Вы тут

Пра што раскажуць ногці


Чаму на іх з'яўляюцца белыя плямы, увагнутасці, бугры і хвалі?

Белыя плямы — гэта адна з самых частых, і, бадай, самая спрэчная скарга на ногці. Называецца такая з'ява лейканіхія. Калі вы раптам звярнулі ўвагу, што ваша пласціна на ногцях стала белаватая, змяняе колер, прычым такія перамены стойкія, то гэта можа сведчыць пра хваробы печані, часам нават вельмі цяжкія, такія, як цыроз.


У медыцынскім цэнтры ўніверсітэта штата Мэрыленд (ЗША), напрыклад, заявілі, што дробныя белыя плямы на ногцях сведчаць пра недахоп цынку ў арганізме, які надыходзіць падчас жорсткай дыеты і доўгай дэпрэсіі. А цынк сапраўды неабходны для росту і дзялення клетак, якія «вырабляюць» скуру, валасы і ногці. Аднак на думку іншых спецыялістаў, сувязь дэфіцыту цынку ці кальцыю з жалезам і белымі адмецінамі на ногцях надуманая. А адзіны факт, які дакладна даказаны,— што асноўная прычына белых плям — гэта механічнае або хімічнае парушэнне працэсу арагавення ногця.

Няправільны танны лак для ногцяў, танны ацэтон для яго зняцця, вузкі абутак і няправільнае выдаленне кутыкулы — вось самыя частыя прычыны з'яўлення белых плям, якія зусім і не плямы, а пузыркі паветра. Ніякага пігменту белага колеру ў ногці няма.

У якія колеры могуць пафарбавацца ногці?

Сінімі ногці робяцца не толькі ад таго, што іх прышчамілі, але яшчэ і з-за цыянозу. Прычына такая ж, як і ў выпадку, калі пальцы сінеюць на марозе: дэфіцыт кіслароду, з-за чаго ток крыві замаруджваецца і падскурныя сасуды набываюць сіняватае адценне. Жаўцеюць ногці ў заядлых курыльшчыкаў. Здараецца, што ногці чырванеюць на кончыках і каля асновы, робяцца карычневымі ці набываюць зеленаватае адценне. Усім гэтым колерам што толькі не прыпісваюць: сіфіліс, абсцэс, праблемы са шчытападобнай залозай і анкалогію. Але адназначна так сказаць нельга. У здаровага чалавека ногці павінны быць раўнамерна ружовымі, а з любымі адхіленнямі варта звяртацца да дэрматолага.

Што азначаюць хвалі і ўпадзіны?

Расслаенне ногцяў найчасцей сустракаецца ў цырульнікаў, медсясцёр і прыбіральшчыц. Гэта адбываецца з-за таго, што ў іх рукі доўгі час або мокрыя, або перасушаныя. У майстроў манікюру да вільгаці дадаецца ультрафіялетавая лямпа для сушкі і агрэсіўны склад лакаў для ногцяў. А калі чалавек нічога не мые, не прыбірае, то ломкасць ногцяў можа быць прыкметай анеміі і наступствам дэфіцыту жалеза, без якога гемаглабін дрэнна даносіць кісларод да тканак, асабліва тых, што на пальцах і далёка ад сэрца. Вертыкальныя хвалі для людзей сталага ўзросту, у якіх абменныя працэсы замаруджваюцца, з'ява нармальная, а ў больш маладых могуць быць прыкметай псарыязу, экзэмы ці артрыту. Калі ж на ногцях з'явіліся гарызантальныя ўвагнутасці і бугры, то, хутчэй за ўсё, гэта вынік стрэсу, і ваш арганізм мае патрэбу ў вітамінах ці мікраэлементах.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».