Вы тут

У прадпрымальніцкай сферы Прыдзвінскага края занята прыблізна 29 %


Прыкладна чвэрць падаткаў у бюджэт Віцебшчыны — ад прадпрымальніцтва. Бізнес Прыдзвінскага краю забяспечвае прыкладна палову экспарту і больш за 60 % экспартных паслуг. У прадпрымальніцкай сферы занята прыблізна 29 % ад усіх, хто працуе, — каля 140 тысяч. Гэтая статыстыка, канешне, не поўнасцю характарызуе недзяржаўны сектар эканомікі. На сённяшні дзень у вобласці дзейнічае прыблізна 8,6 тысячы малых і сярэдніх бізнес-арганізацый і 21,5 тысячы індывідуальных прадпрымальнікаў.


Каб яны працавалі больш эфектыўна, з'яўляліся новыя, развіваліся, багацелі, многае робіцца на рэспубліканскім і мясцовым узроўнях улады.

Толькі заяві

Апошнім часам шмат пішуць і гавораць пра паслабленні для бізнесу. І зроблены рэальныя крокі насустрач.

Старшыня камітэта эканомікі Віцебскага аблвыканкама Анжаліка Нікіціна канстатавала, што, напрыклад, значна паменшылася колькасць ветэрынарных патрабаванняў, як і санітарных. А ў цэлым па розных кірунках — у 10—13 разоў.

А паводле слоў начальніка Віцебскага абласнога ўпраўлення Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, дэпутата абласнога Савета Аляксандра Клабука, у прыватнасці, у пытаннях пажарнай бяспекі патрабаванні знізіліся ў 12 разоў.

Начальнік інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах па Віцебскай вобласці Валерый Лабацэвіч адзначыў, што дзякуючы Указу № 337, дзелавыя людзі атрымалі прэферэнцыі. Размова ідзе пра грамадзян, якія могуць аказваць розныя паслугі: цырульніцкія, касметычныя, рамонтныя і гэтак далей — без афармлення ў якасці індывідуальных прадпрымальнікаў. А толькі па заяўным прынцыпе. Дарэчы, у гэтым назіраецца актыўная станоўчая дынаміка. У прыватнасці, калі ў пачатку года такім чынам працавала больш за 270 грамадзян, то на пачатак чэрвеня іх ужо налічвалася 850.

А ў вёсках выгадней

Між іншым, становіцца ўсё больш ахвотных працаваць рамеснікамі. За год іх колькасць павялічылася на чвэрць. У канцы мінулага года было каля 3,8 тысячы. Па прыблізных падліках, сёлета іх на 1,2 тысячы больш.

На 35 % павялічылася на Віцебшчыне колькасць грамадзян, якія аказваюць паслугі агратурызму — каля 610. Пры гэтым, у Талачынскім раёне, дзе ёсць многа чаго паказаць турыстам, прырода не горшая, чым у суседніх, чамусьці ахвотных займацца выгадным бізнесам не знайшлося. А ў Дубровенскім і Лёзненскім, паводле інфармацыі падаткавікоў, ёсць па дзве сядзібы.

Наконт прывабных умоў для вядзення бізнесу ў глыбінцы. Ва Указе № 345 гарантаваныя вельмі прывабныя ўмовы для тых, хто займаецца гандлем, грамадскім харчаваннем і аказвае бытавыя паслугі. У спісе населеных пунктаў, якія выбраны і трапляюць пад дзеянне ўказа, каля 90 % ад усіх. А гэта — каля 5,7 тысячы вёсак, пасёлкаў...

У вобласці шмат будынкаў, збудаванняў, якія трэба выкарыстоўваць. Эканамісты аблвыканкама падлічылі, што ва ўсёй Віцебшчыне з 521 тысячы «квадратаў» плошчаў прадпрымальнікамі арандуецца толькі 3 %.

Веды — аснова поспеху

Актуальныя пытанні наконт стану і развіцця прадпрымальніцтва на перыферыі абмяркоўваліся на чарговай сесіі абласнога Савета дэпутатаў.

Старшыня Уладзімір Цярэнцьеў патрабаваў больш актыўна зацікаўліваць тых, хто хоча распачаць сваю справу. Падтрымка бізнесу ў ліку іншага можа дапамагчы спыніць адток з вёскі моладзі, у цэлым працаздольнага насельніцтва — у райцэнтры і вялікія гарады. Неабходна больш актыўна растлумачваць усе нюансы і патэнцыйную выгаду, весці пастаянную інфармацыйную работу. Гэта трэба, каб як мага больш людзей ведалі пра льготы, магчымую падтрымку ў фінансаванні, перадачу маёмасці.

Будзе развівацца бізнес, у бюджэт пералічаць больш паступленняў. Апошняе дазволіць больш эфектыўна вырашаць самыя розныя сацыяльныя і іншыя пытанні. Але практыка паказвае, што, напрыклад, інвестары вырашаюць укладваць грошы туды, дзе адчуваюць большую зацікаўленасць прадстаўнікоў мясцовай улады. Чаму менавіта ў канкрэтны, а не суседні раён? Пытанне, якое застаецца адкрытым.

У пачаткоўцаў ёсць магчымасць навучыцца зарабляць і даць работу іншым. Напрыклад, беспрацоўным прапаноўваюць паспрабаваць сябе ў новай сферы. У населеных пунктах праводзяць бясплатныя бізнес-трэнінгі пад эгідай розных фондаў і праграм.

У вобласці дзейнічаюць тры інкубатары і восем цэнтраў падтрымкі прадпрымальніцтва.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Загаловак у газеце: Бізнес у глыбінцы — ёсць патэнцыял!

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.