Вы тут

З кранаў жыхароў Рэчыцы нарэшце цячэ чыстая вада*


Пабудаваная станцыя абезжалезвання ў Рэчыцы нарэшце вырашыла праблемы жыхароў з пітной вадой. Горад з насельніцтвам у 65 тысяч чалавек з мая пачаў спажываць ваду, якая адпавядае ўсім санітарным нормам і правілам, сцвярджае дырэктар філіяла «Рэчыцаводаканал» КУП «Рэчыцкі райжылкамгас» Уладзімір РЫБАКОЎ.


Будаўніцтва станцыі на водазаборы «Галаўны» планавалася даўно. Магчымасць з'явілася, калі Міжнародны банк рэканструкцыі і развіцця выдаткаваў на рэалізацыю праекта пазыку ў памеры $2 млн 175 тысяч. Цяпер усе сродкі засвоены, аб'ект пабудаваны, станцыя ўведзена ў эксплуатацыю. Дарэчы, гэта работа — частка дзяржаўнай палітыкі, якая на сённяшні дзень замацавана спецыяльнай праграмай «Камфортнае жыллё і спрыяльнае асяроддзе» і яе падпраграмай «Чыстая вада» на 2016—2020 гады».

— На працягу 9 гадоў мы ніяк не маглі рэалізаваць гэты важны сацыяльны праект. Будаўніцтва працягвалася 8,5 месяца. За гэты кароткі тэрмін мы цалкам пабудавалі станцыю новага пакалення. Яе сапраўды можна назваць унікальнай. Станцыя цалкам аўтаматызаваная. Яшчэ адзін бясспрэчны плюс — энергаэфектыўнасць. Вада паступае на ачыстку без дадатковага помпавага абсталявання, самацёкам. Віцебскае прадпрыемства, якое спецыялізуецца на падобных аб'ектах, зрабіла станцыю «пад ключ»: ад замовы, вытворчасці абсталявання, пусканаладачных работ да сэрвіснага абслугоўвання.

У Рэчыцы скарыстана адна з апошніх распрацовак — безнапорная блокава-модульная станцыя «Крышталь-Б». У кампактным блокава-модульным будынку размешчаны восем вялікіх ёмістасцяў. Гэта біярэактары, дзе вада са свідравін спачатку акісляецца пры дапамозе кіслароду. 24 трохі меншыя слоікі — непасрэдна фільтр-модулі. Тут адбываецца другі этап ачысткі. Пры гэтым выкарыстоўваецца палімернае рэчыва айчыннай вытворчасці, тлумачыць Уладзімір Аляксандравіч:

— У станцыях папярэдняга пакалення выкарыстоўваліся друз, кварцавы пясок і вугаль, а ў новай — палімерная крошка. Менавіта на яе асядае жалеза. Брудная вада скідваецца, а чыстая ідзе спажыўцу. Дарэчы, новая станцыя яшчэ і не такая затратная. Бо некаторыя кампаненты ў старых — напрыклад, кварцавы пясок, дастаўляліся з-за мяжы.

У новай станцыі ачышчаная вада паступае ў назапашвальныя рэзервуары і адтуль пры дапамозе помпаў станцыі другога ўздыму — спажыўцам. Асадак з ачышчальных установак адпраўляецца ў спецыяльныя шламанакапляльнікі, размешчаныя побач з будынкам станцыі. Прадукцыйнасць новай станцыі абезжалезвання — 25 000 метраў кубічных у суткі. Трэба дадаць, што зімой жыхары Рэчыцы ў сярэднім расходуюць 8000—12000 кубаметраў вады, а летам — да 23 000.

— Паводле санітарных правілаў і нормаў, у чыстай вадзе лімітавана дапушчальная канцэнтрацыя жалеза —
да 0,3 міліграма на літр, — расказвае Уладзімір Рыбакоў. — Цяпер у пітной вадзе 0,1 міліграма жалеза на літр. Між іншым, раней мы падавалі ваду з утрыманнем жалеза — 0,6—0,7 мг. Пасля ўводу станцыі ў нас увесь горад і некалькі населеных пунктаў вакол будуць забяспечвацца ачышчанай вадой. Мы вельмі рады, што cтала менш скаргаў ад насельніцтва з-за прычыны няякаснай вады.

Між тым перыяд наладкі і ачышчэння труб будзе працягвацца да верасня. Бліжэй да восені сітуацыя з вадой у Рэчыцы павінна канчаткова стабілізавацца, запэўнівае кіраўнік «Рэчыцаводаканала»:

— У нас жа 70 гадоў водаправодным трубам. Паралельна з будаўніцтвам станцыі абезжалезвання вялася і працягвае праводзіцца работа па прамыванні сетак. Ужо адпрацаваны асноўныя вадаводы, шэраг вулічных і тупіковых сетак. Асноўны аб'ём адкладаў, назапашаны за шматлікія гады эксплуатацыі, знаходзіцца непасрэдна ў трубах. Каб вымыць асадак, спатрэбіцца нейкі час.

Цяпер у Рэчыцкім раёне працуе восем станцый абезжалезвання: у Рэчыцы на водазаборах «Паўднёвы» і «Галаўны», у населеных пунктах Бабічы, Васілевічы і Зарэчча, Зашчоб'е, Холмеч і Ліскі.

Да 2020 года пастаўлена задача забяспечыць усё насельніцтва краіны вадой пітной якасці. Таму ў Рэчыцы сёлета распрацоўваецца праектна-каштарысная дакументацыя для яшчэ двух падобных аб'ектаў: у вёсках Заспа і Каравацічы. Паводле праграмы будаўніцтва станцый абезжалезвання, у раёне да 2020 года яны павінны быць пабудаваны ў вёсках Белае Балота, Ведрыч, Камсамольск, Чырвоная Дуброва, Левашы, Азершчына, Перасвятое.

Уладзімір Рыбакоў дадае, што да таго ж у Рэчыцы патрабуюць рэканструкцыі і гарадскія ачышчальныя збудаванні:

— Ачысныя збудаванні нам перадалі ад гідролізнага завода
15 гадоў таму. Мы плануем, што ў найбліжэйшы час «Рэчыцаводаканал» увойдзе ў праграму Міжнароднага банка рэканструкцыі і развіцця з праектам па іх аднаўленні. Спадзяёмся, што калі нам выдзеляць сродкі, мы зробім у Рэчыцы і самыя сучасныя ачышчальныя збудаванні.

УНП 401157903

* - на правах рэкламы

 Іры­на АСТАШ­КЕ­ВІЧ

Загаловак у газеце: Цяпер без жалеза!

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».