Вы тут

Што аб'ядноўвае нашых і армянскіх студэнтаў


Ужо чацвёрты год дзве навучальныя ўстановы — Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт і Армянскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Хачатура Абавяна — рэалізуюць летнюю школу «Пазнай Беларусь: ад адукацыі да культуры». У рамках міжнароднага праекта дзесяць дзён студэнты з Арменіі, Чэхіі, Кітая і Туркменістана гасцявалі ў Беларусі.


Выкладчыкі ўніверсітэта ўвесь гэты час вучылі замежных студэнтаў асновам беларускай мовы, раскрывалі ім сакрэты народнай творчасці, знаёмілі з сістэмай айчыннай вышэйшай адукацыі і ўмовамі паступлення і навучання ў магістратуры, аспірантуры і дактарантуры. Таксама для гасцей была распрацавана разнастайная культурная праграма.

— Мы з'ездзілі ў Хатынь, музей народнай архітэктуры і побыту ў Азярцы і манастыр, — дзеліцца ўражаннямі студэнтка аддзялення тэлежурналістыкі факультэта культуры Армянскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта (АДПУ) Сона ХАЧАТРАН. — У нас у Ерэване таксама ёсць месца, падобнае на Хатынь. Гэта Цыцэрнакаберд, мемарыяльны комплекс, створаны ў памяць аб ахвярах генацыду армян у 1915 годзе ў Асманскай імперыі. Увогуле, калі я прыехала ў Мінск, то мне горад падаўся нейкім ціхім у параўнанні з Ерэванам, нават у самых ажыўленых месцах. І значна большым, бо ў нас нават падчас простага шпацыру сустракаеш сваякоў, сяброў і знаёмых. А яшчэ ўразіў беларускі клімат. У Ерэване ў гэты час года слупок тэрмометра стабільна сягае за трыццаць пяць градусаў у цені. Калі мы прыехалі ў Мінск, то літаральна праз пару дзён быццам бы трапілі ў восень. Было вельмі нязвыкла, што ў разгар лета ўдзень можа быць усяго 10—15 градусаў цяпла, моцныя дажджы і парывісты вецер.

А яшчэ я навучылася крыху размаўляць па-беларуску. Пры веданні рускай лексікі беларуская мова здаецца не такой складанай у параўнанні з армянскай. І граматыка ў вас відавочна прасцейшая ў параўнанні з нашай.

На просьбу згадаць вядомыя ёй беларускія словы (зразумела, што за дзесяць дзён мову не вывучыш, каб бегла на ёй размаўляць) Сона секундаў дзесяць разважае, а пасля прамаўляе: «Дзякуй», «Калі ласка», «Прывітанне», «Добрай раніцы» і тут жа перакладае іх на рускую. Памылак няма, адзінае — вуха прыкмячае акцэнтаванае вымаўленне. Але хто з нас размаўляе на замежнай мове без акцэнту?

— Я больш за дзесяць гадоў пражыў у сярэдняй паласе Расіі, — кажа студэнт факультэта інфарматыкі, фізікі і матэматыкі АДПУ Грыгорый АЙРАПЕЦЯН. — Пасля бацькі пераехалі ў Арменію. Але і там сувязь са славянскай культурай не перарвалася. Я хадзіў у школу з рускай мовай навучання. І, як бачыце, мы з вамі цудоўна разумеем адзін аднаго. Скажу так: калі браць не асобныя словы, вырваныя з кантэксту, а менавіта прамову на беларускай мове, то я зразумею ўсё, але адкажу вам па-руску. З арфаграфіяй цяжэй — усё ж такі ў рускай мове няма прынцыпу «як чуецца, так і пішацца». Да таго ж і ў прафесійным лексіконе мы выкарыстоўваем шмат тэрмінаў, якія агульныя і для армянскай, і для рускай, і для беларускай моў.

— А што вам падалося самым незвычайным у Беларусі?

— Архітэктура. Ерэван не спазнаў ваеннага ліхалецця, таму шмат архітэктурных помнікаў у нас ацалела. Дамы, узведзеныя за савецкім часам, у нас таксама ёсць, як і ў Мінску, але аблічча горада яны не ствараюць. Ды і наша гісторыя больш старажытная, што таксама наклала свой адбітак. Напрыклад, у Ерэване ёсць разваліны крэпасці Эрэбуні, якая была ўзведзена яшчэ ў 782 годзе да нашай эры, нават раней за дату заснавання Рыма! Таксама ў нас амаль усе дамы пабудаваны з вулканічнага туфу. Калі паглядзець на Ерэван з ілюмінатара самалёта, то ён падаецца ружовым і аранжавым. А ў Беларусі гор няма, туфу таксама. Затое ў вас шмат лясоў. І таму нам было вельмі цікава паглядзець на тое, як і дамы, і гаспадарчыя прылады рабіліся з дрэва. Мяне вельмі ўразіла падарожжа ў музей народнай архітэктуры і побыту.

— А яшчэ ваша сталіца вельмі зялёная, — заўважае студэнт з Туркменіі Езіз ШАРЫПАЎ. — Мне вельмі падабаецца мясцовасць каля Нямігі — шмат дрэваў, чыстая Свіслач, прасторна, цікавы архітэктурны комплекс. Ды і калі едзеш па-за горадам, таксама нязвычна зелена, безліч лясоў, птушкі спяваюць... Горад Мары, адкуль я родам, знаходзіцца ў аазісе пасярод пустыні Каракум. У нас пейзажы зусім іншыя.

Мелко МЕЛКАНЯН, які вучыцца ў АДПУ на кінааператара на факультэце культуры, дадае: «Мы былі ў Верхнім горадзе на вечары джазавай музыкі. Спадабаліся таксама і песні беларускіх гуртоў, якія гучалі на канцэртах. Таксама наведалі Дзень вышыванкі і паўдзельнічалі ў святкаванні Дня Незалежнасці. Парад, гала-канцэрт, салют — гэта ўсё вельмі запамінальна. Але я крыху змерз, таму што хто ж мог ведаць, што ў Мінску лета адступіць у самай яго кульмінацыі! А яшчэ мы ездзілі ў лагер «Палітэхнік». Там разам са студэнтамі БНТУ святкавалі Купалле».

Цікава, што армянскія студэнты хоць і навучаюцца ў адным універсітэце, але адно аднаго да паездкі ў Беларусь не ведалі. Рыхтуючыся да яе, стварылі спецыяльны чат у «Вайберы», праз які і абмяркоўвалі ўсе арганізацыйныя пытанні. А «развіртуаліліся» яны толькі ў аэрапорце Ерэвана.

— Сама ідэя Летняй школы ўзнікла ў рэктараў БДПУ і АДПУ Аляксандра Жука і Рубэна Мірзаханяна пры сустрэчы ў Армянскім дзяржаўным педагагічным універсітэце ў 2015 годзе, — расказала начальнік упраўлення міжнароднага супрацоўніцтва БДПУ Святлана КАБАЧЭЎСКАЯ. — На парытэтных умовах мы абменьваемся студэнтамі. Касцяк гасцей ужо па традыцыі складаюць студэнты з Ерэвана. А ў канцы лета нашы студэнты адправяцца ў Арменію, каб дакрануцца да гісторыі і культуры гэтай краіны.

Дарэчы, цікавы выпадак адбыўся падчас першай Летняй школы, якая праходзіла ў 2015 годзе на тэрыторыі Беларусі і Літвы. Мы тады паехалі ў Вільнюс. Армяне гутарылі паміж сабой па-армянску, і вось да іх падышоў нейкі чалавек, паслухаў і сказаў: «Хлопцы, вы —- нашы!» Выйшла, што ў Літве сустрэліся армяне з Мінска і Ерэвана. Таму мы ўключылі ў праграму і сустрэчу з прадстаўнікамі армянскай дыяспары, якая жыве ў Беларусі, каб яе члены дапамагалі гасцям спазнаваць нашу краіну.

— Я нарадзіўся ў Арменіі ў горадзе Абавян, — гаворыць старшыня маладзёжнай дыяспары армян Мінска, выкладчык БДПУ Карэн МУРАДЗЯН. — Жыву ў Мінску з чэрвеня 1999 года. Мне было 10 гадоў, калі мы пераехалі сюды разам з бацькамі. Раней жылі ў Расіі, пасля — у Арменіі. Але бацькі вырашылі, што лепш мне даць адукацыю за мяжой, тым больш што ў таты ў Мінску тады была свая справа. Канешне, ментальнасць у беларусаў і армян розная. Што аднолькавае, дык гэта гасціннасць: калі ў доме адзін ложак, то госця пакладуць менавіта на яго. Але шмат
сітуатыўных рэчаў чалавек, які ўпершыню трапіў у Беларусь з Арменіі, адразу не зразумее. Таму мы стараліся ўсе нюансы тлумачыць. І спадзяёмся, што сённяшнія госці яшчэ не раз прыляцяць у Мінск...

Валяр'ян ШКЛЕННІК

Загаловак у газеце: Зялёная Беларусь і аранжавы Ерэван

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».