Васямнаццаць гадоў таму, адразу пасля адкрыцця, дзяржаўная ўстанова «Тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Маскоўскага раёна г. Мінска» складалася ўсяго з аднаго аддзялення, якое каардынавала дзейнасць сацыяльных работнікаў дома. Зараз жа цэнтр аказвае найшырэйшы спектр паслуг і істотна падтрымлівае ўсе тыя катэгорыі грамадзян, якім патрэбна асаблівая ўвага. Толькі за першы квартал 2018 года тэрытарыяльны цэнтр аказаў больш за 40 тысяч паслуг.
Так, як адзначыла дырэктар цэнтра Інеса ЖЫБУЛЬ, з верасня мінулага года на базе цэнтра дзейнічае паслуга дзённага знаходжання маладых людзей з цяжкімі і множнымі парушэннямі. Новаўвядзенне вырашае адразу дзве глабальныя задачы. Па-першае, у маладых людзей, якім цяжка самастойна перасоўвацца і абслугоўваць сябе, з'явілася магчымасць выйсці з замкнёнай прасторы дома або кватэры, паглыбіцца ў соцыум і атрымліваць комплекс сацыяльна-рэабілітацыйных паслуг. Па-другое, іх бацькі, якія раней былі прывязаныя да дзяцей не толькі эмацыянальна, але і фізічна, зараз могуць уладкавацца на працу ў дзённы час. Тым больш, відавочна, што такі фармат баўлення часу ідзе маладым людзям толькі на карысць — памяшканне, дзе яны знаходзяцца, аснашчана самым сучасным рэабілітацыйным абсталяваннем. З падапечнымі цэнтра працуюць не толькі спецыялісты па сацыяльнай рабоце, але і дэфектолагі, псіхолагі, эргатэрапеўты, якія дапамагаюць маладым людзям сацыялізавацца і паступова развіваць іх лепшыя здольнасці.
— Наконт гэтага ў нас ёсць вельмі натхняльны прыклад. У групу дзённага знаходжання трапіла дзяўчына, якая перасоўвалася толькі ў спецыяльных тэхнічных сродках са старонняй дапамогай. Але, бачачы вялікі патэнцыял, спецыялісты падчас заняткаў навучылі яе хадзіць самастойна. Цяпер дзяўчына можа не толькі перасоўвацца сама, але і дапамагаць іншым, — расказвае намеснік дырэктара цэнтра Таісія ЗЕНАВА.
Зараз аддзяленне наведвае васямнаццаць чалавек узростам ад 16 да 40 гадоў, у найбліжэйшы час група павінна папоўніцца яшчэ пяццю новымі наведвальнікамі.
Вялікую ўвагу супрацоўнікі цэнтра ўдзяляюць тэме процідзеяння хатняму гвалту. Дзейнічае мабільная гарачая лінія для пацярпелых, таксама сацыяльныя работнікі, якія часта бываюць у сем'ях, праходзяць спецыяльнае навучанне ў дасведчаных кваліфікаваных трэнераў на тэмы таго, як распазнаць хатні гвалт, як мець зносіны з пацярпелымі і куды іх накіроўваць па дадатковую дапамогу. Трохі памяняўся і ракурс успрымання праблемы. Усё часцей гаворыцца пра тое, што гвалт можа быць не толькі фізічным, але і псіхалагічным ці эканамічным, калі цалкам пазбаўляюць грашовых сродкаў або нават выганяюць з дому. Акрамя таго, значныя намаганні прыкладаюцца, каб прадухіляць хатні гвалт у дачыненні да пажылых людзей.
Дарэчы, на базе цэнтра запушчаны сумесны праект з Беларускім інстытутам правазнаўства «Юрыдычная клініка». Тыя, хто мае патрэбу, могуць атрымліваць бясплатна дапамогу выкладчыкаў і студэнтаў старшых курсаў, прычым не проста кансультацыйную, а паўнавартасныя паслугі адваката. Прыёмы прыходзяць два разы на тыдзень. Супрацоўнічае тэрытарыяльны цэнтр і з БДПУ імя М. Танка: тут адкрыты філіял кафедры сацыяльнай работы. Апроч таго, што студэнты атрымліваюць практычны вопыт, яны яшчэ і праводзяць каштоўную даследчую працу: супрацоўнікі цэнтра могуць прапаноўваць ім найбольш актуальныя тэмы для курсавых і дыпломных работ.
Добра вядомы па ўсёй Беларусі і нават за мяжой Тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Маскоўскага раёна г. Мінска дзякуючы такім праектам, як студыя «Палітра», дзе людзі з ментальнай інваліднасцю займаюцца мастацкай творчасцю, тэатр «Сонечныя дзеці», у якім займаюцца маладыя людзі з сіндромам Даўна. Вялікай папулярнасцю карыстаецца і «Лятучы клуб мам», арганізаваны па прыкладзе партнёраў з Польшчы. Гэта прастора, дзе сустракаюцца мамы, якія знаходзяцца ў адпачынку па доглядзе дзіцяці, альбо мамы, якія выхоўваюць дзяцей з інваліднасцю. Яны ўдзельнічаюць у майстар-класах па жаночым лідарстве, прадпрымальніцтве, хэнд-мэйдзе ды і проста гутараць аб сваіх надзённых перажываннях, каб не замыкацца ў сабе і адчуваць падтрымку блізкіх па духу людзей.
Дар'я КАСКО
Бюлетэні па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ужо гатовы.
Практыка комплекснага добраўпарадкавання населеных пунктаў на Гомельшчыне дае новае жыццё райцэнтрам рэгіёна.
Зрабіўшы якасць неад’емнай часткай іміджу Беларусі як краіны, займацца ёй неабходна пастаянна і ва ўсіх напрамках.