Вы тут

Дапамагчы спагнаць доўг могуць сацыяльныя сеткі


Сабраўся Віталь на адпачынак з сям'ёй на мора ехаць. Яшчэ і крэдыт вырашыў узяць, каб не адмаўляць сабе ні ў чым у водпуску. А яму ў банку кажуць, што не толькі грошай не дадуць, а яшчэ і з яго возьмуць за восем штрафных квітанцый за перавышэнне хуткасці. Ды і за мяжу ён не выедзе, пакуль з запазычанасцю не разбярэцца, бо яго права на гэта як даўжніка абмежавалі. Аплаціў усё, небарака, сабраўся праз тыдзень ехаць, а яго ўсё роўна не пускаюць, бо пагранічнікам яшчэ інфармацыя не прыйшла, што ён больш нічога не вінен...

Што рабіць, каб не апынуцца ў падобным становішчы? У якіх правах лепш абмежаваць даўжніка, каб найхутчэй вярнуць грошы? Як спагнанніку даведацца, ці ёсць маёмасць і каштоўныя рэчы ў таго, каму ён пазычаў? Адказы на гэтыя і іншыя пытанні карэспандэнт «Звязды» шукала разам з галоўным судовым выканаўцам Беларусі Дзмітрыем КАВАЛЕНКАМ.


Аддаў даўгі — вярні правы

Год назад у краіне ўступілі ў сілу два законы: «Аб судовых выканаўцах» і «Аб прымусовым выкананні». Дакументы пашырылі шэраг паўнамоцтваў судовых выканаўцаў, распісалі іх больш дэталёва і вызначылі парадак дзеянняў гэтых асоб. Выканаўчае вядзенне запрацавала па заяўным прынцыпе — спагнаннік атрымаў магчымасць самастойна звяртацца ў адпаведныя інстанцыі з патрабаваннем вярнуць даўгі. Аднак практыка паказала, што законы ўсё роўна маюць некаторыя нюансы.

— Абмежаваць даўжніка ў правах, у прынцыпе, даволі проста і не патрабуе шмат часу. Калі ж чалавек свае абавязкі выканаў, трэба яму гэтыя правы вярнуць. Аднак гэта немагчыма зрабіць адразу. Спатрэбяцца тыя ж некалькі тыдняў, як і тады, калі суд прымаў рашэнне аб абмежаванні, — расказаў галоўны судовы выканаўца. — Да таго ж у даўжніка можа быць некалькі розных запазычанасцяў. Ён адну пагасіў, а іншая засталася. Мяркую, што даўжнік непасрэдна зацікаўлены ў тым, каб звярнуцца з хадайніцтвам аб адмене абмежаванняў, калі ён свае абавязкі выканаў.

Даўгі не ўзнікаюць знянацку, і, як правіла, людзі пра іх ведаюць: няхай гэта будзе выканаўчы надпіс натарыуса за запазычанасць па паслугах ЖКГ ці неаплачаны штраф ДАІ. Аднак бывае, што чалавек і не здагадваецца пра запазычанасць і не ведае, што ўнесены ў адзіны рэестр даўжнікоў. Часцей за ўсё гэта здараецца праз сістэму фотафіксацыі. Людзі не атрымліваюць лісты аб зафіксаваных парушэннях на дарозе, бо жывуць не ў тым месцы, дзе зарэгістраваны, іх мабільныя тэлефоны запісаны не на іх імя, электронныя скрыні мяняюцца...

— Было б добра знайсці нейкія аператыўныя сродкі інфармавання даўжнікоў аб іх статусе, аднак пакуль такога ўніверсальнага спосабу няма. Мы мяркуем прасіць у заяўнікаў, якія будуць звяртацца да нас, каб яны пакідалі сродак для зваротнай сувязі з імі. Сёння заяўнік патрабуе запазычанасць, а заўтра ён сам можа стаць даўжніком. З часам мы збяром нейкі інфармацыйны блок, які дазволіць нам мець сувязь з такімі суб'ектамі, — спадзяецца спецыяліст.

Абмежаваць нельга адмовіць

Суды заўжды ацэньваюць, каго і як абмяжоўваць у правах, ці будзе пэўная мера ўплываць на канкрэтнага даўжніка. Забарона на перасячэнне мяжы будзе больш дзейснай для тых, хто жыве недалёка ад яе ці ездзіць на адпачынак ды ў шоп-туры за мяжу. Суддзі могуць, дарэчы, і адмовіць у патрабаванні абмежавання як заяўніку, так і судоваму выканаўцу.

Як правіла, заяўнікі звяртаюцца дзеля спагнання грошай (як з фізічных асоб, так і з прадпрыемстваў). Калі іх няма — шукаюць маёмасць даўжніка, займаюцца яе вопісам па месцы жыхарства. Дзмітрый Каваленка тлумачыць:

— Забеспячальныя меры ці абмежаванні павінны быць суразмернымі памерам сумы доўгу і наступствам, якія яны могуць з сабой прынесці. Часам спагнаннікі скардзяцца, што іх хадайніцтва па абмежаванні правоў даўжніка суд не задаволіў. Аднак заяўнікам трэба ўзвешваць свае патрабаванні і сумы запазычанасці. Калі доўг 20 рублёў, то неяк няправільна казаць пра абмежаванне спецправоў. Можна запатрабаваць, скажам, апісаць усю маёмасць прадпрыемства, спыніўшы тым самым яго дзейнасць. А як яно тады будзе зарабляць, каб даўгі пакрыць? Ці, напрыклад, даўжнік — таксіст. Як ён можа вярнуць доўг, калі яго пазбавіць сродку заробку, абмежаваўшы ў праве кіравання аўто?

Аднак праз удасканаленне закона цяпер, калі судовы выканаўца арыштаваў маёмасць прадпрыемства, нават калі яно заявіла пра сваю ліквідацыю, зрабіць гэта яму дазволяць толькі пасля продажу маёмасці. І выключаць прадпрыемства з Адзінага рэгістра юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў.

Відэарэгістратар і медыятар

Судовы выканаўца можа запатрабаваць у даўжніка звесткі аб яго даходах і маёмасці, і чалавек абавязаны прадставіць гэты дакумент.

— Гэта вельмі тонкая мяжа паміж нашай работай і недатыкальнасцю ўласнага жыцця і асабістых даных даўжніка. Прадстаўляць спагнанніку інфармацыю пра таго, хто яму вінен, трэба вельмі акуратна. Заяўнік жа ў сваю чаргу мусіць ведаць, што распаўсюджванне асабістых даных пра даўжніка — незаконнае, — разважае Дзмітрый Каваленка. — З іншага боку, у сацыяльных сетках можна знайсці інфармацыю пра даўжніка праз каментарыі людзей, якія яго ведаюць. Такія весткі нашы выканаўцы таксама аналізуюць, каб зразумець, чым ён насамрэч зарабляе і як падступіцца да яго маёмасці. Можна накіраваць спагнанне, напрыклад, і на сумесную маёмасць, набытую падчас шлюбу, і на долю даўжніка ў нейкай агульнай маёмасці.

Спагнаннік таксама можа дапамагчы судовым выканаўцам, падзяліўшыся фактамі пра даўжніка. Напрыклад, дапамагчы засведчыць і даказаць, што да суда ў даўжніка былі значныя сродкі і дарагія рэчы: аўто, дамы ці іншая маёмасць.

А вось пры аглядзе і арышце маёмасці даўжніка спагнаннік мае права прысутнічаць. Аднак правам не пускаць заяўніка ў кватэру валодае і даўжнік. Каб задаволіць абодва бакі і не быць абвінавачанымі ў змове з адным з іх, пры аглядзе кватэры судовыя выканаўцы выкарыстоўваюць відэарэгістратары. Гэта дазваляе мець відэазапіс з гукам у рэальным часе агляду. А спагнаннік зможа прагледзець яго без права капіравання.

Да работы з канфліктамі паміж спагнаннікам і даўжніком плануюць далучаць і медыятараў, каб яны маглі наладзіць узаемадзеянне паміж варожымі бакамі. Пакуль магчымасць такога ўдзелу бачыцца ў немаёмасных спагнаннях. Напрыклад, калі вырашаецца пытанне аб удзеле бацькоў у выхаванні дзіцяці і знаходжанні яго пэўны час з адным з іх. Пры ўдзеле медыятара ў разглядзе такіх спрэчак многія справы проста не дайшлі б да суда, а скончыліся добраахвотнымі пагадненнямі, упэўнены спецыяліст.

— Звычайна ў такіх справах чыстыя эмоцыі, і пакуль не запрасіць псіхолага ці медыятара, вырашыць праблему немагчыма. Нават калі будзе рашэнне суда, бакі таксама могуць яго не выконваць, — разважае галоўны судовы выканаўца. — А думаць перш за ўсё трэба не пра выкананне, а пра псіхалогію дзіцяці. Пра тое, што будзе з малым у той час, калі ён знаходзіцца ў таго з бацькоў, хто не хоча ўдзельнічаць у яго жыцці.

Гісторыя «хваробы» даўжніка ў базе

Аўтаматызаваная інфармацыйная сістэма прымусовага выканання («АІС ПВ») — таксама эфектыўны сродак работы з даўжнікамі, мяркуе спецыяліст. У праграму ўносяцца ўсе справы, з якімі працуюць судовыя выканаўцы, што дазваляе аператыўна адсочваць, у якой стадыі знаходзіцца пэўнае выкананне па ўсёй краіне.

— Гісторыя работы захоўваецца ў АІС ПВ і пасля выплаты доўгу. І калі запазычанасць узнікае ізноў, гэтая інфармацыя дазваляе лепш вырашаць, як працаваць з даўжніком. Гэта як картка гісторыі хваробы пацыента. Дапамагае аб'ектыўна зразумець, як хутка і пасля якіх мер ён аплаціў свае даўгі. Якое яго становішча цяпер, як даўгі ўзнікалі, ці прымяняліся да яго абмежаванні, ці не з'яўляецца ён адразу і спагнаннікам, і даўжніком, дзе ён мігрыруе па краіне, — заўважыў Дзмітрый Каваленка.

З мінулага года судовае выканаўства актыўна супрацоўнічае і з Нацыянальным банкам краіны. Фінансавая ўстанова сама правярае, дзе і якія рахункі ёсць у даўжніка, з якіх у залік доўгу можна спагнаць грошы. Судовы выканаўца можа накіраваць адпаведныя працэсуальныя дакументы тым, хто налічвае даўжніку грошы, і іх перавядуць не на зарплатную картку, а на дэпазітны рахунак органаў прымусовага выканання, каб пасля вярнуць спагнанніку.

— Калі памер доўгу да дзесяці базавых велічынь, выканаўчы ліст накіроўваецца на работу даўжніка, і бухгалтэрыя штомесяц утрымлівае з яго зарплаты нейкую частку, пакуль не пакрыецца ўся сума. Гэта і эканомія на перасылцы папяровых лістоў і паведамленняў, і аператыўнае атрыманне штрафаў за фотафіксацыю. Атрымліваецца работа ў рэжыме нон-стоп і павышэнне аператыўнасці, — дадаў спецыяліст. — Калі ж грошы вялікія, то акрамя ўтрымання з заробку судовы выканаўца працягне працаваць з маёмасцю даўжніка, апісваць яе і арыштоўваць.

Магчымасць аўтаматычна спісаць усю суму доўгу з зарплатнай карткі даўжніка таксама разглядаецца Мінюстам. Аднак пры гэтым будзе ўлічвацца, што гэта за сродкі ў даўжніка, каб не пазбавіць яго апошняга. З іншага боку, плануецца рэалізаваць магчымасць самім даўжнікам аплачваць свае даўгі з выкарыстаннем сістэмы «Разлік» (АРІП), прычым нават часткамі, а не адразу цалкам.

Ірына СІДАРОК

Загаловак у газеце: Што вінен, аддаць павінен

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.