Вы тут

Чаму лепш не адкладваць наведванне прыёмнай камісіі на апошнія дні?


«Падлеткі скралі цвёрдыя дыскі з данымі АДЭ. Але там аказаліся спісы старшакласнікаў...», «У сацыяльных сетках абмяркоўваюць уцечку варыянтаў», «АДЭ: разбор палётаў», «Алжыр адключае інтэрнэт на час экзаменаў у школах» — падобнымі навінамі з «экзаменацыйнага фронту» СМІ стракацяць кожнае лета.


За спісванне — у турму

За сумленныя экзамены спрабуюць змагацца паўсюдна, прычым самымі рознымі спосабамі. Нават такімі радыкальнымі, як у Алжыры, дзе два гады таму з-за скандалу з уцечкай у інтэрнэт экзаменацыйных заданняў амаль палова вучняў была вымушана пераздаваць экзамен на атэстат аб сярэдняй адукацыі. У мінулым годзе ўлады звярнуліся да правайдараў з просьбай абмежаваць доступ да сацыяльных сетак падчас экзаменацыйнага перыяду, але гэтага аказалася недастаткова.

Улады не маглі далей пасіўна назіраць за тым, як інфармацыя аб экзаменацыйных пытаннях прасочваецца ў інтэрнэт, таму і пайшлі на яго адключэнне. Доступ да сеціва, у тым ліку і па мабільнай сувязі, было вырашана блакаваць пасля пачатку кожнага выпускнога экзамену ў сярэдніх школах, каб вучні не маглі падглядваць адказы і паведамляць іншым пра свае заданні.

Акрамя таго, усе прылады з доступам да інтэрнэту, якія належаць як вучням, так і выкладчыкам, забаронена ўносіць у дзве тысячы залаў, дзе праходзяць экзамены. Пры ўваходзе ў кожную ўстаноўлены металашукальнікі. А ў друкарнях, дзе размнажаюцца экзаменацыйныя бюлетэні, устаноўлены глушыльнікі мабільных тэлефонаў і камеры назірання.

Вельмі сур'ёзна ставяцца да агульнадзяржаўнага экзамену — «гаакаа» — у Кітаі, паколькі той вызначае ўсё далейшае жыццё чалавека. Часта конкурс у многія ВНУ складае да 100 чалавек на месца! Традыцыйна экзамен праводзіцца ва ўсіх кітайскіх школах у адзін час. Школьнікам дазваляецца ўзяць з сабой толькі ручку, аловак, гумку, лінейку і цыркуль. Іспыты займаюць два дні. Раніцай першага 2,5 гадзіны адводзіцца на адказы на пытанні па літаратуры і кітайскай мове, а пасля абеду — па замежнай мове і матэматыцы. У другі дзень здаецца яшчэ адзін з абавязковых прадметаў, а таксама адзін з прадметаў на выбар, які залежыць ад выбранай вучнем ВНУ. Вынікі разлічвае камп'ютарная праграма — гэта робіцца для выключэння чалавечага фактару.

За спісванне, якое прыраўнялі да крымінальнага злачынства, абітурыент можа атрымаць нават турэмны тэрмін. Але са спісваннем у Кітаі змагаюцца не толькі крымінальнай адказнасцю. У дні экзаменаў над цэнтрамі незалежнай ацэнкі лётаюць беспілотнікі, якія глушаць сотавую сувязь, а ў некаторых раёнах Кітая выпускнікам адзяваюць на галаву «капелюшы» з газет — краі газеты звісаюць з галавы з усіх бакоў і перашкаджаюць падглядваць у работы суседзяў.

«Маякі» для абітурыентаў

У нашай краіне ў экзаменацыйных аўдыторыях такія жарсці не кіпяць. Некалькі дзясяткаў выдаленых з экзамену з-за ўласнага глупства ці нахабства ў разлік не ідуць. Ну што можна сказаць пра абітурыентаў, у якіх тэлефон раптам звініць у кішэні падчас экзамену? Мала таго, што яны не здалі свой мабільнік на ўваходзе, дык яшчэ і гук забыліся адключыць...

А вось наконт зместу тэстаў традыцыйна разгараюцца спрэчкі. І калі раней матэрыялы ЦТ папракалі ў іх звышскладанасці, то цяпер часцей крытыкуюць за занадта спрошчаныя заданні. Як вынік — летась на некаторыя спецыяльнасці прахадныя балы выраслі на 50—80 пунктаў!

Новыя рэкорды ўстанавілі абітурыенты, якія паступалі на факультэт міжнародных адносін у БДУ, дзе на спецыяльнасцях «міжнароднае права» і «міжнародныя адносіны» прахадны бал склаў 384, а на спецыяльнасці «лінгвакраіназнаўства» — 381.

Сур'ёзная канкурэнцыя назіралася таксама і на факультэце прыкладной матэматыкі і інфарматыкі. Прахадныя балы па асобных спецыяльнасцях размеркаваліся наступным чынам: «прыкладная інфарматыка» (кірунак — «праграмнае забеспячэнне камп'ютарных сістэм») — 372, «інфарматыка» — 360, «актуарная матэматыка» — 352, «камп'ютарная бяспека» (кірунак — «матэматычныя метады і праграмныя сістэмы») — 352, «прыкладная матэматыка» — 341, «эканамічная кібернетыка» — 335.

У БДУІР у топе самых запатрабаваных сярод абітурыентаў спецыяльнасцяў аказаліся «інфарматыка і тэхналогіі праграмавання» (прахадны бал 380), «праграмнае забеспячэнне інфармацыйных тэхналогій» (371). Замкнула тройку лідараў па папулярнасці ў абітурыентаў спецыяльнасць «інфармацыйныя сістэмы і тэхналогіі (у гульнявой індустрыі)» — прахадны бал 370.

Далей па папулярнасці ў абітурыентаў ідуць «інфармацыйныя сістэмы і тэхналогіі (у бізнес-менеджменце)» — прахадны бал 363. Увогуле на кожную трэцюю спецыяльнасць для паступлення ў БДУІР трэба было мець больш як 350 балаў.

Ці варта абітурыентам 2018 года арыентавацца на мінулагоднія лічбы? Напэўна, так, няхай менавіта яны будуць для іх арыенцірам, бо, калі прахадныя балы раптам знізяцца, гэта стане прыемным сюрпрызам.

Камбінацыі сертыфікатаў

Бадай што адной з галоўных навінак сёлетняй прыёмнай кампаніі з'яўляецца магчымасць падаваць у ВНУ сертыфікаты ЦТ мінулага года. Трэба заўважыць, што агульная колькасць удзельнікаў ЦТ зменшылася ў параўнанні з папярэднім годам больш чым на 10 тысяч чалавек. У той жа час колькасць выпускнікоў школ павялічылася на 500 чалавек. Ці азначае гэта, што моладзь нарэшце пераарыентавалася на прафесійна-тэхнічную і сярэднюю спецыяльную адукацыю? А можа быць, хтосьці вырашыў пашукаць сваю ўдачу з леташнімі сертыфікатамі? Калі абітурыенты будуць фарміраваць для прыёмнай камісіі пакет сваіх дакументаў, трэба мець на ўвазе, што сёлета былі скарэктаваны парогавыя значэнні па першым профільным прадмеце ўступных выпрабаванняў — яны павысіліся на 5 балаў. Былі скарэктаваны і ніжнія парогавыя значэнні для паступлення на спецыяльнасці сельскагаспадарчага профілю і сілавога блока: мінімальны парог там цяпер складае 7 балаў.

Таксама ў прэтэндэнта на студэнцкі білет ёсць магчымасць выбраць з вынікаў здачы ЦТ за два гады сертыфікаты з лепшымі для сябе баламі і заявіць у прыёмную камісію, скажам, сертыфікат па хіміі за 2017 год, а па біялогіі за 2018 год. Ці выбраць лепшы сертыфікат ЦТ па дзяржаўнай мове.

А з мінулага года абітурыенты атрымалі яшчэ і магчымасць здачы не трох, а чатырох тэстаў, і яны ёй актыўна карыстаюцца. Сёлета амаль кожны другі абітурыент здаваў чатыры тэсты. У першую чаргу наяўнасць чацвёртага сертыфіката актуальная для тых спецыяльнасцяў, якія знаходзяцца на стыку галін ці прадметных абласцей.

У БДУІРы плюс 300 месцаў

Трэба заўважыць, што колькасць месцаў для атрымання вышэйшай адукацыі ў гэтым годзе паменшылася. Так, прыём на дзённую бюджэтную форму навучання ў ВНУ будзе скарочаны на 1,8 працэнта, а на завочную бюджэтную — на 8 працэнтаў. Кантрольныя лічбы прыёму на платную форму навучання ў ВНУ зменшыліся на 19,1 працэнта ў параўнанні з 2017 годам. На ўсе формы навучання (і бюджэтную, і платную) плануецца прыняць 54,4 тысячы чалавек. Прыкладна на 10 працэнтаў скараціўся набор на юрыдычныя і эканамічныя спецыяльнасці. Адначасова павялічаны прыём на тэхнічныя і тэхніка-тэхналагічныя спецыяльнасці.

У БДУІРы амаль на 300 месцаў павялічваецца прыём на ІТ-спецыяльнасці, найбольш запатрабаваныя не толькі работадаўцамі, але і абітурыентамі. На факультэт камп'ютарных сістэм і сетак набор павялічыўся на 90 чалавек, на факультэт інфармацыйных тэхналогій і кіравання — на 110, на факультэт інфакамунікацый — на 60 чалавек. На тэхнічныя і эканамічныя спецыяльнасці лічбы прыёму засталіся без змяненняў.

Размеркаванне мінулага года, калі ў БДУІРы быў здвоены выпуск, і сёлетняе паказваюць, што попыт на маладых ІТ-спецыялістаў толькі ўзрастае.

Усяго на першую ступень навучання ў ВНУ плануецца прыняць каля 54,4 тысячы чалавек, у тым ліку за кошт бюджэту — 26,5 тысячы. Прымаць дакументы будзе 51 установа вышэйшай адукацыі, з якіх 42 дзяржаўнай формы ўласнасці і 9 прыватных. Скарачэнне аб'ёму падрыхтоўкі адбылося пераважна за кошт памяншэння лічбаў прыёму на завочную форму (поўны тэрмін навучання). Пры гэтым абітурыентам, якія скончылі ўстанову сярэдняй спецыяльнай адукацыі і пайшлі працаваць па спецыяльнасці, даецца магчымасць на падставе ўступных выпрабаванняў працягнуць навучанне ў завочнай форме ў скарочаныя тэрміны па інтэграваных вучэбных планах і праграмах.

Графік прыёмных камісій

Прыёмныя камісіі ВНУ распачнуць прыём дакументаў 12 ліпеня. Да 17 ліпеня з выбарам спецыяльнасці павінны вызначыцца ўсе абітурыенты, якія прэтэндуюць на бюджэтныя месцы, а таксама абітурыенты, якія паступаюць на платную форму навучання на спецыяльнасці, дзе прадугледжаны ўступныя іспыты.

Тэрміны падачы дакументаў для выпускнікоў профільных класаў педагагічнай накіраванасці, якія паступаюць на педагагічныя спецыяльнасці пасля праходжання гутаркі, — з 12 да 14 ліпеня (як для асоб, якія паступаюць на «бюджэт», так і на платнай аснове).

А з 18 ліпеня распачынаюцца ўступныя выпрабаванні, якія праводзяцца непасрэдна ва ўстановах адукацыі. Маюцца на ўвазе экзамены па творчасці, фізічнай культуры, а таксама экзамены для абітурыентаў, якія паступаюць на аснове сярэдняй спецыяльнай адукацыі на скарочаныя тэрміны навучання. Уступныя іспыты арганізаваны толькі ў адну сесію: як для асоб, што паступаюць за кошт сродкаў бюджэту, так і для тых, хто на платнай аснове.

Прыём дакументаў на вакантныя бюджэтныя месцы ў рамках дадатковага набору будзе весціся ў ВНУ сілавых ведамстваў з 26 да 28 ліпеня (залічэнне да 30 ліпеня), у творчых ВНУ — з 30 да 31 ліпеня (залічэнне да 1 жніўня) і ў іншых ВНУ — з 30 ліпеня па 1 жніўня (залічэнне да 3 жніўня).

Тэрміны залічэння на «бюджэт» наступныя: да 24 ліпеня — у ВНУ сілавых ведамстваў, да 28 ліпеня — у творчых, сельскагаспадарчых і іншых ВНУ.

Галоўнае — не мітусіцца!

Паколькі на падачу дакументаў на «бюджэт» даецца ўсяго шэсць дзён, абітурыентам трэба загадзя выбудаваць дакладную стратэгію дзеянняў. Адразу варта вызначыцца з профілем (магчыма, гэта будуць дзве-тры спецыяльнасці) і ўстановай адукацыі, куды хочацца паступіць. Падаваць дакументы лепш у першыя дні, бо калі разумнікаў цягнуць да апошняга акажацца шмат, то конкурсная сітуацыя можа рэзка змяніцца ўжо пасля закрыцця прыёмнай камісіі і абітурыент мае ўсе шанцы застацца за бортам. А вось сітуацыю з падачай дакументаў і сваё месца ў абітурыенцкім рэйтынгу трэба маніторыць пастаянна: інфармацыя аб ходзе падачы дакументаў абнаўляецца кожныя тры гадзіны, а ў некаторых універсітэтах — у рэжыме рэальнага часу.

У многіх ВНУ конкурс праводзіцца па групе спецыяльнасцяў з адзіным наборам уступных экзаменаў, што дазваляе абітурыентам адчуваць сябе больш спакойна. Але калі становіцца відаць, што шанцаў няма, трэба дзейнічаць. Ні ў якім выпадку не мітусіцца, а захоўваць моцныя нервы і ясную пазіцыю. Не варта шукаць шчасця ў іншых профілях, трэба спрабаваць паступіць па выбраным, на даўно ўпадабаную спецыяльнасць, магчыма, у іншым універсітэце, дзе меншы конкурс.

І вядома, не трэба забываць, што шлях да вышэйшай адукацыі адкрыты і пасля заканчэння прафесійна-тэхнічных і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў і ў пэўным сэнсе ён з'яўляецца нават больш лёгкім. Пасля каледжаў можна паступаць ва ўніверсітэты на скарочаны тэрмін навучання, не здаючы ЦТ па профільных прадметах, а толькі ўнутраныя экзамены па спецыяльнасці.

Месцаў ва ўстановах адукацыі хопіць на ўсіх абітурыентаў. Трэба толькі правільна падысці да прафесійнага выбару.

Надзея НІКАЛАЕВА

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ і Сяргея НІКАНОВІЧА

Загаловак у газеце: Без права на памылку

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.