Вы тут

Вайсковыя могілкі. Праводзячы добраўпарадкаванне, важна не нашкодзіць


На Вайсковых могілках у беларускай сталіцы складваецца не самая простая сітуацыя. На момант, калі я наведала іх, там вяліся работы па рэканструкцыі — фактычна ж адбываўся дэмантаж многіх гістарычна важных надмагілляў. Спецыялізаваны камбінат сацыяльна-бытавога абслугоўвання агулам плануе прыбраць на могілках 40 % агароджаў, помнікаў і надмагілляў. І гэта пры тым, што могілкі з'яўляюцца гісторыка-культурнай каштоўнасцю вельмі высокай, 2-й, катэгорыі. Атрымліваецца, у спрэчку ўступаюць адначасова Кодэкс аб культуры і закон «Аб пахаваннях і пахавальнай справе». Але ёсць пытанні, наколькі слушна апошні выкарыстоўваецца ў згаданай сітуацыі, калі ён практычна супярэчыць першаму. «Звязда» паспрабавала разабрацца ў праблеме.


Магіла маці Янкі Купалы — адно са шматлікіх адметных пахаванняў, якія ёсць тут.

Кодэкс аб культуры прадугледжвае, што любыя работы на аб'ектах гісторыка-культурнай спадчыны 1-й і 2-й катэгорыі абавязкова ўзгадняюцца з Міністэрствам культуры. Для 3-й катэгорыі такая працэдура не з'яўляецца абавязковай, аднак і ў гэтым выпадку ёсць патрабаванне напярэдадні работ праводзіць абавязковыя навуковыя вышуканні. Прадстаўнікі спецкамбіната сцвярджаюць, што адпаведныя вышуканні праводзіліся некалькі гадоў таму. Аднак ні склад людзей, якія ўваходзілі ў камісію і займаліся гэтымі работамі, ні навуковага кіраўніка назваць не пагадзіліся.

Вынікі даследаванняў нідзе так і не былі апублікаваныя, хоць зазвычай інфармацыя з'яўляецца ў адкрытым доступе. На просьбу карэспандэнта «Звязды» азнаёміцца з ёй адказалі, што гэта прыватныя звесткі і дзяліцца імі не будуць. Што па меншай меры выклікае здзіўленне, а пасля і лагічнае пытанне: а ці праводзіліся даследаванні ў прынцыпе?..

Ёсць інфармацыя, што рэканструкцыя Вайсковых могілак адбываецца ў адпаведнасці з пастановай выязнога пасяджэння рабочай групы па рэканструкцыі могілак Вайсковых ад 29 мая 2018 года. Усе пастановы зазвычай публікуюць на сайце Мінгарвыканкама. Аднак такога дакумента там адшукаць так і не ўдалося.

Сакратар грамадскай назіральнай камісіі па ахове помнікаў пры Міністэрстве культуры Павел КАРАЛЁЎ адзначае, што на Вайсковых могілках назіраюцца відавочныя разыходжанні з нашым заканадаўствам. Адбываецца парушэнне Кодэкса аб культуры, напрыклад пункт 1 артыкула 104, паводле якога забараняецца знішчэнне нерухомых матэрыяльных каштоўнасцяў, стварэнне пагрозы, прычыненне шкоды гісторыка-культурнай каштоўнасці, пагаршэнне тэхнічнага стану або стварэнне пагрозы яго пагаршэння, а таксама паніжэнне ўмоў успрымання гісторыка-культурнай каштоўнасці. Фактычна, на Вайсковых могілках на цяперашні момант парушаныя ўсе гэтыя пастановы. У пункце 4 артыкула 104 Кодэкса аб культуры гаворыцца аб недапушчальнасці навукова не абгрунтаваных змяненняў гісторыка-культурнай каштоўнасці — што таксама цалкам ігнаруецца на Вайсковых могілках. Артыкул 108 Кодэкса аб культуры сцвярджае, што ў выпадку пагрозы цэласнасці аб'екта гісторыка-культурнай каштоўнасці ўсякія работы на ім неабходна прыпыніць. «Такім чынам, не толькі гэтыя, а і некаторыя іншыя пункты Кодэкса на Вайсковых могілках не выконваюцца», — рэзюмуе Каралёў.

Чым жа кіруецца спецкамбінат, распачаўшы работы на Вайсковых могілках? Супрацоўнікі спецкамбіната спасылаюцца на закон «Аб пахаваннях і пахавальнай справе». У аснове іх работы — артыкул 22, дзе напісана, што надмагільныя збудаванні могуць быць дэмантаваныя на працягу двух гадоў пасля таго, як на іх вывешана папярэджанне для сваякоў (на Вайсковых могілках такое папярэджанне вісела тры гады), але пазначана, што прыбраныя могуць быць толькі «надмагільныя збудаванні, ступень разбурэння якіх выключае іх рамонт або аднаўленне». Натуральна, у законе гаворыцца пра тыя выпадкі, калі зусім нічога немагчыма аднавіць, удакладняе Павел Каралёў.

Відавочна і тое, што ўмовы абыходжання з аб'ектамі, якія з'яўляюцца гісторыка-культурнымі каштоўнасцямі, у законе аб пахаваннях не прапісаны.

На вачах валанцёраў, якія працуюць на Вайсковых могілках, агароджу каля помніка заслужанаму дзеячу навукі, прафесару Максіму Выдрыну (першы ў Беларусі стваральнік кафедры акушэрства і гінекалогіі) супрацоўнікі камбіната пачалі рэзаць «балгаркай» — нягледзячы на яе добры стан. Валанцёры ўмяшаліся ў сітуацыю, дзякуючы гэтаму ўмяшанню яе ўдалося захаваць. Аднак гэта толькі адзін з мноства выпадкаў... Літаральна днямі была ліквідавана агароджа каля помніка народнага артыста Беларусі Арсена Арсенкі. Не ацалела і агароджа каля помніка аднаго з галоўных чэкістаў 1920-х гадоў Іосіфа Апанскага, пры якім некалі ў цэнтры Мінска быў затрыманы вядомы эсер-тэрарыст Барыс Савінкоў...

Вайсковыя могілкі — месца, каштоўнае сваёй цэльнасцю, гістарычнасцю. Там пануе ўнікальная атмасфера, наведаць ужо спачылых класікаў беларускай літаратуры, навукі, музыкі, слынных грамадскіх дзеячаў, супрацоўнікаў правапарадку заходзяць прадстаўнікі сённяшняй інтэлігенцыі, людзі, абазнаныя ў гісторыі. Гэтыя могілкі, якія датуюцца 1840—1950 гадамі, маюць свой шарм. І вядома, што такая асаблівая атмасфера захоўваецца дзякуючы агульнай гарманічнасці. Цэлыя экскурсійныя групы час ад часу завітваюць у гэта месца. Пра тое, што Вайсковыя могілкі — цікавы турыстычны аб'ект, — сказана і на інфармацыйным стэндзе, што месціцца на суседнім транспартным прыпынку.

Дарэчы, каштоўныя не толькі самі помнікі, кожны з якіх — сведка сваёй эпохі, носьбіт важнай гістарычнай памяці. Архітэктар-рэстаўратар Раман ЗАБЕЛА адзначае:

— Гэтай зімою я заўважыў, што каваныя агароджы, усталяваныя на паваенных пахаваннях на Вайсковых могілках, насамрэч знятыя з дарэвалюцыйных мінскіх будынкаў (пра што сведчыць іх характар і канструкцыя: без зваркі, на заклёпках і хамутах). Тут і класіка, і мадэрн — найкаштоўнейшыя экзэмпляры! Ужо няма таго старога Мінска, а агароджы засталіся! Таксама там захаваліся сапраўдныя каваныя агароджы і крыжы ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя.

Хтосьці скажа, што на Вайсковых могілках адбываецца добраўпарадкаванне. Аднак ці можна аднесці да яго спілоўванне крыжоў, дрэў, якія ствараюць ландшафт, поўную ліквідацыю каштоўных агароджаў і надмагілляў? Варта заўважыць, што ў некаторых краінах нават старыя, пагнутыя агароджы даўніх часоў не прыбіраюць, бо яны нясуць у сабе дух даўніны... У цэнтры ж беларускай сталіцы замест даволі цэлых надмагілляў і помнікаў усталёўваюць так званыя падгалоўнікі. На іх наносіцца інфармацыя аб памерлым (і тое, часам апускаецца дзень і месяц смерці, якія былі пазначаны на арыгінале). Пры гэтым работы вядуцца з выкарыстаннем трактара, ламоў, «балгарак», задзейнічана даволі шмат рабочых.

Работы на гэтай гісторыка-культурнай каштоўнасці вядуцца з дапамогай цяжкой тэхнікі.

Адкуль жа ўзяўся такі спрыт у пераробцы старога, але каштоўнага для многіх, таго, што ахоўваецца законам?.. Кажуць, адзін з чыноўнікаў спецыялізаванага камбіната камунальна-бытавога абслугоўвання неяк убачыў замежны фільм, дзе фігуруюць амерыканскія вайсковыя могілкі. Думаю, многія могуць уявіць — стройныя шэрагі маленькіх аднолькавых пахавальных помнікаў (тых самых падгалоўнікаў). Вось і надумаўся ў нас зрабіць так. Стройна, роўна. Аднак не ўлічыў той нюанс, што беларускія вайсковыя могілкі фарміраваліся доўгі час, а амерыканскія паўсталі ў такім выглядзе адразу. Можа, гэта і не болей, чым чутка (пра фільм, які так паўплываў на адказную асобу), аднак па тым, што цяпер можна назіраць на могілках, напрошваецца выснова аб яе рэальнасці.

Таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры звярнулася з заявай у пракуратуру Мінска з просьбай праверыць правамернасць дзеянняў спецкамбіната, а таксама паўплываць на прыпыненне работ па рэканструкцыі на Вайсковых могілках і прыцягнуць адказных да адміністрацыйнай і крымінальнай адказнасці. Сакратар грамадскай назіральнай камісіі па ахове помнікаў пры Міністэрстве культуры Беларусі накіраваў свой зварот з просьбай разабрацца ў сітуацыі ў Генеральную пракуратару.

Нядаўна стала вядома, што супрацоўнікі Генпракуратуры прыязджалі на месца, высвятлялі абставіны таго, што адбылося. Пазней будзе вядома, якое прымуць рашэнне.

* * *

...Прызнацца, той дзень, калі я атрымала ў рэдакцыі заданне напісаць пра Вайсковыя могілкі і наведала іх, стаў самым складаным у маім прафесійным жыцці. Калі прыйшла на могілкі, пабачыла там групу рабочых, трактар з вялізным каўшом, але работы акурат былі часова прыпыненыя. На той момант вырашалася, працягваць дэмантаж помнікаў ці не?.. Апынуўся на месцы і намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце спецкамбіната Сяргей Тур, які раздаваў даручэнні. Я пачала з імі размаўляць, задаваць пытанні, нагадваючы пра Кодэкс аб культуры і ахову спадчыны, спрабуючы дагрукацца да нейкіх пачуццяў у дачыненні да каштоўнага месца. А праз пару хвілін азірнулася і ўбачыла, як рабочыя за маёй спінай ламамі зрываюць тоўстае, цэлае каменнае надмагілле — каля такога ж вялікага, каларытнага помніка (пазней высветліцца, што гэтым помнікам апякуюцца МУС і КДБ — што не перашкодзіла абысціся з ім так па-варварску на вачах у журналіста). У мяне мову адняло, здарыўся сапраўдны шок. Спрабуючы не надта выдаваць эмоцыі, я працягвала задаваць пытанні — часам проста смешныя, тлумачачы відавочнае. Напрыклад, ці лічыць спадар Тур асабіста гэтыя могілкі гісторыка-культурнай каштоўнасцю?.. Давялося паўтарыць двойчы. Тады ён адказаў, што на гэта пытанне ў кожнага ўласны адказ, а сваю думку ён мне не скажа...

Меркаванне

Старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі па адукацыі, культуры і навуцы Ігар МАРЗАЛЮК адзначае:

— У такія дні, звязаныя з нашай памяццю (Свята Незалежнасці. — Аўт.), нам асабліва трэба згадваць пра такія месцы. Вайсковыя могілкі — унікальны гісторыка-культурны аб'ект, ён не павінен разбурацца. Таму вінаватых у нанясенні яму шкоды неабходна прыцягнуць да адміністрацыйнай і крымінальнай адказнасці. Ёсць адпаведныя структуры, якія павінны навесці парадак у гэтым пытанні. Захаванне Вайсковых могілак — тая мінімальная ўдзячнасць, якую мы можам праявіць. Наша жыццё, нашы пасады аплачаны крывёй у тым ліку тых, хто там ляжыць.

Дарэчы

Самы стары ў Беларусі — гродзенскі некропаль. Хаваць спачылых на ім пачалі ў канцы XVІІІ стагоддзя. Там знайшлі апошні спачын многія вядомыя асобы: пісьменніца Эліза Ажэшка, маці Максіма Багдановіча, паэты, губернатары і нават удзельнікі вайны з Напалеонам. Таму распачата работа аб унясенні могілак у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў. З такой ініцыятывай выступіла пракуратура горада: ідэя прыйшла падчас чарговай праверкі гарадскіх пагостаў. «Згаданая тэма з'яўляецца важнай, таму што гэта захаванне гістарычнай каштоўнасці для грамадзян краіны, а таксама яна служыць прыцягненню турыстаў у Гродна», — адзначае Іосіф Сянкевіч, памочнік пракурора Гродна. Такога ж меркавання прытрымліваецца і Аксана Коханава, галоўны спецыяліст упраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама: «У Гродзенскай вобласці вялікая ўвага ўдзяляецца помнікам гісторыка-мемарыяльнага пахавання. Таму апошнім часам Гродзенскім аблвыканкамам прынята рашэнне ў ліпені стварыць рабочую групу з удзелам краязнаўцаў, гісторыкаў, прадстаўнікоў улады і разгледзець пытанне надання гісторыка-мемарыяльнага статусу могілкам па вуліцы Антонава». Лёс унікальнага некропаля вызначыцца восенню, калі гродзенскія ўлады атрымаюць адказ ад Міністэрства культуры.

У свеце ёсць могілкі, якія з'яўляюцца не толькі нацыянальнымі каштоўнасцямі, але і ўваходзяць у Спіс каштоўнасцяў ЮНЕСКА. Так, напрыклад, Новадзявочы манастыр у Маскве і могілкі побач з ім з 2004 года ўнесены ў Спіс культурнай і прыроднай спадчыны ЮНЕСКА. Дэпартамент культурнай спадчыны ў Маскве распрацаваў сістэму комплекснага маніторынгу захаванасці мастацкіх надмагілляў на тэрыторыі расійскай сталіцы. Яна дазваляе адсочваць стан усіх помнікаў, якія адносяцца да аб'ектаў культурнай спадчыны. Цікава, што да надмагільных знакаў там ставяцца надзвычай уважліва. Так, у свой час на Новадзявочыя могілкі быў перанесены прах Мікалая Гогаля разам з помнікам (крыж і надмагільная галгофа), у 1952 годзе помнік замянілі бюстам з надпісам на пастаменце: «М. Гогалю ад кіраўніцтва Савецкага Саюза», а да 200-годдзя з дня нараджэння пісьменніка бюст прыбралі, на магіле аднавілі галгофу — менавіта такую, якая была з самага пачатку. За 2017 год Дэпартаментам культурнай спадчыны Масквы было адноўлена 76 гістарычных мемарыялаў на сталічных могілках.

Некропаль Рэкалета ў сталіцы Аргенціны Буэнас-Айрэсе — адзін з самых прыгожых і вядомых у свеце — таксама з'яўляецца помнікам архітэктуры, які ахоўваецца дзяржавай і ЮНЕСКА. Гэта і дзеючы некропаль, і папулярны турыстычны маршрут адначасова. Могілкі ў асноўным складаюцца са склепаў з пахаваннямі, некаторыя з іх у вельмі занядбаным стане — напрыклад, калі ўсе сваякі памерлі. Але забраць склеп усё роўна нельга: гэта прыватная ўласнасць. Разбураць або чапаць яго таксама нельга. Часам, калі становіцца зразумела, што гаспадары склепа ўжо не аб'явяцца (напрыклад, калі ён стаіць безгаспадарным гадоў 15), адміністрацыя могілак прыкмячае такія склепы ў якасці складоў для інвентару.

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Вобразы памяці

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.