Вы тут

Як у Барысаве вырашаюць пытанні занятасці насельніцтва


Паводле інфармацыі Белстата, на канец мая Барысаўскі раён па колькасці беспрацоўных займаў другое месца ў Мінскай вобласці пасля Салігорскага раёна. Карэспандэнт «Звязды» выехала на месца і ўпэўнілася, што сітуацыя мяняецца да лепшага. Па стане на 1 ліпеня 2018 года на ўліку беспрацоўных стаяла 442 чалавекі, што на траціну менш, чым за аналагічны леташні перыяд.


Некрытычны дысбаланс

У раёне больш як 75 тысяч эканамічна актыўнага насельніцтва — практычна 70 % ад агульнай колькасці жыхароў Барысаўшчыны. За пяць месяцаў гэтага года ў сферы прамысловасці працавала 21 тысяча чалавек. Можна сказаць — чацвёртая частка ад усіх занятых у эканоміцы. Прамысловасць — флагман, на які ў раёне робяць асаблівую стаўку і ўдзяляюць шмат увагі ўліку, кантролю ў пытаннях працоўнай занятасці.

— Барысаўскі раён — адзін з буйных індустрыяльных раёнаў не толькі ў Мінскай вобласці, але і ў Беларусі. Таму, канешне, не абыходзіцца і без праблем. За студзень — май колькасць звольненых крыху перавышае колькасць прынятых на работу. Аднак пры больш паглыбленым аналізе высветлілася, што дысбаланс не крытычны: 30 % — гэта жанчыны, якія пайшлі ў дэкрэтны водпуск, больш як 30 % работнікаў пайшлі на пенсію. Акрамя таго, людзі вельмі актыўна карыстаюцца нормамі Указа Прэзідэнта № 345 па адкрыцці свайго бізнесу ў сельскіх населеных пунктах. З моманту пачатку дзеяння дакумента тут створана каля 40 прадпрыемстваў, — расказала намеснік старшыні Барысаўскага райвыканкама Ліяна Хмуровіч. — Разам з тым мы актыўна працуем па папулярызацыі самазанятасці насельніцтва. У сувязі з нормамі дзеяння ўказа Прэзідэнта многія грамадзяне займаюцца рамесніцкай дзейнасцю, аказваюць менавіта тыя паслугі, якія не патрабуюць рэгістрацыі. Для людзей гэта выгадна, паколькі яны працуюць па спрошчаным падатку, самі на сябе, зарабляюць, каб у дастатку ўтрымліваць сям'ю. Таму, паўтаруся, мы не бачым ніякай крытычнасці ў разбежцы паміж прынятымі і звольненымі работнікамі.

Нельга не ўлічваць і тое, што ў раёне шмат сезонных работнікаў, асабліва ў сістэме жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Яны працуюць у кацельных качагарамі падчас ацяпляльнага сезона, а на лета звальняюцца. Але лічацца ў штаце.

— У многіх ёсць крэдыты, фінансавыя абавязацельствы. Таму мы вельмі акуратна падыходзім да гэтага пытання. Калі ў чалавека ў працоўнай кніжцы стаіць запіс з асноўнага месца работы, ён адчувае сябе больш упэўнена і камфортна. Мы добра ведаем, чым займаюцца сезоннікі: збіраюць грыбы, ягады, вырошчваюць сельгаспрадукцыю на прысядзібных участках, займаюцца падпрацоўкамі. А значыць, плацяць падаткі з выручкі, — сцвярджае мая суразмоўніца.

Шукаюць работнікаў для «Джылі»

У сувязі з адкрыццём другой чаргі завода СЗАТ «БелДжы» па вытворчасці аўтамабіляў «Джылі» ў раёне з'явіўся нават дэфіцыт рабочай сілы. Калі вырашыцца пытанне з увядзеннем другой змены, спатрэбіцца яшчэ 600 чалавек, а ў далейшым тут гатовы прыняць каля 1,5 тысячы работнікаў. Таму прадпрыемства звярнулася па дапамогу да мясцовых улад.

— Па кожным чалавеку мы вядзём строгі ўлік. Бачым, хто ідзе на пенсію, хто звальняецца па сямейных абставінах, для догляду інваліда, на іншае месца працы. Усе звальненні адбываюцца толькі па ўзгадненні з намеснікам старшыні райвыканкама, які курыруе адпаведную сферу. Мы выклікаем людзей да сябе і прапаноўваем новыя рабочыя месцы, умовы працы, — канстатуе Ліяна Хмуровіч.

— Сапраўды, у гэтым кірунку мы цесна супрацоўнічаем з райвыканкамам. Калі ідзе адток рабочай сілы з нейкага прадпрыемства, то мы гатовы ўзяць спецыялістаў да сябе. У нас распрацавана праграма падрыхтоўкі кадраў, паколькі новы завод, новыя тэхналогіі. У любым выпадку на рабочым месцы неабходна праходзіць стажыроўку. Навучанне працягваецца ад двух да шасці месяцаў. Пасля праходжання курса навічкам прысвойваецца трэці разрад, яны становяцца паўнавартаснымі спецыялістамі, — уступае ў размову начальнік аддзела кадраў і сацыяльнага развіцця завода «БелДжы» Вольга Андронава.

Дадам, што на прадпрыемстве распрацавана таксама сумесная праграма з усімі навучальнымі ўстановамі рэгіёна, паводле якой навучэнцы каледжаў, ліцэяў на апошнім курсе будуць атрымліваць дадаткова да выбранай яшчэ адну-дзве спецыяльнасці. Напрыклад, маляроў па афарбоўцы аўтамабіляў. Гэтай прафесіі, як і некаторым іншым, у Беларусі не вучаць. Таму Міністэрства працы і сацыяльнай абароны падняло пытанне па рэалізацыі праекта падрыхтоўкі па новых прафесіях непасрэдна ў Барысаўскім раёне.

На «БелДжы» прыцягваюць работнікаў усіх катэгорый, інжынерна-тэхнічны персанал з Мінска, суседніх Смалявіч, Жодзіна. Для дастаўкі людзей набылі свой транспарт. Цяпер са сталіцы ездзяць 56 чалавек. На завод прыйшлі 18 маладых спецыялістаў па размеркаванні.

— На момант стажыроўкі вучням штомесяц выплачваюць зарплату 545 рублёў, — канстатуе Ліяна Леанідаўна. — Гэта своеасаблівы ўрок кіраўнікам прадпрыемстваў, якія не змаглі ўтрымаць кадры. І нам са службай занятасці трэба працаваць вельмі мэтанакіравана, дакладна, кропкава з усімі, паколькі ў раёне амаль сем тысяч юрыдычных асоб розных формаў уласнасці. І тут неабходна захаваць працоўныя калектывы.

Прапаноў больш, чым людзей

У той жа час варта адзначыць і пазітыўную дынаміку па колькасці вакансій, якія сталі прапаноўваць наймальнікі рэгіёна ў цэнтр занятасці. На 1 ліпеня было 1154 заяўкі.

— Прапаноў больш, чым патэнцыйных работнікаў, якія могуць быць працаўладкаваныя. У мінулым годзе была крыху складанейшая сітуацыя: конкурс тры чалавекі на месца. Цяпер у нас стабільная сітуацыя, вядзецца актыўная работа па навучанні грамадзян, зарэгістраваных у якасці беспрацоўных. Напрыклад, за шэсць месяцаў прайшлі курсы 79 грамадзян, — расказала намеснік начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва Наталля Жуга.

У службе занятасці беспрацоўным прапаноўваюць таксама прыняць удзел у грамадскіх работах. У асноўным рабочыя рукі патрэбныя ў сельгасарганізацыях. За шэсць месяцаў гэтага года ў карыснай грамадскай справе прыняло ўдзел 596 чалавек. Гаспадаркі заключаюць дагаворы з упраўленнем па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва. Усіх ахвотных накіроўваюць у сельгасарганізацыі, дзе яны працуюць у полі, на ферме і атрымліваюць, як правіла, натуральны разлік.

Каментарый да тэмы

— Па пытаннях працаўладкавання грамадзян мы працуем у цесным кантакце з раённым выканаўчым камітэтам, раённым упраўленнем па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, сельвыканкамамі. Рашэннем райвыканкама створана пастаянная камісія па садзейнічанні занятасці насельніцтва, — дадае старшыня Барысаўскага раённага Савета дэпутатаў Пётр Навіцкі. — Мы наведваем сельсаветы, выяўляем людзей, якія не працуюць. З дванаццаці сельсаветаў раёна ўжо пабывалі ў палове. На днях правялі сустрэчы ў Вяліціцкім і Мётчанскім сельсаветах. На іх прыйшлі 17 чалавек, якія маюць патрэбу ў рабоце. Літаральна ўчора аналагічны сход арганізавалі ў Маісееўшчынскім сельсавеце. Усяго ж у сельскай мясцовасці выявілі 600 незанятых грамадзян.

Як паказваюць мерапрыемствы такога кшталту, людзі хочуць працаваць там, дзе жывуць, непадалёк ад дома. Члены камісіі прапаноўваюць тыя вакансіі, якія ёсць у сельгасарганізацыях, што знаходзяцца на тэрыторыі сельсавета. Як правіла, гаспадаркам патрабуюцца механізатары, даяркі, жывёлаводы. Тым, каму з нейкіх прычын не падыходзяць прапанаваныя спецыяльнасці, раім звярнуцца ў службу занятасці насельніцтва для перанавучання.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Загаловак у газеце: Куды падацца, каб уладкавацца?

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Што абмяркоўвалі на нарадзе органаў мясцовага самакіравання Брэстчыны ў Пінскім раёне?

Што абмяркоўвалі на нарадзе органаў мясцовага самакіравання Брэстчыны ў Пінскім раёне?

Добраўпарадкаванне населеных пунктаў і навядзенне парадку на зямлі.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.