Бязвіз зрабіў значны ўнёсак у развіццё абласнога цэнтра і падштурхнуў прадпрымальнікаў да адкрыцця новых кавярняў, рэстаранаў, гасцініц, атэль-апартаментаў і хостэлаў. Створана 400 рабочых месцаў. Толькі за першы квартал бягучага года адкрыта некалькі аб'ектаў харчавання. Плануюць развіваць гэты напрамак і гаспадары новага рэстарана «Бакст». Свой першы аб'ект Ігар і Аксана Гуліевы назвалі ў гонар Леона Бакста, які нарадзіўся ў Гродне ў другой палове ХІХ стагоддзя і стаў сусветна вядомым мадэльерам і дэкаратарам.
З веліччу і густам
Бакст быў знакамітым дызайнерам інтэр'ераў. Таму некаторыя яго рашэнні ўдала ўпісаліся і ў афармленне сучаснай залы. На столі — некалькі прынтаў вядомага мастака, а на сцяне — сцэнічны вобраз Шэхеразады, створаны па малюнку Бакста. Дарэчы, яго работа над тэатральнымі дэкарацыямі зрабіла вялікі фурор з-за яскравага ўсходняга арнаменту і нацыянальнага каларыту. Яго ўзоры з тэатральнай сцэны пераходзілі ў жыццё. Вось і зараз у вочы кідаюцца дзве свяцільні каля канапы з мудрагелістымі яскравымі ўзорамі. Яны таксама выкананы на падставе дызайнерскіх работ Бакста.
— У нас багаты турыстычны патэнцыял, і яго трэба як мага шырэй паказваць, — тлумачыць Аксана. — Леон Бакст — наш вядомы зямляк, ён нарадзіўся ў Гродне, магчыма, у гэтым старым квартале, дзе мы адкрылі рэстаран і назвалі яго імем.
І сапраўды, вуліца Замкавая лічылася яўрэйскім паселішчам. Непадалёку знаходзіцца і самая прыгожая ў Еўропе харальная сінагога, гісторыя якой бярэ пачатак у ХVІ стагоддзі. Леон Бакст нарадзіўся ў артадаксальнай яўрэйскай сям'і ў 1866 годзе і, напэўна, наведваў яе. У Гродне ён скончыў гімназію, але далейшы яго лёс звязаны ў асноўным з Санкт-Пецярбургам і Парыжам. Для ўдзелу ў выстаўцы Леон узяў і скараціў прозвішча дзеда. У Гродне пра знакамітага земляка пакуль мала хто ведае, хоць ён лічыцца настаўнікам Марка Шагала, быў зяцем вядомага мецэната Паўла Траццякова і саратнікам антрэпрэнёра Сяргея Дзягілева. Не так даўно адну з вуліц новага мікрараёна назвалі яго імем. Свой унёсак у вяртанне гістарычнай культурнай спадчыны вырашылі зрабіць і прадстаўнікі малога бізнесу. І даволі паспяхова, бо турыстычныя фірмы нават сталі вадзіць да іх экскурсіі.
— Да нас многія прыходзяць проста на экскурсію, — заўважае Аксана. — Пытаюцца, хто такі Бакст. Нам гэта вельмі прыемна, бо мы таксама ганарымся сваім земляком, які адзяваў у свае капелюшы і пальчаткі ўвесь Парыж. Потым з'ехаў у ЗША, ствараў прынты, узоры якіх і зараз лічацца моднымі. Мы з самага пачатку ўзялі гэтую канцэпцыю, пастараліся стварыць нешта такое, чаго пакуль не было, але што з'яўляецца часткай гісторыі Гродна.
Мелодыі яўрэйскага квартала
Сам будынак таксама з ліку старых пабудоў. Доўгі час ён пуставаў, але ў рэшце рэшт гарадскім уладам удалося прадаць яго. Новы ўласнік правёў рэканструкцыю, аднавіў фасад. Аксана і Ігар палічылі, што тут можна стварыць утульны куток для адпачынку. І роўна год таму на ўмовах доўгатэрміновай арэнды адкрылі тут свой рэстаран.
— Мы прадставілі бізнес-праект як стартап для атрымання льготнага крэдыту, частка сродкаў была свая. Адразу ўзяліся за аднаўленне памяшкання, бо тут былі толькі сцены. Мы імкнуліся хутчэй завяршыць работы і за восем месяцаў усе зрабілі. Гарадскія ўлады таксама ішлі насустрач, бо наша ўстанова дадала гораду яшчэ каля 30 новых рабочых месцаў, — адзначыла Аксана Гуліева.
Гаспадыня не тоіць, што стаўку рабілі і на бязвізавы рэжым. Сюды часта наведваюцца замежныя дэлегацыі, заходзяць турысты з Ізраіля, ЗША, Польшчы, Германіі... Гэтае месца абралі для адпачынку і многія гродзенцы. Яно крыху багемнае, бо тут няма звыклага шумнага рэстараннага ўкладу, а ёсць настрой на душэўныя сустрэчы ці дзелавыя перагаворы. Знайшлося нямала скептыкаў, якія папярэджвалі, што такім чынам немагчыма ўтрымаць падобны бізнес, але навічкі-рэстаратары сваю лінію ўпарта трымаюць.
Смаката ў стылі Бакста і кадравы голад
Аксана ўпэўнена, што яны абралі правільны кірунак — спакойная музыка, добры сэрвіс, арыгінальная кухня... Дарэчы, колькі слоў пра стравы. Аказваецца, большую палову выручкі складае менавіта даход ад продажу ежы, бо наведвальнікі больш любяць смачна паесці, чым выпіць.
Па-першае, тут ганарацца, што трапілі ў лік пераможцаў фестывалю-конкурсу «Гастрафэст Гродна». Па-другое, стараюцца ўкараніць сучасныя тэхналогіі з элементамі малекулярнай кухні. Так завецца імправізацыя, якая дазваляе злучаць супрацьлеглыя субстанцыі. Напрыклад, у звычайным тамаце можа быць дэсерт. Дзякуючы сучасным тэхналогіям, бісквіт і шакалад пераўтвараюцца ў каляровы гаршчочак, які не адрозніць ад сапраўднага. Таксама свайго роду дызайнерска-мастацкі падыход, якім карыстаўся і вялікі Бакст у сваёй творчасці...
Шэф-повар, вядома, з фантазіяй, але майстэрства не прыходзіць адразу. Гэтаму спрыяе падрыхтоўка ў беларускіх і замежных рэстаратараў. Наогул, з кадравым патэнцыялам ёсць праблемы. І гэта бяда не толькі малога бізнесу, але і ўвогуле рынку працы. Не хапае кваліфікаваных спецыялістаў, пры тым што ў Гродне повараў-кандытараў і барменаў рыхтуюць у некалькіх каледжах. Па словах Аксаны, далёка не ўсе маюць уяўленне аб сучасных тэхналогіях у гастранамічнай сферы, многія не знаёмыя з такімі працэсамі, як вакуумацыя ці шокавая замарозка. Таму прыходзіцца вучыць на месцы, каб стварыць каманду прафесіяналаў. У гэтым рэстаратары бачаць сваю галоўную задачу.
У малога бізнесу вялікія планы
Зараз умовы для работы спрыяльныя, лічаць бізнесмены. Гэта датычыцца як дакументацыі, так і колькасці праверак. Іх амаль што няма. За выкананнем стандартаў сочаць самі ўласнікі, гэта ў іх інтарэсах. Гарадскія ўлады гатовыя падтрымаць захады прадпрымальнікаў. Спрыяльныя ўмовы падштурхнулі Гуліевых да стварэння яшчэ аднаго малога прадпрыемства, таксама ў сферы грамадскага харчавання, праўда, крыху іншага фармату.
Будзе працягвацца работа па добраўпарадкаванні існуючага аб'екта. У будучыні фасад будынка набудзе яшчэ больш характэрныя рысы, звязаныя з фігурай Бакста. Ёсць у рэстаратараў і планы наконт навакольнай тэрыторыі. На адной з пляцовак ёсць намер стварыць міні-парк, прыгожую зону адпачынку з архітэктурнымі формамі, дзе будзе цікава і дарослым, і дзецям. Унутраны дворык падыходзіць для культурных мерапрыемстваў. Бізнесмены апантаныя ідэяй арганізаваць тут традыцыйныя фэсты з выступленнем джазавых калектываў, моднымі паказамі, вернісажамі... Вядома, гэта будуць мерапрыемствы ў гонар Леона Бакста.
За перыяд дзеяння бязвізавай зоны ў Гродне і наваколлі створана больш за 300 рабочых месцаў у сферы гандлю, 64 — у сферы грамадскага харчавання, каля 50 у галіне культуры і адпачынку. Увядзенне бязвізавага рэжыму значна актывізавала малы бізнес. Адкрыта 10 аб'ектаў грамадскага харчавання на 360 месцаў, каля 120 гандлёвых аб'ектаў і аб'ектаў грамадскага харчавання працуе ў летні перыяд.
Маргарыта УШКЕВІЧ
Мечыслаў ГОЙ, старшыня Гродзенскага гарадскога выканаўчага камітэта:
— Сёння турызм і бязвізавы ўезд з'яўляюцца своеасаблівай візітнай карткай Гродна. Сёлета горад ужо наведала больш за 35 тысяч замежных турыстаў з 50 краін свету. І гэта, безумоўна, не канчатковая лічба. Усе гарадскія службы і арганізацыі працуюць над тым, каб замежнікам у Гродне было камфортна. Значны ўклад у развіццё турыстычнай інфраструктуры ўносіцца дзякуючы прыватнай ініцыятыве. Асабліва яскрава гэта праяўляецца ў сферы грамадскага харчавання і пражывання. Летась адкрыліся тры аб'екты пражывання. Сёлета яшчэ два: апарт-гатэль «Славія» і хостэл Kір Tоwn. Да канца 2018 года павінны адкрыцца яшчэ тры хостэлы і дзве гасцініцы ў гістарычнай частцы горада.
Таксама бязвіз падштурхнуў да стварэння сучасных аб'ектаў грамадскага харчавання цікавых фарматаў, якія прапануюць новыя віды паслуг і разнастайныя па архітэктурна-тэхнічным стане. Сёлета сетка пашырылася за кошт адкрыцця 12 аб'ектаў грамадскага харчавання, разлічаных на 451 месца. Адзначу, што ўсе яны знаходзяцца ў цэнтры горада: гэта бар «Мята Lоungе», бар «Свабода», міні-кафэ «Сустрэчы» (на базе тралейбуса) ды іншыя. Таксама павялічылася зона абслугоўвання спажыўцоў у рэстаране хуткага абслугоўвання «Вялікі буфет», а ў хуткім часе на даху гандлёвага дома «Нёман» адкрыецца летняе кафэ-тэраса.
Каб турыстам было што ўспамінаць дома пасля вяртання, мы адкрылі гандлёвы павільён «Сувенірная крама». У цэнтральнай частцы горада ёсць крамы айчынных вытворцаў, у тым ліку шклозавода «Нёман», «Элемы», «Мілавіцы» ды іншых. У Гродне ёсць 41 гандлёвы аб'ект, далучаны да сістэмы TахFrее.
Акрамя таго, удасканальваем сістэму навігацыі і маршрутнага арыентавання турыстаў. У горадзе ўжо з'явіліся чатыры інфармацыйныя стэнды з картамі. Сёлета да 1 верасня з'явяцца яшчэ дзевяць такіх жа «навігатараў». У чэрвені адкрылася назіральная пляцоўка над Нёманам, абсталяваны два прычалы ў цэнтры горада для маламерных суднаў і цеплахода. Цяпер кожны ахвотны можа скарыстацца паслугамі рачнога таксі.
Многае робіцца для развіцця велатурызму і веласіпеднага руху. Напрыклад, паніжаем бардзюрны камень, робім спецыяльную разметку, а таксама будуем новыя веладарожкі. Веласіпедныя маршруты па горадзе дадуць магчымасць актыўнаму турысту пазнаёміцца з гісторыяй старых вуліц і прыгажосцю сучаснага Гродна.
Мы будзем працягваць развіваць вытворчы турызм. Экскурсіі з дэгустацыяй ужо праводзяцца на ААТ «Малочны свет». Хацелася б, каб такіх прадпрыемстваў станавілася ўсё больш. Экскурсіі на прамысловыя прадпрыемствы дапаўняюць і пашыраюць уяўленне пра горад.
Турызм павінен і можа прыносіць прыбытак, а мы, са свайго боку, будзем рабіць усё для таго, каб кожны, хто наведвае Гродна, захацеў вярнуцца сюды яшчэ не адзін раз.
Вольга АНУФРЫЕВА
Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.
Не выявіць ні секунды абыякавасці.