Вы тут

«Францыя выйграла? Значыць, мы танцуем!»


«Францыя танцуе. На гадзінніку 18:57, 15 ліпеня, нядзеля. Уся краіна падобная на вялізную фан-зону. За пару хвілін да фінальнага свістка адлік вяла ўся краіна, запаланіўшы плошчы, вуліцы, каруселі і фантаны. Пяць, чатыры, тры, два, адзін... На 90-й хвіліне гульні пад гукі вувузелаў тратуары Парыжа, Ліёна і Марселя ператварыліся ў танцпол. Францыя выйграла? Значыць, мы танцуем!» —- так французская Le Monde апісвае першыя хвіліны пасля выйгрышу футбольнай зборнай сваёй краіны ў чэмпіянаце свету.


Танцавалі ўсе. Антуан Грызман, аўтар штрафнога, з якога харват Манджукіч забіў галавой першы гол ва ўласныя вароты. Кіліян Мбапэ, які паставіў у фінальным матчы тлустую кропку ў выглядзе чацвёртага гола ў харвацкія вароты. Ён проста на стадыёне «Лужнікі», чакаючы цырымоніі ўзнагароджання, у бліц-інтэрв'ю французскаму тэлеканалу заявіў, што сваю ролю бачыць не толькі ў добрай гульні, але і ў тым, каб рабіць людзей шчаслівымі, і тут жа выканаў некалькі па паўднёваафрыканскага танца гвара-гвара. Не спыніліся французы і на выніковай прэс-канферэнцыі — яны палілі шампанскім свайго трэнера Дзідзье Дэшама і ўсіх прысутных журналістаў, а пасля забраліся на стол, за якім павінны былі сядзець і адказваць на пытанні, і танцавалі ўжо там, падпяваючы. І так гэта ладна ў іх выходзіла, нібы на трэніроўках яны і гэты пераможны танец рэпеціравалі. Хтосьці пасля напісаў, што яны такім чынам сарвалі прэс-канферэнцыю. Але ж ці судзяць пераможцаў?

Харваты пасля спрабавалі паставіць пад сумненне чысціню і першага гола, і пенальці. Скардзіліся невядома каму і невядома на каго: маўляў, у футбол гулялі мы, а забівалі французы. Іх заўзятары мяркуюць гэтаксама. Але з тым, што фінал выдаўся феерычны і па напружанні гульні, і па выніках, спрачацца не будзе ніхто. Такога ніхто не чакаў — стаўкі перад гульнёй былі на дадатковы час і нават на серыю пенальці (як, дарэчы, і адбывалася на трох апошніх мундзіялях). А тут за 90 хвілін набілі столькі, што фінал стаў самым рэзультатыўным за апошнія 52 гады — у 1966-м з такім жа лікам англічане абыгралі каманду ФРГ. Праўда, другі гол харватаў нават і голам не назавеш — так, рашыў Уго Льёрыс паздзекавацца з сапернікаў, даўшы ім хоць нейкую надзею, бо тры мячы адыграць амаль нерэальна, а вось два...

І хоць французскі варатар гэткім сваім эксцэнтрычным учынкам парваў таварышам па камандзе і заўзятарам нервы, яму даравалі. Ці ж судзяць пераможцаў? Яго імя нават на нейкі час з'явіцца ў назве парыжскага метро. На час святкавання перамогі зборнай станцыя Vіctor Hugo стала называцца Vіctor Hugo Llorіs. Атрымаў порцыю славы ў сталічнай падземцы і трэнер «сініх» — станцыя Notre-Dame des Champs часова змяніла найменне на Notre Dіdіer Deschamps. На добры толк, месье Дзідзье заслужыў і не часовага ўшанавання. Ён адзіны такі ў Францыі і адзін з трох у свеце — трэнер зборнай, для якога гэта другое золата мундзіялю — першае ён атрымаў, калі быў гульцом каманды дваццаць гадоў назад. У 1998-м ён быў капітанам, і, можа, менавіта веданне псіхалогіі эмацыянальных гульцоў не французскага паходжання і дазволіла яму ўжо на пасадзе трэнера зрабіць з таленавітых, але такіх «сабе на ўме» футбалістаў каманду-чэмпіёна. Дарэчы, французская зборная — адна з самых маладых на чэмпіянаце. Праз два гады, атрымліваецца, варта чакаць паўтарэння поспеху чэмпіёнаў-98, якія выйгралі і першынство Еўропы. Тады запальвалі Зідан і Анры. Але ж сёння ёсць Мбапэ, Грызман і... хто там яшчэ ў іх на лаўцы запасных?..

А мяч, з якім гулялі фінал ЧС-2018, з аўтографамі ўсіх гульцоў і кіраўнікоў дзяржаў, што прысутнічалі на матчы, перададуць юным футбалістам з Тайланда. Тым самым, якіх затапіла ў пячоры і за выратаваннем якіх сачыў увесь свет. Хлопцаў запрашалі на саму гульню, але многія з іх яшчэ ў шпіталі. Але ж футбол не знае межаў і абмежаванняў. Спрачацца з гэтым, пэўна, наважыцца толькі той, хто футбола не бачыў. А ці знойдзецца на ўсёй зямлі такі чалавек?

Мікалай ОЗЕРАЎ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».