Вы тут

Як зрабіць Беларусь яшчэ больш прывабнай для замежнага бізнесу?


Адказ на гэта пытанне сумесна шукалі дэпутаты, прадстаўнікі дзяржаўных органаў, бізнес-суполак падчас круглага стала «Міжнародная прававая практыка работы з замежнымі інвестарамі і магчымасці паляпшэння інвестыцыйнай прывабнасці Рэспублікі Беларусь». Пляцоўку для сустрэчы дало адно з найбольш паспяховых прадпрыемстваў з замежным капіталам «Штадлер Мінск».


Завод «Штадлер» у Фаніпалі — адно з падраздзяленняў аднайменнай швейцарскай кампаніі, якая працуе ў галіне распрацоўкі, праектавання, канструявання і вытворчасці рэйкавага рухомага саставу. Прадпрыемства стварае тралейбусы, трамваі, пасажырскія вагоны для краін СНД і Еўропы. Акрамя таго, цяпер «Штадлер» вырабляе цягнікі для трэцяй лініі Мінскага метро.

Сёння на заводзе ў Фаніпалі працуе 700 чалавек, якія вырабляюць каля 20 % прадукцыі ўсёй групы кампаній. У планах дадаткова інвеставаць у прадпрыемства 35 млн еўра, пашырыць магутнасці і павялічыць штат амаль да 1000 работнікаў.

Дырэктар кампаніі «Штадлер Мінск» Філіп Брунер растлумачыў, чаму некалькі гадоў таму для будаўніцтва філіяла кампанія абрала Беларусь: «Краіна нам геаграфічна бліжэйшая. Беларусь і Мінская вобласць знаходзяцца ў добрым месцы адносна Заходняй Еўропы. Нам дзяржава прапанавала льготы, інвестыцыйны дагавор, свабодную эканамічную зону і магчымасці адкрыць свабодную мытную зону. І канешне, важна, што Беларусь уваходзіць у Еўразійскі эканамічны саюз».

Акрамя гэтага, сярод плюсаў інвестыцыйнага клімату Беларусі — высокі ўзровень чалавечага патэнцыялу, развітая транспартная сістэма, сацыяльна-палітычная стабільнасць, а таксама каля 60 двухбаковых пагадненняў аб абароне інвестыцый. Разам з тым унутраны патэнцыял эканомікі краіны не забяспечвае ў поўным аб'ёме інвестыцыйныя патрабаванні. Таму прыцягненне знешняга капіталу і павышэнне прывабнасці Беларусі для бізнесу — актуальнае пытанне для ўсіх галін улады.

З мінулага года захоўваецца тэндэнцыя ажыўлення інвестыцый, прырост за студзень—май 2018-га склаў 115 %.

У апошнія гады прымаліся меры па ўдасканаленні інвестыцыйнага заканадаўства, якія далі станоўчы эфект для эканамічнага росту.

«Палепшаны ўмовы дзейнасці свабодных эканамічных зон, зніжаны крытэрый па аб'ёме інвестыцый у рэалізацыю праектаў з 1 млн еўра да 500 тысяч еўра пры ўмове інвеставання на працягу трох гадоў з моманту рэгістрацыі. Прэзідэнтам дадзены шэраг кампенсацыйных ільгот у сувязі з адменай мытных ільгот з 1 студзеня 2017 года», — кажа Алена Пермінава, начальнік галоўнага ўпраўлення інвестыцыйнай палітыкі Міністэрства эканомікі Беларусі.

Удасканалены ўмовы для індустрыяльнага парка «Вялікі камень». Для рэзідэнтаў устаноўлены падатковы рэжым «дзесяць плюс». Акрамя таго, іх пазбавілі ад зямельных падаткаў і падатку на нерухомасць, спрасцілі адміністрацыйныя працэдуры і інш.

Вынікамі ўсіх гэтых паляпшэнняў стала рэгістрацыя ў СЭЗ у 2017 годзе 35 новых прадпрыемстваў з аб'ёмам заяўленых інвестыцый 130 млн долараў ЗША. На гэты момант пазначаны 24 новыя рэзідэнты з капіталам 441 млн долараў. У Кітайска-беларускім індустрыяльным парку на гэты момант значацца 13 новых рэзідэнтаў.

Аб'ём экспарту паслуг Парка высокіх тэхналогій за мінулы год склаў больш за 1 млрд долараў. На чэрвень гэтага года ў яго склад увайшло амаль 300 рэзідэнтаў. Колькасць павялічылася на трэць з моманту прыняцця Дэкрэта аб лічбавай эканоміцы. Па словах спецыяліста, зараз нават існуе чарга на разгляданне дакументаў аб рэзідэнцтве.

Адзначыла Алена Пермінава і моманты, якія негатыўна ўплываюць на інвестыцыйную прывабнасць, — суб'ектыўныя розначытанні прававых нормаў, слабое прасоўванне інвестыцыйнага патэнцыялу, адсутнасць вынікаў прыватызацыйных працэсаў, недахоп стратэгічнага планавання, кадравая праблема, бюракратызм на месцах.

Уладзіслаў Шчэпаў, старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па эканамічнай палітыцы (яна разам з Пастаяннай камісіяй па міжнародных справах выступіла ініцыятарам круглага стала), паведаміў аб прыняцці ў другім чытанні Закона аб дзяржаўна-прыватным партнёрстве. Дакумент дае магчымасць ажыццяўляць шэраг важных ініцыятыў.

«Атрымліваецца такая сітуацыя, што больш дробныя праекты, якія могуць рэалізоўвацца мясцовымі органамі ўлады, могуць быць больш прахаднымі і эфектыўна рэалізаванымі», — адзначыў Уладзіслаў Шчэпаў.

Дыскутавалі падчас сустрэчы і наконт пытанняў, як прыцягваць прадпрымальнікаў, каму з іх аддаваць перавагу і як стварыць роўныя ўмовы для буйных і малых інвестараў. «Мы павінны знайсці такую прававую канструкцыю, такое прававое поле, якое змагло б прывабіць масавага інвестара і аблегчыла б работу з інвестарамі дзяржаўных органаў», — падкрэсліў Уладзіслаў Шчэпаў.

Па выніках сустрэчы распрацаваны рэкамендацыі, якія будуць выкарыстаны пры падрыхтоўцы парламенцкіх слуханняў на тэму «Прававыя і практычныя аспекты паляпшэння інвестыцыйнага клімату ў Рэспубліцы Беларусь». Яны запланаваны на восень гэтага года.

Марыя ДАДАЛКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».