Вы тут

Усё, што трэба ведаць пра дзяржаўныя стандарты ў сацыяльнай сферы


Пра мінімальны даход і паслугі «крокавай» даступнасці.

Амаль 20 гадоў таму ў краіне быў прыняты закон «Аб дзяржаўных мінімальных сацыяльных стандартах». Ім замацаваны гарантыі, якія неабходны, каб забяспечыць асноўныя патрэбы грамадзян. Стандарты прапісаны для розных галін — аховы здароўя, адукацыі, культуры, жыллёва-камунальнага абслугоўвання. І, вядома, для сацыяльнай сферы. Разбіраемся, якія гарантыі па сацыяльных паслугах і падтрымцы, аплаце працы і пенсійным забеспячэнні прадугледжаны ў Беларусі.


Фота БЕЛТА.

Сацыяльныя пункты і мабільныя брыгады

У кожным раёне краіны працуюць тэрытарыяльныя цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва (іх усяго 146). Пра тое, што іх дапамога запатрабавана, сведчаць лічбы: па звестках на красавік 2018 года, на ўліку ў ТЦСАНах стаяла 1,9 мільёна грамадзян.

З іх амаль 90 тысяч абслугоўваюцца дома — на 611 чалавек больш, чым год таму. Бясплатна паслугі атрымліваюць 2,4 працэнта грамадзян — малазабяспечаныя адзінокія пенсіянеры і інваліды І і ІІ групы. За частковую плату абслугоўваецца 18,2 %, за поўную — 79,4 %. Але трэба сказаць, што цана невысокая: адзін візіт сацработніка каштуе ў асноўным да двух рублёў.

Пры тэрытарыяльных цэнтрах дзейнічаюць аддзяленні, дзе могуць прыглядзець і за пажылымі, і за інвалідамі. Для апошніх адкрыта 280 рэабілітацыйна-працоўных майстэрняў, больш за 1,4 тысячы секцый па інтарэсах.

Каб забяспечыць даступнасць паслуг для сельскіх жыхароў, пашыраецца сетка сацыяльных пунктаў і філіялаў цэнтраў — сёння іх налічваецца каля 1,2 тысячы. Выязджаюць на дом таксама гаспадарчыя брыгады і брыгады сацыяльнага абслугоўвання. Яны могуць і траву ў двары пакасіць, і прадукты прывезці — усё, каб чалавек мог камфортна жыць дома, а не пераязджаць у інтэрнат.

Падтрымка сем'яў і ўразлівых катэгорый

Малазабяспечаныя грамадзяне могуць разлічваць на дзяржаўную адрасную сацыяльную дапамогу. Яе выплачваюць тым, чый даход з аб'ектыўных прычын ніжэйшы за найбольшую велічыню бюджэту пражытковага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва (на сёння гэта амаль 230 рублёў). У першым квартале 2018 года такую дапамогу выдзелілі 90,3 тысячы чалавек на суму 24,5 мільёна рублёў. З іх штомесячную сацыяльную дапамогу назначылі 23,7 тысячы чалавек, аднаразовую сацыяльную дапамогу — 12,3 тысячы, кампенсавалі затраты на набыццё падгузкаў — 39,4 тысячы, прадуктамі харчавання забяспечылі 14,9 тысячы дзяцей. У параўнанні з аналагічным перыядам летась колькасць атрымальнікаў выплат павялічылася на 1,9 працэнта, а сума аказанай дапамогі — на 17,4 працэнта.

Больш канкрэтна пра сумы. Сярэдні памер штомесячнай сацыяльнай дапамогі склаў 43,73 рубля на чалавека (за год ён вырас на 26 працэнтаў), аднаразовай — 138,73, кампенсацыі затрат на набыццё падгузкаў — 280 рублёў. Набор прадуктаў харчавання для дзяцей да двух гадоў каштаваў 61,73 рубля.

У асноўным сацыяльныя дапамогі выплачваюць шматдзетным і няпоўным сем'ям, якія выхоўваюць непаўналетніх дзяцей, — 61,7 % з ліку атрымальнікаў. Сярод сем'яў, якіх забяспечваюць прадуктамі харчавання, таксама лідзіруюць шматдзетныя — амаль 44 %.

У сістэму стандартаў уваходзяць і дапамогі ў сувязі з нараджэннем і выхаваннем дзяцей. Нагадаем толькі некаторыя з іх. Памер штомесячных выплат па доглядзе за дзіцем устанаўліваецца зыходзячы з сярэднямесячнага заробку ў краіне за другі і чацвёрты кварталы. На першага малога дапамога складае 312 рублёў, на другога і наступных — 356. Выплаты ў сувязі з нараджэннем дзіцяці больш істотныя. За першынца маці належыць 10 бюджэтаў пражытковага мінімуму (ці крыху больш за дзве тысячы рублёў), за наступных — 14 БПМ (ці амаль 2,9 тысячы).

Ацаніць працу кожнага

Фота Анатоля Клешчука.

Дзяржаўны гарант у сферы аплаты працы — гэта мінімальны заробак. Цяпер гэта сума ў 305 рублёў — столькі належыць тым, хто заняты на поўную стаўку і добрасумленна выконвае абавязкі. Калі палучка работніка не дацягвае да стандарту, наймальнік абавязаны яму даплаціць.

Сума невялікая. Яна, вядома, перавышае бюджэт пражытковага мінімуму, але не пакрывае мінімальнага спажывецкага бюджэту (гэта расходы на тавары і паслугі для задавальнення асноўных патрэб чалавека), які для працаздольнага насельніцтва складае каля 437 рублёў. З іншага боку, тыя, хто заняты на нізкааплатных работах без кваліфікацыі, могуць быць упэўненыя, што хоць бы столькі яны за сваю працу атрымаюць.

«Мінімалку» звычайна пералічваюць на пачатку кожнага года. Яна індэксуецца з улікам узроўню інфляцыі. Напрыклад, два гады таму мінімальны заробак раўняўся 240 рублям.

Дзяржава ўстанаўлівае таксама тарыфы аплаты працы. З іх дапамогай рэгулююцца заробкі ў бюджэтнай сферы. Адзіная тарыфная сетка ўлічвае розныя фактары і дазваляе атрымліваць больш тым спецыялістам, у каго вышэйшая кваліфікацыя, больш абавязкаў, вялікая фізічная ці інтэлектуальная нагрузка.

Што чакаць на пенсіі

Калі казаць пра пенсіі, то ў органах па працы, занятасці і сацыяльнай абароне розныя іх віды атрымліваюць больш за 2,5 мільёна чалавек. На працоўную пенсію па ўзросце цяпер маюць права жанчыны пасля 56 гадоў і мужчыны пасля 61. Агульны стаж работы для гэтага павінен складаць мінімум 20 і 25 гадоў адпаведна, а страхавы — 16 гадоў і 6 месяцаў. Для ўразлівых катэгорый планка іншая: бацькам дзяцей-інвалідаў, маці пяцярых дзяцей, інвалідам з дзяцінства дастаткова пяці гадоў страхавога стажу.

Мінімальны памер працоўнай пенсіі на сёння — 191,03 рубля. Тым, хто дасягнуў 75 і 80 гадоў, устаноўлены даплаты — 38,73 і 51,65 рубля адпаведна. Сярэдні памер пенсіі па ўзросце цяпер складае 340,53 рубля.

А што, калі патрэбны стаж не ўдалося напрацаваць? У такім выпадку пажылых забяспечваюць сацыяльнымі пенсіямі, праўда, выплачваць іх пачынаюць пазней — жанчынам пасля 60 гадоў, мужчынам пасля 65. І памер меншы —103 рублі (для інвалідаў сумы вышэйшыя).

Каб падтрымаць уразлівыя катэгорыі, выплачваюць таксама пенсіі па страце карміцеля, па інваліднасці.

Памер працоўных пенсій карэктуецца мінімум раз на год — у сувязі з ростам сярэдняга заробку па краіне. Мінімальныя працоўныя і сацыяльныя пенсіі, дабаўкі і павышэнні да іх, даплаты пажылым пасля 75 гадоў пераглядаюцца разам са змяненнем бюджэту пражытковага мінімуму.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

Загаловак у газеце: «Стандарт» на кожны дзень

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».