У беларускіх банках суадносіны супрацоўнікаў — жанчын і мужчын — прыкладна 80 на 20. Але старшынямі праўлення з'яўляюцца пераважна прадстаўнікі дужага полу. Чаму? Як заўважаюць эксперты, прабівацца на вядучыя пасады спадарыням складана не толькі з-за стэрэатыпаў у грамадстве і двайной, з улікам хатніх спраў, нагрузкі.
З праблемамі ў прасоўванні па кар'ернай лесвіцы сутыкаюцца жанчыны ў розных краінах. Сара Кілінг, кіруючы дырэктар міжнароднай кампаніі BRG, 23 гады працавала ў дзяржаўным сектары і адзначае, што прадстаўніц прыгожага полу ў кіраўніцтве насамрэч мала.
— У сярэднім звяне іх 40 працэнтаў, а на вядучых пасадах — 10, — падзялілася яна назіраннямі падчас форуму Femіnomіnal, які праходзіў у Мінску. — Калі пачынала працаваць, даводзілася падстройвацца пад мужчын. Але жанчыны здольныя прыўнесці іншы падыход у работу.
На Захадзе кар'ерысткі прывыклі нараджаць ва ўзросце пад 40. І на гэта ёсць шэраг прычын. Калі ў вас дзеці, вы менш ідзяце на рызыкі, адмаўляецеся ад павышэння (бо гэта дадатковая нагрузка), не пагаджаецеся на пасады, звязаныя з пераездам.
Кіраўнік прадстаўніцтва Міжнароднай фінансавай карпарацыі ў Беларусі Вольга Шчарбіна тлумачыць сітуацыю на сваім прыкладзе:
— У мяне ад 100 да 200 камандзіровачных дзён на год. Былі сітуацыі, калі калегі ляталі з немаўлятамі. У нашай арганізацыі вітаецца мультырэгіянальны вопыт, таму хочаш прасоўвацца па кар'ернай лесвіцы — будзь гатовы да пераездаў. Калі мужчына пераязджае з-за работы, да гэтага ставяцца з разуменнем. Маўляў, нічога, жонка будзе дома з дзецьмі сядзець. Адваротная сітуацыя, калі змяніць месца жыхарства трэба з-за павышэння жанчыны, успрымаецца зусім інакш.
Калі разглядаць сітуацыю ў нашай краіне, уплыў стэрэатыпаў відавочны. Згодна з вынікамі даследавання ЮНФПА, большасць беларусаў — 64 % мужчын і 54 % жанчын — бачаць здабытчыкам у сям'і менавіта мужчыну. Але пры гэтым лічаць, што сваю лепту ў агульны бюджэт павінны ўносіць абое. Толькі 23 % сем'яў дзеляць хатнія абавязкі. Прытым што важнасць дзяцей для самарэалізацыі прыкладна аднолькавая для жанчын і мужчын (гэты крытэрый адзначылі 73 і 68 працэнтаў апытаных).
На думку Вольгі Кузняцовай, вядучага менеджара групы фінансавання і развіцця малога і сярэдняга прадпрымальніцтва Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця, работадаўцы часам прад'яўляюць завышаныя патрабаванні да кандыдатак. «Мужчыну трэба адпавядаць крытэрыям вакансіі на 60 працэнтаў, каб атрымаць працу, а жанчыне — на 100. Нават больш», — лічыць яна.
Яшчэ адна цікавая заўвага прагучала на форуме: з мужчынамі прасцей працаваць, бо ў іх вектарнае мысленне. Яны думаюць, умоўна кажучы, як з пункта А трапіць у пункт Б. А спадарыні схільныя да эмацыянальных усплёскаў. Затое падыходзяць да справы больш скрупулёзна і педантычна. Дарэчы, для банкіраў жанчыны лічацца ўзорам вядзення бізнесу. Гэта датычыцца і дысцыпліны, і арганізацыі працы. Мяркуючы па статыстыцы аднаго з беларускіх банкаў, спадарыні больш адказныя пазычальнікі.
А вось стаць прадпрымальнікам жанчынам часта перашкаджае тое, што яны не вераць у сябе. Летась цэнтр эканамічных даследаванняў BEROC праводзіў апытанне фокус-групы. Аказалася, што сем з дзесяці прадстаўніц прыгожага полу, якія хочуць пачаць свой бізнес, так яго і не запускаюць. Сярод прычын на першым месцы — няўпэўненасць ва ўласных сілах. Часта няма падтрымкі сярод сям'і і сяброў. Блізкія людзі могуць казаць: «Навошта табе гэты бізнес, сядзі дома». А такая прычына, як адсутнасць фінансаў, — адна з галоўных для жыхарак сельскай мясцовасці, але не для гараджанак.
Меншы ўзровень беспрацоўя сярод жанчын тлумачаць тым, што яны пагаджаюцца на нізкааплатную работу. Але тут ёсць і іншы бок: спадарыні, якім грамадства не навязвае ролю здабытчыка, больш вольныя ў выбары прафесіі. Калі мужчына арыентуецца на галіну дзейнасці, дзе будзе больш зарабляць, жанчына можа выбраць спецыяльнасць для душы.
Магчыма, многія перашкоды для кар'ернага росту — надуманыя? Партнёр адвакацкага бюро Аляксандр Храпуцкі прытрымліваецца такога пункту гледжання.
— Той, хто стараецца, усяго даб'ецца. Я не бачу праблемы. Акрамя таго, што я працую адвакатам, я яшчэ выкладаю ва ўніверсітэце. Звычайна тым, хто не з'яўляўся на парах, на экзамене стаўлю «двойку». І вось здавала іспыт дзяўчына. На занятках не была, казала, што сядзела з дзіцем. Адказвала выдатна. Я нават стаў прыглядацца, ці няма навушніка. Але дзяўчына насамрэч падрыхтавалася, усё вывучыла. Таму я лічу, што ўсё можна паспяваць.
— Мне здаецца, жанчынам варта самім вызначыцца, ці хочуць яны станавіцца лідарамі, — дзеліцца прадстаўнік ЮНІСЭФ у Беларусі Рашэд Мустафа Сарвар. — Бо калі ідзе абмеркаванне павышэння пенсійнага ўзросту, напрыклад, да мужчынскай планкі ці скарачэння дэкрэтнага водпуску, яны самі выказваюцца супраць.
Бізнесвумен пагаджаюцца: сёння сумяшчаць працоўныя і хатнія абавязкі значна прасцей. Частку абавязкаў ты можаш перакласці на плечы клінінгавых кампаній, прыватных садкоў. Плюс знайсці дыстанцыйную работу ці з гнуткім графікам.
А вось тое, што жанчыны часам выбіраюць загадзя пройгрышную лінію паводзін, — можа стаць перашкодай. Ёсць дзве крайнасці: пазіцыя «я дзяўчына, таму стаўцеся да мяне інакш» і адчайная спроба стаць «сваім» — хадзіць з калегамі-мужчынамі ў лазню, піць алкаголь нароўні. Што рабіць? Заставацца сабой і быць прафесіяналам.
Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ
Цяпер, каб аформіць дачу, не трэба ехаць туды, дзе яна знаходзіцца.