Вы тут

Як працуюць ратавальнікі-кінолагі?


З начальнікам кіналагічнай службы Цэнтра пошукава-выратавальных работ і пажаратушэння Рэспубліканскага атрада спецыяльнага прызначэння Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Ігарам Апановічам мы гутарым каля вальераў, дзе жывуць сабакі, якія дапамагаюць ратавальнікам падчас надзвычайных сітуацый. Побач стаіць невялічкі помнік чатырохногаму памочніку. Самі ж пастаяльцы вальераў непакояцца, убачыўшы незнаёмага чалавека. Але тут жа пачынаюць дружалюбна віляць хвастом. Усяго тут знаходзяцца шэсць сабак. Усе яны адной і той жа пароды — лабрадор-рэтрывер. І ўсе яны ўжо ўдзельнічалі ў ратаванні людзей.


— Раней мы арыентавалі нашых сабак на пошук пацярпелых пад заваламі будынкаў. Але з гэтага года мы будзем займацца і пошукам зніклых людзей у лясах. Дзеля гэтага да нас далучыліся тры дадатковыя кіналагічныя разлікі. Справа ў тым, што ўніверсальнага сабакі не бывае. Яго можна навучыць працаваць або на завалах, або ў лесе, — расказвае Ігар Апановіч.

Усе нашы кінолагі атэставаны па стандартах МНС Расіі. Яны прайшлі сертыфікацыйныя выпрабаванні. Зусім нядаўна два кіналагічныя разлікі вярнуліся з горада Выцегра Валагодскай вобласці. Яны атэставаліся па першасным класе «А»: здольнасць працаваць на завалах дамоў.

— Кінолаг нясе сутачнае дзяжурства разам са сваім сабакам. Але пры неабходнасці ён можа браць на дапамогу і другога чатырохногага памочніка. Напрыклад, абваліўся дом, выехаў кіналагічны разлік. І сабака як быццам бы кагосьці знайшоў. Калі ў кінолага ўзнікаюць сумненні, ці ёсць нехта пад заваламі, то ён выпусціць другога сабаку ў якасці кантрольнага.

Увогуле, калі сабака паступае на службу, то яго стартавы ўзрост складае ад трох да шасці месяцаў. Шчаня павінна прайсці даволі складаны тэст. Па-першае, абавязкова ўлічваецца радаслоўная. Калі нехта з «бацькоў» ужо служыць у кінолагаў, то шанцы, што ў малога сабакі будзе адпаведная генетыка, павялічваюцца. Па-другое — характар. Калі шчанюк выказвае агрэсію, то яго адбракуюць тут жа. Нашы сабакі павінны быць дружалюбнымі, паколькі іх задача — дапамагаць тым, хто трапіў у бяду. Затым іх чакае ветэрынарны агляд. Яго задача — выявіць, каб у жывёлы не было ніякіх адхіленняў у фізічным развіцці. А вось пасля мы шчанюка тэстуем на палахлівасць. На яго надзяваюць спецыяльную амуніцыю, падвешваюць за яе на вышыню і назіраюць за рэакцыяй. Навошта гэта патрэбна? Справа ў тым, што мы можам вылецець на верталёце і дэсантавацца ў любы пункт краіны. У такім выпадку сабака спускаецца ў звязцы з кінолагам з вышыні прыкладна ў 50 метраў. Таксама нашы памочнікі не павінны баяцца тэхнікі, выбухаў, гуку працуючых інструментаў... Проста яны працуюць непасрэдна з кінолагам і ўвагу звяртаюць выключна на яго.

І калі шчаня паспяхова прайшло ўсе тэсты, то пачынаецца перыяд яго навучання, які доўжыцца сама меней год.

Працоўны век сабакі ў кіналагічным разліку не вельмі доўгі — да васьмі гадоў. Рэкордны ўзрост, у якім нёс службу наш чатырохногі памочнік, складаў 12 гадоў. Старажылу цэнтра Оскару ўжо сем. Усе іншыя яго «калегі» маладзейшыя.

Калі сабака дасягнуў «пенсійнага» ўзросту, то ствараецца спецыяльная камісія. Яна робіць ветэрынарны агляд, правярае фізічны стан і тэстуе жывёлу на вынослівасць. Напрыклад, работа сабакі на завале доўжыцца 30 хвілін. Калі наш хвастаты памочнік стамляецца пасля 15—20 хвілін працы — значыць, ён ужо не можа выконваць сваю функцыю на ўсе сто. Але спісанне з работы не азначае, што ад сабакі адмаўляюцца. Як правіла, кінолаг сабаку забірае да сябе дадому. Яны ж гадамі складаюць адно цэлае — кіналагічны разлік. Гэта твой напарнік, з якім ты нясеш службу, у якога ўкладваеш шмат сіл. Самі сабакі таксама за гэты час моцна прывязваюцца да кінолага. І што ж, пасля ўсё гэта перакрэсліць і здрадзіць сябру?

— А ў вас дома ёсць сабака?

— Так, але не лабрадор, а такса. Мая напарніца Айса, з якой працую, вельмі маладая, ёй усяго паўтара года. Зусім нядаўна яна «скончыла» спецыялізаваны курс падрыхтоўкі, а паступіла да нас з кіналагічнага цэнтра Узброеных Сіл.

Сёлета кінолагі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях выязджалі тройчы на месцы здарэнняў, звязаных з абвальваннем будаўнічых канструкцый.

— Сабаку трэба заахвочваць, — дзеліцца сакрэтамі Ігар Апановіч. — Таму, калі ён знаходзіць чалавека, — ці то на вучэннях, трэніроўцы, ці то ў рэальнай абстаноўцы, — сабака атрымлівае прыз у выглядзе смачнага пачастунку або цацкі. Агулам жа мы можам працаваць без перапынку на завалах да трох сутак. Але па жорсткім рэгламенце — разлікі змяняюцца праз кожныя паўгадзіны.

Аднак каб адшукаць чалавека пад заваламі, патрэбны доўгія і працяглыя трэніроўкі. На кожны дзень у кінолагаў складзены план заняткаў са сваім гадаванцам. Акрамя практыкаванняў на двухсотметровай паласе перашкод непасрэдна на базе нашай службы, мы выязджаем на вучэнні і на будоўлі, і ў лес. Здараюцца і кур'ёзныя выпадкі: мы акрэслілі межы ўчастка, умоўныя пацярпелыя схаваліся ў траве, — і тут аднекуль з'яўляецца іншы чалавек. Натуральна, да яго падбягае сабака і пачынае брахаць, пакуль не падыдзе кінолаг. А пасля аказваецца, што гэта грыбнік...

Але большасць выездаў у спецыялістаў звязана з мірнымі мэтамі. Напрыклад, у Дзіцячым рэабілітацыйным цэнтры для дзяцей-інвалідаў кінолагі — даволі частыя госці. Малым з асаблівасцямі развіцця патрэбна догатэрапія.

— Наколькі ў службовых сабак адчувальная розніца паміж «хлопчыкамі» і «дзяўчынкамі»?

— «Хлопчыкі» больш вынослівыя. Але ў гэтага медаля ёсць і адваротны бок. Яны больш актыўныя, часам замест трэніроўкі хочуць пагуляць, ды і ўвогуле патрабуюць большай увагі. А вось з «дзяўчынкамі» працаваць прасцей. Яны больш пакладзістыя і адданыя кінолагу. Зрэшты, як і ў людзей, тут усё індывідуальна.

* * *

Хутка кінолагі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях займеюць адну цікавую тэхналагічную навінку. На ашыйнікі сабак, якія займаюцца пошукамі зніклых у лясах, будуць прымацоўвацца адмысловыя
GPS-трэкеры. Яны стануць перадаваць сігналы на навігатары кінолагаў, куды запампуюць вельмі падрабязныя карты. Такім чынам, кінолаг у лесе не будзе арыентавацца выключна на брэх сабакі (які пры гэтым можа адбегчы і на дзясятак кіламетраў), а паглядзіць на патрэбныя каардынаты мясцовасці і пойдзе туды найкарацейшым шляхам. Такім чынам, і часу на пошукавыя аперацыі спатрэбіцца ўжо меней.

Валяр'ян ШКЛЕННІК

Фота атрымана ад кіналагічнай службы Цэнтра пошукава-выратавальных работ і пажаратушэння Рэспубліканскага атрада спецыяльнага прызначэння Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.

Загаловак у газеце: Чатыры лапы, мокры нос і стрэсавая ўстойлівасць

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.