Вы тут

60 гадоў жанчына змагалася за вяртанне чэснага імя свайго бацькі


Вайна лічыцца завершанай, гавораць бывалыя людзі, калі пахаваны апошні загінулы салдат. Але бываюць і выключэнні. Амаль 60 гадоў пасля заканчэння Вялікай Айчыннай вайны змагалася жыхарка Барысаўскага раёна Аліна Філіпаўна Камоска за вяртанне чэснага імя свайго бацькі, Філіпа Іванавіча, незаконна расстралянага ў партызанскім атрадзе імя А. В. Суворава Мінскай вобласці.


Зі­на­і­да Дзміт­ры­еў­на і Фі­ліп Іва­на­віч Ка­мос­кі на­пя­рэ­дад­ні Вя­лі­кай Ай­чын­най вай­ны.

Дапамагала жанчыне пераадольваць шматлікія цяжкасці рэспубліканская камісія па справах былых партызан і падпольшчыкаў (з дня ўтварэння якой у гэтыя дні спаўняецца 50 гадоў).

Першая назва камісіі — рэспубліканская камісія па выдачы пасведчанняў партызана Беларусі. Яна пачала сваю работу 15 мая 1968 года ў складзе І. Ф. Клімава (старшыня), А. Ю. Дзенісевіча, М. М. Джагарава, А. А. Здановіча, В. І. Лівенцава, М. П. Пакроўскага, С. З. Пачаніна. На першым пасяджэнні сакратаром быў выбраны М. Д. Віцько. 29 снежня 1979 года пастановай Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР камісія па выдачы пасведчанняў партызана Беларусі пераўтворана ў камісію па справах былых партызан і падпольшчыкаў пры Прэзідыуме Вярхоўнага Савета БССР.

Галоўнай мэтай камісіі з'яўлялася дапамога ўдзельнікам партызанскага і падпольнага руху, якія па той ці іншай прычыне не атрымалі неабходных дакументаў аб сваёй дзейнасці ў тыле ворага. Для вырашэння сваіх пытанняў яны павінны былі прадставіць у камісію тры пацвярджэнні аб удзеле ў партызанскай ці падпольнай барацьбе, баявую характарыстыку, падпісаную прадстаўніком партызанскага ці падпольнага камітэта, асабістую заяву з падрабязным апісаннем сваёй дзейнасці на акупаванай ворагам тэрыторыі. Дакументы разглядаліся камісіяй на прадмет выдачы заяўніку ветэранскага пасведчання — «Партызан Беларусі». Пасля Івана Клімава камісію ўзначальвалі ветэраны вайны, грамадскія дзеячы Анатоль Андрэеў і Яўген Мікульчык.

Некалькі слоў аб дакументальнай базе камісіі па справах былых партызан і падпольшчыкаў. Патрэбныя ёй дакументы ў асноўным знаходзяцца ў Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь. Гэта картатэкі персанальнага ўліку на 350 тысяч партызан і сувязных, на 1100 работнікаў падпольных партыйных органаў, на 6138 удзельнікаў Мінскага антыфашысцкага падполля, на 8000 загінулых, зніклых без вестак. Усё гэта вынік вялікай адданай працы работнікаў партыйнага архіва, пачатай яшчэ ў 1942 годзе ў г. Уфа, куды архіў быў эвакуяваны.

З 1966-га па 1983 год работнікамі партархіва разгледжана 11 тысяч матэрыялаў аб прызнанні грамадзян удзельнікамі партызанскага і падпольнага руху, узята на дадатковы ўлік 5900 чалавек. І ўсё гэта зроблена пры ўдзеле членаў Рэспубліканскай камісіі па справах былых партызан і падпольшчыкаў.

Але бываюць і сустрэчы, якія надоўга застаюцца ў памяці гісторыкаў-архівістаў з-за неардынарнасці чалавечага лёсу. Менавіта такой аказалася архіўная справа Філіпа Іванавіча Камоскі.

Фі­ліп Іва­на­віч Ка­мос­ка,  пар­ты­зан, ра­да­вы, не­за­кон­на рас­стра­ля­ны 29.12.1943 г.

Пісьмы ў абарону Філіпа Іванавіча Камоскі, можна сказаць, не ўвайшлі, а ўварваліся ў жыццё і дзейнасць камісіі. Сярод грунтоўных першых зваротаў (ліпень 2004 года) — успаміны Зінаіды Дзмітрыеўны Ганчаровай (па першым мужу — Камоска). Вось што ў іх гаворыцца:

«Восенню 1943-га мой муж, Камоска Філіп Іванавіч, і я пайшлі ў партызаны. З сабою ўзялі і дваіх маленькіх дзяцей (Аліну і Машачку). Мужа залічылі партызанам у атрад імя А. В. Суворава Мінскай вобласці. Я з дзецьмі пражывала ў сямейным партызанскім лагеры і ў вёсках партызанскай зоны. Як магла, дапамагала партызанам. Муж, Філіп Іванавіч, выконваў свае розныя заданні. Аднойчы хтосьці паведаміў мне аб наступным. Трое партызан, і мой муж у тым ліку, стаялі на пасту ў лесе побач з вёскаю Святое. Было холадна. Яны пайшлі ў дом, каб сагрэцца і трошкі адпачыць. Муж задрамаў. А тут наляцеў вораг, акружыў дом. Забілі Удовіна (прозвішча партызана. — Аўт.), другога паранілі. Яго прозвішча я забыла... А мужа майго схапілі, кінулі ў машыну і адвезлі ў вёску Персцень. Там знаходзіўся нямецкі гарнізон. Мужа кінулі ў склеп ці ў дзот. У яго ў боце быў нож, якім ён ноччу выдзеўбаў дзірку, уцёк і вярнуўся ў атрад. Пасля гэтага ён прыходзіў наведваць мяне і дзяцей разы два. Хутка я пачула, што майго мужа расстралялі. Я спрабавала аб усім даведацца, хадзіла туды, дзе знаходзіўся атрад. Гэта вёска Дубнікі ці Замосце. Мне адказалі (не ведаю, хто гэта быў), што гэта няпраўда, што Ф. І. Камоска адпраўлены далёка на заданне.

Аднойчы прыехалі двое ў нашу зямлянку. Адзін быў Калека, імя другога не помню. Яны загадалі збірацца і ісці на вуліцу. Я кінула з кіпячага чыгунка пялёнкі ў мяшок, узяла дзяцей і пайшла. На вуліцы стаяў конь з санямі. Мне загадалі сесці ў сані і павезлі. Па дарозе распытвалі ў мяне, якія сваякі ў мяне, якія сваякі ў майго мужа, дзе яны жывуць. Прывезлі нас у вёску Курганы да Патаповіча Антося. Загадалі яму, каб ён даў кут для жылля, і паехалі. Кармілі мяне людзі. Хадзіла і прасіла па вёсках ежу, з сабою на руках насіла сямімесячную дачку. Прасілі людзі аддаць яе. Казалі, што я не змагу пракарміць. Але я не аддала. І я была з усімі. З двума дзецьмі было цяжка бегчы. Сіл не хапала. І я пасадзіла дзяцей на ўзгорак. Рашыла, што Бог дасць, тое і будзе. Чую брэх нямецкіх аўчарак. Але тут вярнуўся гаспадар па мяне з сынам. Узяў дзяцей на рукі, я следам.

Пасля вызвалення я звярнулася да кіраўніцтва брыгады па дакументы пра майго мужа. Мне адказалі, што дакументы яшчэ не гатовыя. Мне на рукі выдалі паперу, у якой напісана, што я пражывала бежанкай у партызанскай зоне. Я звярнулася ў райсабес з заявай аб пенсіі па мужу. У пенсіі мне адмовілі. Упершыню я прачытала ў іх адказе, што мой муж расстраляны як здраднік радзімы. Гэта было прыкладна ў 1954—1955 гадах. Да гэтага часу я ўжо была другі раз замужам. Нарадзіла траіх дзяцей. Муж прапанаваў удачарыць маіх дзяўчатак і даць ім сваё прозвішча. Але я адмовілася, я верыла, што бацька маіх дзяцей забіты незаконна...»

Мінуў час, і разам з маці змагацца за бацьку пачала яго дачка — Аліна Філіпаўна. У адным са зваротаў яна піша:

«Амаль 60 гадоў мая мама і я шукаем прычыну расстрэлу майго бацькі. Я правяла ўласнае расследаванне, сустракалася з партызанамі, якія засталіся жывымі. Гэта: Лідзія Еўдакімаўна Нікалаева (радавая партызанка, жонка камандзіра атрада), Ніна Антонаўна Чыстая (медсястра), Уладзімір Аляксандравіч Мурашка (радавы), Мікалай Іванавіч Нішчаглотаў (начальнік боезабеспячэння), Ціхан Яфрэмавіч Мазалёў (начальнік асобага аддзела атрада, намеснік камандзіра па разведцы). Усе яны ў адзін голас заявілі, што ніякага расследавання, звязанага з расстрэлам Ф. І. Камоскі, не было, што ніякага суда і публічнага расстрэлу таксама не было, што гэта было самаўпраўства ў адносінах да партызана Ф. І. Камоскі.

Я ўпэўнена, што майго бацьку абылгалі ў здрадзе радзіме. У партызанскай зоне ў бацькі заставалася сям'я. Добраахвотная здача ў палон ставіла пад пагрозу жыццё сям'і. У канцы 1943 года ўжо была вызвалена значная частка нашай зямлі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Як ён мог у гэтых абставінах здацца ў палон ворагу? Потым зноў пайсці ў партызаны? Партызан М. М. Камель, які таксама трапіў у палон, не ўцёк, немцы яго вывезлі ў Германію, адкуль ён потым вярнуўся дамоў. Пра гэта мне расказалі яго брат і сястра, якіх я адшукала. Па звестках Чэрвеньскага райваенкамата М. М. Камель у 1991 годзе атрымаў пасведчанне партызана.

Пасля вайны мая мама сустракалася з Пятроўскім (камандзір партызанскага атрада, у якім служыў Ф. І. Камоска. — Аўт.). Мама ведала ў той момант аб расстрэле бацькі. Пятроўскі абяцаў маме зрабіць усё, каб рэабілітаваць бацьку, паклапаціцца аб назначэнні пенсіі за гібель майго бацькі. Гэта было ў 1956 годзе, пасля 20-га з'езда партыі, калі пачалі гаварыць пра парушэнні законнасці ў мірны час і асабліва ў гады вайны. Гэта ўсё вымусіла яго рабіць такія абяцанкі. Ён так нічога і не зрабіў, толькі змяніў месца жыхарства. Мабыць, спецыяльна, каб не сустракацца з мамай. Яго жыццёвы шлях закончыўся трагічна. У пачатку 80-х гадоў ён застрэліўся».

«На працягу ўсяго жыцця, — з прыкрасцю піша далей Аліна Філіпаўна, — наша сям'я адчувала нейкую сваю непаўнацэннасць. Калі пасля вайны ўдовам у вёсках дзялілі фасолю, маму выкрэслівалі са спісаў па прычыне таго, што яе мужа забілі партызаны. У пенсіі на дзяцей ёй было адмоўлена, бо мы былі дзецьмі здрадніка радзімы. У нашай бабулі кіраўнікі калгаса абрэзалі агарод, бо яе зяць (мой бацька) быў здраднікам радзімы. Я ў свой час баялася нават паступіць вучыцца туды, куды вельмі хацела. Аднойчы адзін «добразычлівец» перад усім калектывам аб'явіў, што я дачка здрадніка радзімы.

Сардэчна прашу азнаёміцца з усім комплексам дакументаў па справе майго бацькі, незаконна расстралянага па загадзе камандзіра ініцыятыўнай групы І. П. Пятроўскага».

Перада мною архіўная ўліковая справа № 42342 Філіпа Іванавіча Камоскі. Яе агульны аб'ём — 30 старонак. Аб чым яна? Шмат аб чым з пункту гледжання колькасці слоў, пастаўленых пытанняў, патрачанай паперы. Але міма некаторых паняццяў нельга прайсці. Гэта загад № 8 ад 28 снежня 1943 года па ініцыятыўнай групе І. П. Пятроўскага (так на той час называўся партызанскі атрад імя А. В. Суворава. — Аўт.) партызанскай брыгады «Разгром» аб здачы ў палон двум французам Камоскі Філіпа Іванавіча; гэта пастанова камандавання партызанскай брыгады «Разгром» аб здачы ў палон Ф. І. Камоскі двойчы: спачатку немцам, у жніўні 1941 года, у баях пад Магілёвам, а ў снежні 1943-га — каля вёскі Святое — двум французам (якія ваявалі на баку Германіі). Што іх аб'ядноўвае? Прысуджэнне Ф. І. Камоскі да расстрэлу. А што розніць? Адсутнасць подпісаў пад пастановай камандавання партызанскай брыгады «Разгром» камандзіра брыгады М. Х. Балана, камісара брыгады А. В. Зямскога.

Так пачалося дадатковае расследаванне лёсу Ф. І. Камоскі, удзел у якім прымалі рэспубліканская камісія па справах былых партызан і падпольшчыкаў, Беларуская ваенная пракуратура.

Камоска Філіп Іванавіч, 1915 г. н., ураджэнец вёскі Вярсанка Халопініцкага раёна Мінскай вобласці. Член ЛКСМБ, адукацыя — пяць класаў вясковай школы. Органамі савецкай улады не рэпрэсіраваўся, у Чырвонай арміі служыў. Жанаты, сям'я — чатыры чалавекі.

Некалькі слоў аб ініцыятыўнай групе І. П. Пятроўскага, у якой 17.10.1943 г. аказаўся Ф. І. Камоска. Агульная колькасць партызан — 90 чалавек, з іх мужчын — 87, жанчын — 3, беларусаў — 23, рускіх — 64, украінцаў — 3; членаў партыі — 1. Маюцца на ўзбраенні: 7 аўтаматаў, 11 вінтовак, 5 пісталетаў, 25 гранат.

Устаноўлена, што за загадам І. П. Пятроўскага № 8 хаваецца наступнае: 6 снежня 1943 года група разведчыкаў з навічком Ф. І. Камоскам выконвала заданне ў вёсцы Святое. (Сачылі за перамяшчэннем ворага.) Група падзялілася на дзве часткі. Камоска, без зброі, быў пакінуты ў хаце, а яго таварышы Удовін (камандзір групы) і Камель пайшлі да мясцовага насельніцтва ў пошуках ежы. Ёсць падазрэнне, што хтосьці з мясцовых жыхароў паведаміў немцам аб з'яўленні партызан з паборамі. Нечакана прыбылыя французы ўступілі ў бой з «ляснымі братамі».

Вось рапарт начальніка штаба партызанскага атрада імя А. В. Суворава: «Даношу, што пры акружэнні вёскі Святое французамі Перзенскага гарнізона 6.12.43 г. у 15.00 быў узяты жывым адзін разведчык т. Камоска Філіп, начальнік разведкі т. Удовін Гаўрыла Іванавіч быў забіты». Ні слова аб здачы ў палон Камоскі, якая прыраўноўвалася да здрады.

9.12.1943 года Ф. І. Камоска чарговы раз быў дапытаны супрацоўнікамі контрразведкі. Знаёмства з матэрыяламі гэтай акцыі сведчыць аб адсутнасці якога-небудзь крыміналу ў ваеннай, грамадскай і партызанскай дзейнасці Ф. І. Камоскі. Яго адказы на пытанні былі цвёрдымі і праўдзівымі. На жаль, да іх не прыслухаліся тагачасныя дзеячы...

Пастановай Вярхоўнага Савета Беларусі ад 6.06.1991 г. «Аб парадку рэабілітацыі ахвяр палітычных рэпрэсій 20—80-х гадоў у Рэспубліцы Беларусь» адменена пазасудовае рашэнне ад 28.12.1943 г. у адносінах да партызана Філіпа Іванавіча Камоскі. 13 верасня 2004 года ён рэабілітаваны пасмяротна.

Яўген БАРАНОЎСКІ, кандыдат гістарычных навук

Загаловак у газеце: Расстралянаму верыць...

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як беларуска стварыла сваю сістэму рэабілітацыі дзяцей з кахлеарнымі імплантамі

Як беларуска стварыла сваю сістэму рэабілітацыі дзяцей з кахлеарнымі імплантамі

Методыка аказалася запатрабаванай у нашай краіне і за яе межамі.

Культура

«Як зрабіўся паэтам, я не ведаю сам...». Лёсы беларускіх паэтычных зборнікаў

«Як зрабіўся паэтам, я не ведаю сам...». Лёсы беларускіх паэтычных зборнікаў

Лёс другога зборніка ў літаратарскай кар’еры — самы складаны. 

Культура

Уладзіслаў Арцёмаў: «У беларускай мове болей старажытнага духу...»

Уладзіслаў Арцёмаў: «У беларускай мове болей старажытнага духу...»

На пытанні «Звязды» адказвае галоўны рэдактар расійскага літаратурнага часопіса «Москва».

Калейдаскоп

Ці ведаеце вы родную мову? Самы час праверыць!

Ці ведаеце вы родную мову? Самы час праверыць!

Ужо традыцыя з нагоды Дня роднай мовы прапаноўваць чытачам праверыць свае веды.