Вы тут

Беларускія навукоўцы пра асаблівасці і складанасці вырошчвання ільну


Унікальным і вядомым на ўвесь свет беларускі лён робяць айчынныя навукоўцы. Менавіта дзякуючы іх намаганням нашы сарты льну-даўгунцу пераўзыходзяць па ўраджайнасці ўсе замежныя аналагі і забяспечваюць яе на ўзроўні больш за 18 ц/га ўмоўнага льновалакна. Замежныя сарты вельмі часта папросту не могуць адаптавацца да пераменлівых умоў беларускага надвор'я, што негатыўна ўплывае на якасць трасты. Пры гэтым беларускія гаспадаркі парадаксальна працягваюць актыўна закупляць і вырошчваць замежныя сарты. Чаму так адбываецца, карэспандэнт газеты «Звязда» даведаўся ў дырэктара Інстытута льну Івана ГОЛУБА. У размове ўсплылі і болевыя кропкі галіны.


Устойлівыя сарты

Дзякуючы Інстытуту льну, што знаходзіцца ў мястэчку Вусце ў Аршанскім раёне, Віцебскай вобласці, беларускія сарты працягваюць развівацца і паказваць уражальныя вынікі. Сёння дасягненні ў селекцыі робяць нашу краіну адным з найбуйнейшых вытворцаў ільняной трасты. Паводле слоў Івана Голуба, з адкрыццём інстытута сярэдняя ўраджайнасць ільну ў Беларусі павялічылася ў 2,5 раза, да 10 ц/га.

Сёння інстытут з'яўляецца самай буйной арганізацыяй, якая займаецца льном не толькі ў навуковым, але і ў вытворчым плане. У яго распараджэнні знаходзіцца больш за 300 га плошчаў, на якіх вырошчваецца лён-даўгунец. Акрамя таго, тут займаюцца вывядзеннем новых сартоў, насенняводствам. Сёння ў інстытуце вырошчваюць сем новых сартоў: «Ласка», «Грант», «Лада», «Веста», «Рубін», «Дукат», «Мара», «Маяк» — раннія, сярэднія і пазнейшыя — для патрэб кожнай вобласці.

На плошчах арганізацыі летась удалося атрымаць больш за 1,65 тысячы тон трасты (54 ц/га). Такая ўраджайнасць айчынных сартоў цікавіць расійскіх вытворцаў ільну, якія гатовыя закупляць яго ў вялікай колькасці.

«Нам незразумелая сітуацыя, што беларускія гаспадаркі закупляюць замежныя сарты, калі яны не паказваюць найлепшы вынік. Акрамя таго, нашы сарты таннейшыя. Так, цана першай рэпрадукцыі насення французскай селекцыі — 3 еўра за кілаграм. Наша насенне ў тры разы таннейшае. Засеяць гектар французскім ільном абыдзецца ў 375 еўра, нашым — каля 120 еўра», — Іван Голуб не хавае свайго здзіўлення. Тым больш пра лепшую якасць замежнага льну гаварыць не даводзіцца: паводле слоў навукоўца, яшчэ ні адзін замежны сорт не змог пераўзысці цалкам нашы айчынныя, дзе б яны ні выпрабоўваліся.

«Напрыклад, у выпрабаваннях на Дубровенскім ільнозаводзе, што на Віцебшчыне, мы пераўзышлі французскую тэхналогію і іх сорт у 2010 годзе. Літаральна два гады таму мы праводзілі падобныя выпрабаванні на Пружанскім ільнозаводзе, што знаходзіцца ў Брэсцкай вобласці. Там наш лён сорту «Грант» ні ў чым не саступіў замежным аналагам, а па ўраджайнасці нават пераўзышоў іх», — расказаў Іван Голуб.

Беларускія сарты больш адаптаваныя да мясцовых умоў і лепш вытрымліваюць любыя мясцовыя кліматычныя змены. Пры гэтым у інстытуце іх пастаянна ўдасканальваюць, каб насенне было ўстойлівым да шкоднікаў і неспрыяльнага клімату, і развіваюць новыя.

«Пры належнай агратэхніцы нашы сарты здольныя нават у не самых лепшых кліматычных умовах забяспечваць не менш за 5 тон трасты з гектара. Калі б па краіне такую ўраджайнасць мелі ўсе гаспадаркі, то ў нас не было б ніякіх праблем з забеспячэннем ільновалакном», — дадаў вучоны.

Валакно і экспарт

Сёння магутнасці беларускіх ільнозаводаў дазваляюць перапрацоўваць каля 180 тысяч тон трасты. Аднак вядучы навуковы супрацоўнік Інстытута льну Валерый Кажаноўскі адзначае, што, на жаль, такі аб'ём сыравіны на іх не пастаўляецца. Патрэбную колькасць ільну проста не сеюць: засяваецца толькі 47 тысяч гектараў, а трэба — 56 тысяч га...

«Атрымліваецца, што нават у самыя лепшыя гады ў краіне збіраюць 140, максімум — 150 тысяч тон трасты. Пры гэтым на выхадзе вельмі мала доўгага валакна. А праблема ў тым, што лён убіраюць не ў час і першапачаткова размяшчаюць не на тых глебах, на якіх трэба», — дадае вучоны.

Ільняное валакно лічыцца доўгім, калі даўжыня сцябліны складае не менш за 85 см. З такога валакна атрымліваецца якасная льняная тканіна, якая цэніцца ў свеце і адпраўляецца на экспарт.

«У краіне выпрацоўваецца каля 40 тысяч тон валакна. Больш за палову ідзе на экспарт. Праблема ў тым, што пастаўляць у нас атрымліваецца пераважна кароткае валакно. Асноўным спажыўцом з'яўляецца Кітай, які сёння будзе закупляць столькі, колькі мы прапануем. У іх насельніцтва пастаянна расце, павялічваецца попыт на збожжавыя культуры і даводзіцца скарачаць пасяўныя плошчы пад лён», — расказвае Іван Голуб.

Канешне, тканіна з беларускага льну — наш своеасаблівы брэнд, яна будзе запатрабаваная як экспартны тавар не толькі ў Кітаі. Пры ўмове, што будзем працаваць над паляпшэннем якасці валакна, гаворыць вучоны.

Губляем пры ўборцы

Адзін з фактараў, які ўплывае на якасць валакна, наяўнасць у парку сучасных машын.

«Таго, што ў нас у распараджэнні нам амаль хапае. Аднак хацелася б больш сучасную тэхніку. Сёння падрыхтоўка насення ў нас ідзе старымі машынамі 70-х гадоў. Мы нават жартуем, што 27 гадоў ужо няма ГДР, а мы ўсё працуем на машынах, якія адтуль прывезлі. Таксама, нам сёння добра мець самаходную льноцерабілку. А пакуль спраўляемся з тым што ёсць», — гаворыць дырэктар інстытута.

На якасць валакна ўплывае і тое, калі ўбіраюць лён. Вучоны адзначыў, што ў краіне далёка не ўсе гаспадаркі прытрымліваюцца аптымальных тэрмінаў уборкі.

«Як правіла, у нашых умовах лён трэба нарыхтоўваць да 15 верасня. Аднак нават летась некаторыя прадпрыемствы ўбіралі яго толькі ў лістападзе. А гэта вельмі негатыўна ўплывае на валакно», — адзначыў Іван Голуб.

Паводле яго слоў, прыкладна 50 % нарыхтаванай трасты ў мінулым годзе ўбіралася пасля 14 верасня. «Каб своечасова збіраць трасту, павінна быць дастатковая колькасць спраўнай тэхнікі. Таксама патрэбныя сёння і падрыхтаваныя кадры: для работы на ўборачнай тэхніцы патрэбныя кваліфікаваныя механізатары, якіх не хапае. Сёння мы многае губляем пры ўборцы», — дадаў кіраўнік інстытута.

У Інстытуце льну правялі разлікі, згодна з якімі, каб вырошчваць 180 тысяч тон трасты і атрымліваць 55 тысяч тон валакна, трэба давесці пасяўныя плошчы да 56 тысяч га. На 1000 га пасяўных плошчаў трэба тры спраўныя самаходныя церабілкі, каля шасці прычапных ільнокамбайнаў. Заводы тады стабільна закрыюць свае патрэбы і адпадзе неабходнасць у імпарце.

Грашовае пытанне

Адна з важных праблем, якая затарможвае паўнавартаснае развіццё льнаводства, — неплацяжы з боку льнозаводаў. Некаторыя з іх не плацяць вытворцам трасты каля пяці гадоў.

«Сёння прыходзіцца чакаць грашовых разлікаў гадамі. А гэта пагаршае становішча спраў у галіне. Калі мы пачыналі, у 2001 годзе было 1250 гаспадарак, якія сеялі лён. Сёння іх крыху больш за 50. Многія з іх больш за 100 га льну сёння ўжо не сеюць. З-за праблем з узаемнымі разлікамі гаспадарак, якія займаюцца льном, можа яшчэ паменшаць», — расказаў навуковец.

Іван Голуб пры гэтым адзначыў, што праблем па разліках у селекцыйнай часткі няма. Дзяржава своечасова выплачвае грошы за стварэнне навуковых праектаў. Укараненне навуковых распрацовак застаецца прыярытэтным кірункам работы.

«Чатыры гады таму мы стварылі сорт «Грант», і сёння ў краіне ён займае больш за 10 тысяч га. Нам даецца два гады на стварэнне гатунку. У нас ёсць шматгадовыя напрацоўкі, і мы ўкладваемся ў гэты тэрмін», — растлумачыў кіраўнік інстытута.

На думку навукоўцаў, ільнаводства ў краіне будзе працягваць развівацца на высокім узроўні. Будуць стварацца новыя сарты, укараняцца новыя тэхналогіі. Аднак у сферы па-ранейшаму застаюцца болевыя кропкі, з-за якіх губляюцца якасць і ўраджайнасць ільнопрадукцыі. І гэтыя кропкі трэба вылечваць, каб праца і намаганні былі недарэмнымі.

Ілья КРЫЖЭВІЧ

Фота Паўла КАЛАБНЁВА

Загаловак у газеце: Чыя радасць ты, лянок?

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.