Вы тут

Штотыднёвы спартыўны агляд «Звязды»


У традыцыйным штотыднёвым спартыўным аглядзе «Звязды» расказваем пра поспехі беларускіх атлетаў на міжнародных спаборніцтвах.


1. Уладзіслаў Ганчароў атрымаў перамогу на этапе Кубка свету — 50th Nіssen Сup па скачках на батуце ў швейцарскай Арозе. У фінальным выступленні алімпійскі чэмпіён Рыа-дэ-Жанэйра атрымаў ад суддзяў 60,765 бала. Беларус апярэдзіў Дзмітрыя Ушакова з Расіі — 59,940 і японца Даікі Кішы — 59,680.

У спаборніцтвах сярод жанчын Сусанна Качэсак з Расіі заняла першае месца, беларуска Ганна Ганчарова стала другой.


У сінхронных скачках беларускія дуэты не змаглі пазмагацца за медалі. Адзначым, што на гэтым этапе Кубка свету прыняў удзел 91 спартсмен.

2. Аляксандра Сасновіч упершыню ў кар'еры выйшла ў 1/8 фіналу Уімблдонскага турніру, яна перамагла прадстаўніцу Аўстраліі Дар'ю Гаўрылаву 6:3, 6:1. Нагадаем, на старце трэцяга ў сезоне турніру серыі «Вялікага шлема» беларуска перамагла сёмую ракетку планеты двухразовую пераможцу Уімблдона чэшку Петру Квітаву, а затым была мацнейшай за амерыканку Тэйлар Таўнсэнд.

Учора ў матчы за выхад у чвэрцьфінал Аляксандра Сасновіч сустрэлася з латвійскай тэнісісткай Аленай Астапенка і пацярпела паражэнне 6:7, 0:6.


3. Беларусы заваявалі залаты і бронзавы медалі на маладзёжным (U-21) Кубку свету па каратэ ў харвацкім Умагу.

Пераможцам спаборніцтваў у вагавой катэгорыі да 75 кг у кумітэ стаў Іван Корабаў. У вазе да 84 кг «бронзу» заваяваў Аляксандр Курган. У агульнакамандным заліку наша зборная заняла 12-е месца сярод 68 краін.

Адзначым, што на ІІ Еўрапейскіх гульнях у Мінску прадстаўнікі каратэ разыграюць 12 камплектаў узнагарод (па шэсць — мужчыны і жанчыны). Удзельнікам турніру прадставіцца шанц зарабіць рэйтынгавыя ачкі, неабходныя для кваліфікацыі на летнія Алімпійскія гульні 2020 года ў Токіа.


4. Настасся Шкурдай заваявала два залатыя медалі на юніёрскім чэмпіянаце Еўропы (U-18) па плаванні ў Хельсінкі. На сваёй кароннай дыстанцыі 50 м батэрфляем брастаўчанка перамагла з вынікам 26,44 сек. Найлепшай яна таксама стала ў заплыве на 100 м батэрфляем, падзяліўшы першае месца на п'едэстале з брытанкай Эмілі Лардж.

Усяго ў скарбонцы беларускай каманды на чэмпіянаце Еўропы дзве залатыя ўзнагароды і восьмае месца ў заліку.


5. Згуляны матчы 15-га тура чэмпіянату краіны па футболе ў элітным дывізіёне. БАТЭ перайграла «Тарпеда-БелАЗ» — 2:1, «Мінск» і «Шахцёр» не змаглі выявіць пераможцу — 0:0, «Дынама-Мінск» з мінімальным лікам аказалася мацнейшым за «Тарпеда» — 1:0, «Дынама-Брэст» з такімі ж лічбамі на табло адолела «Нёман» — 1:0, а «Віцебск» перайграў «Гомель» — 1:0. «Смалявічы» і «Прамень» завяршылі сустрэчу з лікам — 1:1, «Слуцк» быў мацнейшы за «Гарадзею» — 1:0.

Дар'я Лабажэвіч

Загаловак у газеце: Медальны плён

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».