, Героя Савецкага Саюза, Героя Сацыялістычнай Працы
П. М. Машэрава.

Увечары тысячы гараджан і гасцей горада прыйшлі на святочны канцэрт».

Аляксандр ПУКШАНСКІ


Гродзеншчына:

Узнагароды найлепшым, выстаўка рэтратэхнікі і дарога

У Гродне святочныя мерапрыемствы пачаліся на Кургане Славы. Тут сабралася каля тысячы гараджан і гасцей горада, каб прыняць удзел у свяце і паназіраць за парадам ваеннай тэхнікі і войскаў Гродзенскага гарнізона. Аркестр сілавых структур прадэманстраваў плац-канцэрт і дэфіле.

Падчас урачыстых мерапрыемстваў былі адзначаны найлепшыя працаўнікі. Лаўрэатамі прэміі «Чалавек года Гродзеншчыны» сталі 19 прадстаўнікоў розных галін эканомікі — прамысловасці, сацыяльнай сферы, спорту, сельскай гаспадаркі, ЖКГ.

Пасля мітынгу пляцоўкай авалодалі народныя і эстрадныя калектывы. На Кургане Славы выступілі ансамбль беларускай песні «Гасцінец», эстрадная студыя «Забава», гурт NavіBand, віртуоз-балалаечнік Аляксандр Варанішча.

У цэнтры Гродна свята адбывалася на некалькіх пляцоўках. Наведвальнікі «Арт-кафэ» пад адкрытым небам мелі магчымасць пазнаёміцца з творчасцю шматлікіх гродзенскіх калектываў.

На пляцоўках у Швейцарскай даліне працавалі фотазоны і былі арганізаваны спартыўныя спаборніцтвы. Каля маладзёжнага цэнтра «Гродна» выступілі маладзёжныя поп- і рок-гурты. Упершыню адбыўся канцэрт класічнай музыкі пры ратондзе на глядзельнай пляцоўцы каля Нёмана. На плошчы Савецкай арганізавалі вялікую выстаўку рэтратэхнікі, дзе можна было ўбачыць першы прадстаўнічы ГАЗ-12ЗІМ.

Да Дня Незалежнасці прымеркавана і такая падзея, як адкрыццё ў маладым мікрараёне Альшанка ўчастка шасціпалоснай дарогі на ўездзе ў мікрараён.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Загаловак у газеце: Квітней, мая радзіма!

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Ежа па-іншаму: што б такога з'есці, калі сам не ведаеш, чаго хочаш?

Ежа па-іншаму: што б такога з'есці, калі сам не ведаеш, чаго хочаш?

Чым можна падсілкавацца, і навошта гэта ядуць.

Калейдаскоп

«Ураджайны» тэст

«Ураджайны» тэст

Надыходзіць жнівень — самы ўраджайны, працоўны, смачны час. І наш чарговы тэст менавіта пра ўраджай і ўсё, што з ім звязана.

Грамадства

Лета выходзіць на фінішную прамую! Чаго чакаць ад надвор'я ў жніўні? Прагноз ад Дзмітрыя Рабава

Лета выходзіць на фінішную прамую! Чаго чакаць ад надвор'я ў жніўні? Прагноз ад Дзмітрыя Рабава

У жніўні цяпла будзе ўдосталь, але без дажджу і маланкі не абыдзецца.