Вы тут

Праца над аблокамі. Праўда і міфы пра сцюардэс


Зараз, калі людзям даступны нават космас, для многіх, тым не менш, неба, паветраны транспарт па-ранейшаму застаюцца недасяжным «жоравам» у адрозненне ад «сініцы ў руцэ» — аўтамабільнага ці чыгуначнага. Але ж ёсць і тыя, для каго неба стала прафесіяй. Сярод іх смалевічанка — бортправаднік паветраных суднаў авіякампаніі «Белавія» Ірына Дзядзюля. Пра шлях да прафесіі, цяжкасці і арэол рамантыкі вакол яе — у нашай сённяшняй гутарцы.


— Ірына, раскажыце, калі ласка, як вы сталі сцюардэсай?

— Мае маці і бацька амаль усё жыццё працуюць у Нацыянальным аэрапорце Мінск, толькі ў яго наземных службах. Мне з дзяцінства нярэдка даводзілася бываць тут і бачыць, як ідуць на пасадку і ўзлятаюць самалёты. Канешне, гэта заўсёды прываблівала, таму мара стаць бортправадніком паветранага судна не выглядала нелагічнай. Прынамсі, для бацькоў мой выбар не стаў нечаканасцю. Я скончыла Мінскі лінгвагуманітарны каледж, паступіла на завочнае аддзяленне лінгвістычнага ўніверсітэта і падчас навучання пачула пра набор бортправаднікоў у авіякампаніі «Белавія». Запоўніла анкету і падала рэзюмэ.

— Так проста...

— Не зусім. Проста было толькі запоўніць анкету. А вось быць прынятым... Усе прэтэндэнты праходзяць вельмі строгі адбор. Напрыклад, падчас майго паступлення з пяцідзесяці чалавек узялі толькі пятнаццаць.

— Каб трапіць у лік адабраных, абавязкова трэба мець мадэльную знешнасць?

— Гэта, па-вашаму, высокі рост і параметры 90-60-90? Вось у мяне, напрыклад, дастаткова невысокі рост. Сцюардэсамі працуюць розныя дзяўчаты... Знешнія даныя, канешне, улічваюцца, але ж яны — не самае галоўнае. На першым месцы — здароўе. Тыя, хто марыць трапіць у гэтую прафесію, праходзяць сур'ёзную ўрачэбна-лётную эксперыментальную камісію — здаюць мноства аналізаў, ультрагукавых даследаванняў, псіхалагічнае тэсціраванне, стрэс-тэсты і гэтак далей... Таксама абавязковая ўмова — веданне англійскай мовы, а яшчэ лепей — некалькіх замежных...

Наша праца вельмі цяжкая і адказная, таму і на пенсію бортправаднікі выходзяць у 48 гадоў. Гэта ж вам не толькі ў прыгожым форменным адзенні прайсціся па салоне і прапанаваць напіткі і закускі. Шматгадзінныя пералёты на нагах, ненармаваны працоўны дзень, зменлівы графік палётаў... Інакш кажучы, ты выходзіш на працу ў любы час сутак. Адпаведна, трэба быць заўсёды да гэтага гатовым, здаровым, у добрым фізічным стане. Асноўная ж задача бортправадніка — гарантаваць бяспеку ў палёце. І падчас навучання на курсах мы старанна вывучаем аварыйна-выратавальнае абсталяванне самалёта, дзеянні ў аварыйных сітуацыях, прыёмы аказання медыцынскай дапамогі... Усё вельмі дакладна і скрупулёзна.

— Ці здараліся ў практыцы экстрэмальныя выпадкі, калі спатрэбілася выкарыстаць атрыманыя ўменні?

— Была сітуацыя, калі прыкладна шасцімесячнае дзіця нечым падавілася. І мне давялося ўзяць яго за ногі і вытрасаць прадмет, што затрымаўся ў дыхальным шляху. Можа, гэта і шакіруе некаторых чытачоў, але ж менавіта так аказваецца першая дапамога немаўляці ў падобных выпадках. На шчасце, я здолела яму дапамагчы і ўсё скончылася добра.

— Нярэдка ў прэсе з'яўляюцца паведамленні пра паветраных дэбашыраў...

— Так, здараецца. Напэўна, таму, што людзі баяцца лётаць, яшчэ на зямлі яны прымаюць нейкую колькасць «заспакаяльнага», інакш кажучы, алкаголю. І адпаведна, паводзяць сябе не зусім так, як трэба. У маёй практыцы падобнае здаралася неаднойчы. Добра, калі ў экіпажы ёсць мужчына-сцюард, але ж іх, на жаль, у кампаніі не так шмат. На шчасце, амаль заўсёды самі пасажыры дапамагаюць утаймаваць буйнага вандроўніка. І яшчэ. Перад палётам, па ўзгадненні з камандзірам паветранага судна, нецвярозага пасажыра мы маем права не дапусціць на борт.

— А даводзілася вам сустракацца са знакамітасцямі ў самалёце?

— Так. Сяргей Бязрукаў — часты кліент «Белавія», Вера Брэжнева, Іванушкі Іntеrnаtіоnаl... Такія пасажыры паводзяць сябе вельмі стрымана, імкнучыся не прыцягваць залішняй увагі.

— Тым, хто бачыць вашу прафесію збоку, падаецца, што ваша жыццё — пастаянныя вандроўкі, новыя краіны, гарады... Ці ёсць у вас магчымасць пазнаёміцца з імі?

— Мы бачым толькі борт самалёта знутры. І ў Астане, Маскве, Санкт-Пецярбургу, і ў Анталіі... Не маем магчымасці выходзіць, бо паміж рэйсам туды і назад — нешта каля гадзіны, і за гэты час нам трэба рыхтавацца да палёту... Але ж, якое б ні было надвор'е на зямлі, пры пад'ёме на вышыню над аблокамі заўсёды — сонца. Відовішча — узрушальнае! Паляпшае настрой, надае жыццёвую энергію, усяляе аптымізм і надзею на лепшае...

— Я ведаю, што ў «Белавія» ёсць жанчына-пілот, Святлана Яроменка. Хацелі б засвоіць і гэтую прафесію?

— У цяперашні час ужо дзве жанчыны працуюць пілотамі ў нашай авіякампаніі. Ёсць яны і ў іншых. Але ж не, я не хацела б. Справа ў тым, што я ўжо дастаткова даўно ў прафесіі, з 2010 года. Часта лётаю старшым бортправадніком на рэйсе, бо ў мяне за плячыма ўжо больш за пяць тысяч лётных гадзін. Дастойны заробак. Да таго ж і да пэўнага ладу жыцця прызвычайваешся. А навучанне для атрымання правоў пілатавання грамадзянскіх судоў — гэта вельмі працяглы і дарагі працэс.

— Не магу не спытаць наступнае. У апошнія часы мы часта даведваемся пра аварыі самалётаў з вялікай колькасцю ахвяр. Не страшна лётаць?

— У мяне ёсць цвёрдая ўпэўненасць у тым, што авіяцыя — самы бяспечны від транспарту. Наша праца пабудавана такім чынам, што раз-пораз даводзіцца лётаць у складзе іншых экіпажаў. А паколькі «Белавія» — кампанія невялікая, мы асабіста знаёмыя адно з адным — камандзіры паветранага судна, пілоты, бортправаднікі... І асабіста ў мяне — абсалютны давер да ўсіх калег, упэўненасць у іх прафесіяналізме.

— Нялёгкая і адказная праца павінна быць узнагароджана дастойным адпачынкам...

— Так. Водпуск у бортправаднікоў — 53 дні. Значыць, двойчы за год мы маем магчымасць добра адпачыць. Хаця гэта нават не магчымасць, а неабходнасць і патрабаванне, палітыка кампаніі.

— Вы ў шлюбе. Прафесія мужа таксама звязана з авіяцыяй?

— Не. Ён працуе ў сферы будоўлі. Зараз — на трэцяй лініі Мінскага метрапалітэна. У пэўным сэнсе ў нас прафесіі-антаганісты: над зямлёй — і пад зямлёю...

— Не так даўно вы сталі мамай. Па заканчэнні дэкрэтнага адпачынку плануеце вярнуцца ў прафесію?

— Канешне! Іншых варыянтаў нават і не разглядаю!

Паліна ПРАКАПЕНЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».