Вы тут

Бельгія ўпершыню заваявала медалі чэмпіянату свету па футболе


У матчы за трэцяе месца на чэмпіянаце свету па футболе 2018 года ў Расіі сустракаліся дзве каманды, якія ўжо гулялі паміж сабой на групавым этапе – Англія і Бельгія.


Тады перамогу з мінімальным лікам атрымалі бельгійцы, але тут ужо быў матч за медалі, хай і бронзавыя. Пасля паражэнняў у паўфінале каманды былі, здавалася, спустошаныя, але тым не менш паказалі яскравы і атакуючы футбол.

Толькі ў пачатку матча англічан напаткаў лёс іх сапернікаў па 1\2 фіналу, харватаў, бо яны прапусцілі гол ужо на 4-й хвіліне. Зборная Бельгіі зноў прадэманстравала сваю эфектыўную і прыгожую зброю – цудоўную контратаку, якую завяршыў дакладным галявым ударам, дарэчы, абаронца каманды Тама Мёнье. Бельгія – каманда даволі атакуючая, але конртвыпады ў яе атрымоўваюцца – адзін другога прыгажэй, і знешне і па канчатковым выніку.

На хвалі поспеху бельгійцы працягнулі атакаваць і мелі некалькі магчымасцяў павялічыць лік. Але тут ужо і англічане зразумелі, што трэба і ў футбол гуляць, і таксама рушылі на вароты саперніка, але ў іх атаках не шанцавала нападаючым. Бліжэй да перапынку каманды абмяняліся вострымі выпадамі, але без аніякай для сябе карысці.

Пасля перапынку, зрабіўшы пару замен, зборная Англіі прачнулася і пачала дзейнічаць больш рашуча. Астравіцяне, мабыць, вырашылі ўсё ж пазмагацца за бронзу і асадзілі вароты каманды Бельгіі. Тыя, нібыта вырашылі пагуляць “у адкат”, але набылі сабе з-за гэтага толькі сур’ёзныя праблемы ў абароне. Менавіта такая тактыка ледзь не дазволіла англічанам зраўняць лік на 70-й хвіліне сустрэчы. Свабодны палёт мяча пасля ўдару Даера ў пустыя вароты бельгійцаў перарваў абаронца Тобі Алдэрвейрэлд.

Напружанне каля варот зборнай Бельгіі нарастала, але на 82-й хвіліне гол здарыўся ў вароты зборнай Англіі. Бельгійцы правялі – правільна, зноў выдатную контратаку, якая прымусіла паўкаманды англічан толькі круціць туды-сюда галовамі, а потым скончылася голам у іх вароты. Капітан бельгійцаў Эдэн Азар вызначыўся і канчаткова зняў пытанні адносна ўладальнікаў бронзавых узнагород мундзіялі.

Гэта першы медаль каманды Бельгіі на чэмпіянатах свету, і, падобна на тое, што яна ўпэўнена, і галоўнае – заслужана, заняла сваё месца ў шэрагу топ-каманд не толькі еўрапейскага, але і сусветнага ўзроўню.

Іван КУПАРВАС

Фота championat.com, rsport.ria.ru

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».