Вы тут

«Хуліганская» гульня


Яшчэ ў канцы 1980-х рэгбі ў краіне было адным з папулярных камандных відаў спорту: праходзілі чэмпіянаты БССР, дзейнічалі дзясяткі дзіцячых секцый. Цяпер гэта занятак для энтузіястаў, якія ў вольны ад працы час не толькі трэніруюцца і бяруць удзел у турнірах, але і ўдзяляюць увагу выхаванню падрастаючага пакалення.


— Нам вельмі блізкая ідэалогія добраахвотных спартыўных таварыстваў, якія былі пры большасці прадпрыемстваў у СССР. Гэта былі свайго роду «пункты збору» людзей, якія не проста шукалі, чым заняць свой вольны час, але і ўдзельнічалі ў сацыяльных праектах, папулярызавалі здаровы лад жыцця, — кажа Аляксей Гайдукевіч, трэнер мінскай спартыўнай арганізацыі «Рэгбі-Юніян». — У нас займаюцца ў тым ліку хлопцы, якія прайшлі шлях ад непаўналетніх злачынцаў і выпівак да спартсменаў сур'ёзнага ўзроўню. Некаторыя, апроч гульняў за мінскія каманды ў міжнародных турнірах, бяруць удзел у матчах клуба з Вільнюса ў чэмпіянаце Літвы. Не сакрэт, што рэгбі — гульня «хуліганская», таму яна ў большай ступені прыцягвае не зусім «добрых хлопцаў». Як толькі такі малады чалавек зацікавіўся, яго важна захапіць гэтым спортам, скіраваць бурлівую энергію ў патрэбнае рэчышча. А далей сістэмныя заняткі па ўдасканаленні фізічнай сілы, хуткасці і тэхнікі абавязкова выведуць юнака на правільны шлях. Рэгбі — камандны спорт, у нас плячо таварыша па камандзе не раз робіцца апорай у цяжкіх гульнявых момантах.

Асаблівасці гульні і трэніровачнага працэсу, які павінен уключаць і элементы псіхалагічных трэнінгаў, станоўча ўплываюць на моладзь, упэўнены Аляксей.

Пакуль гэты від спорту не такі раскручаны ў Беларусі, але за мяжой у яго шмат паклоннікаў.

— У Францыі — даўнія рэгбійныя традыцыі, можна сказаць, што па папулярнасці гульня там сапернічае з футболам. Але гэта вяршыня айсберга. Аснову складаюць дробныя аматарскія клубы ў невялікіх гарадах, у якіх і вырастаюць будучыя чэмпіёны, — заўважае прафесійны рэгбіст беларускага паходжання Алег Ішчанка, які выступае ў Францыі ў клубе Vаnnеs. — Большасць такіх арганізацый — некамерцыйныя аб'яднанні, якім дапамагаюць мясцовыя ўлады. І неабавязкова фінансава: гэта могуць быць бясплатная арэнда палёў, зніжка на камунальныя паслугі і г. д. Важная крыніца фінансавання — клубныя карты. Такога тыпу сістэма дазваляе гульцам самім не плаціць за пераезды па рэгіёне ці за арганізацыю дамашніх матчаў. Матчы рэгіянальных аматарскіх спаборніцтваў прыцягваюць шмат балельшчыкаў, бо клубы фактычна з'яўляюцца «агульнай справай» горада ці раёна. У некаторай ступені спартсмены становяцца прыкладам для моладзі, якая далучаецца да секцый. Асаблівая ўвага ўдзяляецца не толькі папулярызацыі рэгбі і асобна ўзятай каманды, але і ўдзелу гульцоў у розных праектах. Яны ахвотна бяруцца за працу падчас валанцёрскіх акцый, у тым ліку па сацыялізацыі цяжкіх падлеткаў, папулярызацыі здаровага ладу жыцця. У сельскай мясцовасці ці невялікіх мястэчках імпрэзы для моладзі з удзелам гульцоў становяцца сапраўдным святам. Таму я раіў бы і ў Беларусі звярнуць увагу на такую папулярызацыю спорту.

Аляксей Гайдукевіч расказвае, што мінскія рэгбісты імкнуцца не адставаць ад сваіх французскіх калег. Яны наведваюць заняткі па фізкультуры ва ўстановах адукацыі ў спальных раёнах, знаёмяць моладзь з гэтым відам спорту, запрашаюць на трэніроўкі. Асаблівая ўвага аддаецца дзецям, схільным да парушэнняў закону.

— Нашы ідэі і планы знайшлі разуменне ў Мінскай гарадской арганізацыі БРСМ. Пры падтрымцы першага сакратара Сяргея Клішэвіча разам з раённымі інспекцыямі па справах непаўналетніх мы будзем знаёміць цяжкіх падлеткаў з рэгбі падчас больш змястоўных і сістэмных мерапрыемстваў, — паведаміў Аляксей.

У канцы снежня на мінскім стадыёне «Дынама-Юні» прайшоў турнір па рэгбі, у якім удзельнічалі хлопцы, што ўжо мелі праблемы з законам, у тым ліку тыя, якія пачалі трэніравацца ў секцыях увосень 2017 года. Хлопцы прадэманстравалі выдатныя вынікі і, галоўнае, імкненне да развіцця сваіх навыкаў.

Аляксей ЗАХАРЭВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Што агульнага ў космасу з патэльняй? ​У сям’і Якубоўскіх з Жодзіна з фізікай сябруюць усе

Што агульнага ў космасу з патэльняй? ​У сям’і Якубоўскіх з Жодзіна з фізікай сябруюць усе

Як сямейная пара настаўнікаў фізікі робіць складанае простым.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

АВЕН. У аўторак падзеі будуць развівацца спрыяльна для вас, нечакана могуць узнікнуць новыя перспектывы для кар'еры. 

Калейдаскоп

5 важных рэчаў, якім бацькі абавязаны навучыць сваіх дзяцей

5 важных рэчаў, якім бацькі абавязаны навучыць сваіх дзяцей

Быць бацькамі — вялікая адказнасць. Кожны з нас хоча выхаваць дзіця ўпэўненым, добрым і шчырым. І самае галоўнае — шчаслівым.