Вы тут

Сталічная гімназія № 41: крэда — перамагаць


Толькі ўвайшоўшы ў ДУА «Гімназія № 41 г. Мінска імя В. Х. Сярэбранага», адчуваеш асаблівую атмасферу. Гэтаму спрыяе і прыгожы будынак у класічным стылі, і інфармацыя аб дасягненнях вучняў на міжнародных конкурсах па ўсім свеце — адпаведны стэнд сустракае гімназістаў і гасцей, а таксама выстаўкі незвычайных карцін і малюнкаў, якія можна ўбачыць у калідорах. У гэтай навучальнай установе добра ведаюць, як паспяхова сумясціць у навучанні дакладныя навукі і творчасць.


І ўсё ж у першую чаргу ўстанова славіцца сваім асаблівым падыходам да вывучэння матэматыкі. Як расказала дырэктар гімназіі Марыяна СКАКУН, традыцыю заклаў адораны настаўнік Валянцін Хаімавіч Сярэбраны, які натхніў мноства хлопцаў і дзяўчат палюбіць адзін з самых складаных прадметаў школьнай праграмы. Як вынік — шматлікія перамогі на гарадскіх, рэспубліканскіх і міжнародных этапах алімпіяд, а таксама шчырае жаданне маладых людзей звязаць сваё жыццё з гэтай навукай. Зараз у гімназіі працуюць вучні і паслядоўнікі Валянціна Сярэбранага, а сама ўстанова адукацыі носіць яго імя. Нестандартны падыход да вывучэння матэматыкі актыўна выкарыстоўваецца тут і зараз: так, ужо з сёмага класа гэты прадмет або факультатывы па ім вядуць выкладчыкі БДУ. Таксама прымяняецца методыка «роўны навучае роўнага», калі старшакласнікі або нават выпускнікі, якія паступілі ў вышэйшыя навучальныя ўстановы па гэтым профілі, дзеляцца сваімі ведамі з малодшымі вучнямі. Усе намаганні не праходзіць дарма, доказ таму — 14 дыпломаў, атрыманых гімназістамі сёлета на рэспубліканскім этапе алімпіяды. Вядома, сярод лідараў — матэматыка, але таксама добра праявілі сябе вучні  ў хіміі і біялогіі. Гэта найлепшы вынік па ўсіх школах і гімназіях у краіне, улічваючы, што гімназія № 41 г. Мінска зусім невялікая: у ёй няма пачатковай школы і вучыцца ўсяго 400 чалавек. Што да ўдзелу ў маштабных міжнародных конкурсах, то толькі за мінулы навучальны год адораныя падлеткі заваявалі прызавыя месцы на шасці з іх.

Не забываюць у гімназіі і аб развіцці творчых здольнасцяў асобы. Так, па словах намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце Наталлі ГАЙДУК, у вучняў ёсць магчымасць наведваць грунтоўныя факультатывы па мастацтве, у праграме — малюнак, кампазіцыя, жывапіс і іншыя кірункі. З дзецьмі займаюцца прафесійныя мастакі. Тэматычныя вернісажы на прасторах гімназіі з працамі юных творцаў пастаянна змяняюць адзін аднаго, удзельнічаюць хлопцы і дзяўчаты і ў больш сур'ёзных выстаўках, нярэдка прывозяць дыпломы з конкурсаў. Наогул, для тых, хто марыць змяніць аблічча любімага горада, стаўшы запатрабаваным архітэктарам, больш удалае месца вучобы ўявіць цяжка. Не дзіўна, што шмат выпускнікоў выбіраюць сабе менавіта гэтую прафесію ў якасці жыццёвага шляху.

Ёсць у дзейнасці гімназіі і яшчэ адзін важны напрамак — ушанаванне гістарычнай і нацыянальнай спадчыны. На базе ўстановы адукацыі дзейнічае музей этнакультуры Беларусі «Святавіт», экспанаты для якога разам збіралі вучні і педагогі. Было праведзена нават некалькі этнаграфічных экспедыцый. Зараз у фондзе музея больш за 200 каштоўных экспанатаў.

Дар'я КАСКО

Загаловак у газеце: Як юныя інтэлектуалы ўпадабалі царыцу навук

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

«Сям’я закладвае ў чалавеку мараль, здольнасць спраўляцца з выпрабаваннямі, патэнцыял для развіцця, яна навучае любові, самаахвярнасці, культуры».

Грамадства

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Нават пры наяўнасці на пляжы ратавальнай станцыі не варта грэбаваць элементарнымі правіламі бяспекі.