Вы тут

Зборная Францыі – чэмпіён свету па футболе!


Галоўная гульня сёлетняга мундзіяля ў Расіі прайшла на маскоўскіх “Лужніках”.


Зборная Францыі ў “залатым” матчы працягнула гуляць у прагматычны, але эфектыўны футбол. Калі яе з’яўлення ў фінале чакалі многія, як аднаго з лідараў міравога футбола, то прысутнасць там Харватыі шматлікімі аматарамі лічылася сенсацыяй. Французы хацелі дадаць да звання чэмпіёнаў свету дадатак “двойчы” і не жадалі прайграваць за два гады другі тытул запар (у 2016 годзе яны ўступілі ў фінале чэмпіянату Еўропы Партугаліі). А харваты мелі магчымасць стаць чэмпіёнам свету, таму выйшлі на матч як на апошні бой.

І гэты бой андэрдогі фаварыту далі вельмі сур’ёзны. Пасля паўгадзіны гульні ў харватаў была і сур’ёзная перавага ў валоданні мячом, і ва ўдарах па варотах. Але лік быў нічыйны. На 18-й хвіліне матча нападаючы зборнай Харватыі Марыа Манджукіч зрабіў сваю справу як яму і належыць, але ў свае вароты. На 28-й хвіліне харваты забілі і другі мяч, ужо як трэба – саперніку, Іван Перышыч зраўняў лік.

Але на 39-й хвіліне харваты вырашылі зноў узяць справу ў свае рукі, але зрабілі гэта занадта літаральна. Зноў не пашанцавала нападаючым іх каманды, аўтар першага гола Перышыч згуляў рукой у сваёй штрафной, суддзя выкарыстаў відэапаўтор і прызначыў пенальці. Яго бязлітасна для саперніка рэалізаваў Антуан Грызман, французы павялі 2:1.

У другім тайме харваты вельмі стараліся зноў зраўняць лік, але французы сталі гуляць яшчэ больш сур’ёзна і мэтанакіравана. Спачату яны супакоілі хвалі атак саперніка, а потым забілі яму два мячы. На 59-й хвіліне гэта зрабіў Поль Пагба, а на 65-й дакладным ударам адзначыўся Кіліян Мбапэ. Параўда, на 69-й вырашыў падкінуць інтрыгі ў гульню галкіпер зборнай Францыі Уга Льярыс, які ў сваёй штрафной вырашыў абыграць Манджукіча. Той на фінт не павёўся, і пакараў варатара саперніка за саманадзейнасць – лік стаў 4:2.

Пасля гэтага французы можна сказаць пачалі сушыць гульню і не дазволілі харватам, нягледзячы на ўсе іх адчайныя памкненні, зрабіць нічога сур’ёзнага. Шэсць галоў у фінале – рэкорд за апошнія 52 гады, і зборная Францыі стала чэмпіёнам свету 2018 года! Гэта другі тытул для трохкаляровых (першы яны дабылі дома 20 гадо таму), ну а для зборнай Харватыі выступленне на турніры ў Расіі стала лепшым у гісторыі, але не адзіным: у трыўмфальным для французаў 1998 годзе харваты сталі бронзавымі прызёрамі чэмпіянату свету. Дарэчы, тады менавіта Францыі Харватыя прайграла ў 1\2 фіналу.

Галоўны трэнер зборнай Францыі Дзідзье Дэшам выйграў мундзіяль ў другі раз за кар'еру: сёлета як трэнер і 20 гадоў таму як футбаліст. Як трэнер і як гулец чэмпіянаты свету перш выйгравалі толькі два чалавекі - немец Франц Бекенбауэр (1974 і 1990 г.г.) і бразілец Марыа Загала (1958, 1962 і 1970 г.г.).

Паўабаронца зборнай Харватыі Лука Модрыч прызнаны лепшым гульцом чэмпіянату, нападаючы зборнай Францыі Кіліян Мбапэ - лепшым маладым гульцом. Нападаючы зборнай Англіі Гары Кейн з 6 забітымі галамі (3 - з пенальці) стаў лепшым бамбардзірам чэмпіянату, галкіпера зборнай Бельгіі Ціба Куртуа прызналі лепшым варатаром. Гульні чэмпіянату свету ў Расіі наведалі звыш 3 мільёнаў чалавек.

Іван КУПАРВАС

Фота championat.com, rsport.ria.ru, gazeta.ru

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?