Вы тут

Як Дыега Марадона пабываў у Беларусі


Айчынныя аматары спорту доўга не маглі паверыць, што вялікі, непараўнальны, легендарны, адзін з найлепшых футбалістаў мінулага стагоддзя будзе датычны да беларускага футбола. Спачатку размовы аб тым, што Дыега Арманда Марадона стане часткай сістэмы брэсцкага «Дынама» лічыліся толькі чуткамі, а сам клуб пастаянна ўхіляўся ад адказаў на пытанні журналістаў на гэтую тэму. Пасля адстаўкі трэнера брастаўчан хтосьці пачаў меркаваць, што менавіта на трэнерскую пасаду можа быць запрошаны знакаміты аргенцінец, а крыху больш за два месяцы таму кіраўніцтва «Дынама» паведаміла, што Марадона стане старшынёй праўлення клуба.


У разгар чэмпіянату свету па футболе ў Расіі, на якім Дыега падтрымліваў сваю зборную, прэс-служба брэсцкага клуба абвясціла, што Марадона
прыедзе на матч «Дынама» супраць «Шахцёра» 16 ліпеня. Падзея па-сапраўднаму знакавая для горада, таму не дзіўна, што яна сабрала ў будны дзень мноства народу не толькі на стадыёне, але і каля гасцініцы, у якой прайшла прэс-канферэнцыя Марадоны. Прысутнічалі там, вядома, і журналісты, дарэчы, не толькі беларускія: пагутарыць з вялікім футбалістам прыехалі калегі з Расіі і нават Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў.

Аб прапанове ад «Дынама»

Дыега прыляцеў у брэсцкі аэрапорт раніцай панядзелка на ўласным самалёце, выйшаўшы з яго, ён пацалаваў руку і прыклаў яе да беларускай зямлі.

— У першую чаргу хачу падзякаваць сваёй маме, якая ўжо на нябёсах. Яна накіроўвае мяне ва ўсіх учынках, — пачаў сваю гутарку Марадона на прэс-канферэнцыі. — Дзякуй «Дынама-Брэст» за тое, што зрабілі мне гэтую прапанову. Я ні секунды не сумняваўся, убачыў, што гэта сур'ёзны праект. Я рады быць тут. Калі скончу сваю кар'еру ў Брэсце, то застануся тут жыць. Цяпер мне неабходны невялікі адпачынак, таму што я паўтара года не быў у Аргенціне, не бачыў дзяцей і сясцёр, сваіх астатніх сваякоў. Пара зарадзіць батарэйку, каб вярнуцца сюды і зрабіць з «Дынама» каманду, якая зможа змагацца і радаваць усіх балельшчыкаў. Хачу зрабіць так, каб яны ганарыліся футбалістамі. Я ўжо пераадзеты, гатовы праводзіць першую трэніроўку, — з усмешкай заявіў Марадона. — Вядома, за адзін дзень каманду не пабудаваць, трэба час, каб яна магла ствараць канкурэнцыю, і потым мы пагаворым аб выніках.

Пра Беларусь і мясцовы футбол

Марадона адзначыў, што змог бы застацца жыць у нашай краіне, нават нягледзячы на няўстойлівае і часам халоднае надвор'е.

Вядомы футбаліст сказаў, што ўжо знаёмы з многімі лідарамі дзяржаў і ў будучыні хацеў бы пазнаёміцца з прэзідэнтам Беларусі.

— У мяне вельмі вялікія ўспаміны пра Фідэля Кастра, Чавеса, Мадуру, Артэгу, Кадафі. Таксама я ведаю Пуціна і цяпер хачу зрабіць фатаграфію з Аляксандрам
Лукашэнкам. Спадзяюся, ён стане нашым балельшчыкам.

Дыега запэўніў, што знаёмы з беларускім футболам і ведае не толькі той клуб, у якім будзе працаваць.

— Я паважаю ўсіх сапернікаў, але не буду казаць пра БАТЭ ці іншыя клубы. Буду казаць толькі пра маё «Дынама». Як я ўжо адзначаў, мы пастараемся зрабіць каманду, якая будзе змагацца за найлепшыя месцы. Мы павінны быць мацнейшымі ментальна, а не толькі фізічна. Я хачу даць гульцам найлепшае са сваёй футбольнай кар'еры, падзяліцца вопытам.

Марадона не выключае, што дзеля работы ў «Дынама» ён нават вывучыць рускую мову.

— Вядома, я не пачну размаўляць на ёй так, як вы. Але на ўстаноўках гульцам буду выкарыстоўваць. Збіраюся паляпшаць свой слоўнікавы запас, каб размаўляць з футбалістамі хаця б часткова на адной мове. Думаю, на гэта ў мяне будзе час. Кантракт з «Дынама» — адна з найлепшых падзей у маім жыцці. Я думаў, што ў свае гады ўжо не змагу ўзняць каманду, аказалася, што магу, паспрабую, па меншай меры.

Пра чэмпіянат свету ў Расіі

Адной з непазбежных тым на прэс-канферэнцыі стаў чэмпіянат свету ў Расіі. Дыега Марадона даў сваю разгорнутую ацэнку мундзіялю.

— Мы бачылі вельмі добры чэмпіянат, многія каманды здзівілі, многія гульцы добра сябе паказалі, напрыклад, Мбапэ, Азар. І наадварот, Неймар, Раналду, Месі, якія былі далёкія ад сваёй найлепшай гульні. Арганізацыя чэмпіянату была цудоўная, улічаны ўсе дэталі. Чуў, што былі людзі, якія хацелі нанесці шкоду мундзіялю, але Пуцін выдатна ўсё падрыхтаваў і зрабіў так, каб службы бяспекі працавалі выдатна і балельшчыкі без праблем маглі хадзіць на стадыёны, — адзначыў Марадона. — Калі казаць пра зборную Расіі, яна зрабіла больш, чым ад яе чакалі. Да мундзіялю магла прайграць любой камандзе, а зараз атрымалася выбіць былых чэмпіёнаў свету, зборную Іспаніі. Гульцы стараліся, выклаліся па поўнай, у іх не было ні Неймара, ні Раналду, ні Азара, але яны справіліся. Іх перавага была ў тым, што яны беглі, беглі і беглі.

Калі я глядзеў фінал, казаў сабе: ужо не ты гуляеш, гуляюць іншыя футбалісты. Я нашмат больш забаўляўся з мячом, у параўнанні з тым, што адбываецца цяпер. Няма гульцоў, якія мяне здзіўляюць, няма гульцоў, якія забіваюць вялікія галы. Зрэшты, мы павінны забыць гэты чэмпіянат свету і прыглядацца да наступнага.

Пасля прэс-канферэнцыі Марадона адправіўся на стадыён, дзе з'явіўся ў касцюме з эмблемай «Дынама». Публіка сустракала легенду гучнымі авацыямі і крыкамі «Дыега!». Павітаўшыся з балельшчыкамі і футбалістамі, Марадона адправіўся на трыбуну, адкуль і глядзеў матч свайго клуба з салігорскім «Шахцёрам». (Брастаўчане, нягледзячы на зорную падтрымку, прайгралі. Можа, перахваляваліся?)

Адзначым, што на сустрэчы з Дыега Марадонам гаворка ішла таксама пра тое, што ў Брэсце хутка з'явіцца акадэмія футбола імя Марадоны і новы стадыён на 30 тысяч месцаў.

Дырэктар па развіцці брэсцкага «Дынама» Віктар Радзькоў:

— Віншую ўсіх, хто мае дачыненне да брэсцкага «Дынама». У нас шмат планаў, якія мы збіраемся рэалізаваць разам з Дыега. Плануецца, што новы стадыён з'явіцца на Камянецкім кальцы, — гэта зручная аўтамабільная развязка. Канцэпцыя стадыёна будуецца вакол сям'і, якая павінна трапляць на тэрыторыю арэны з раніцы і праводзіць там увесь дзень да матча. На тэрыторыі новага стадыёна будзе вялікая колькасць фуд-кортаў, а таксама музей футбола Брэстчыны. Мы не баімся заяўленай змяшчальнасці ў 30 тысяч. Так, гэта даволі маштабна для Беларусі, але, улічваючы фактар нашага боса Дыега Марадоны, на якога могуць прыляцець паглядзець з усяго свету, паказчык цалкам нармальны. Там таксама будзе гандлёвы цэнтр, бізнес-цэнтр, гасцініца і акадэмія Марадоны. У яе будуць адбірацца найлепшыя гульцы, хлопцы, якія будуць выйграваць Лігу Еўропы і Лігу чэмпіёнаў. Мы нават замахнёмся на большае — чэмпіянаты свету і Еўропы.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ, г. Брэст

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».