Вы тут

Як сустрэча Трампа і Пуціна паўплывае на рэгіён Усходняй Еўропы і Беларусь


Падчас «Мінскага дыялогу» дыпламат і парламентарый далі ацэнку палітычнаму становішчу ў свеце.

Як сустрэча Дональда Трампа і Уладзіміра Пуціна паўплывае на рэгіён Усходняй Еўропы і Беларусь у прыватнасці? Гэтае і іншыя пытанні сталі цэнтральнымі ў рамках дыскусіі на тэму беларуска-еўрапейскіх адносін у кантэксце амерыкана-расійскага супрацьстаяння. Арганізатарам мерапрыемства выступіла экспертная ініцыятыва «Мінскі дыялог». Сярод запрошаных спікераў былі вядомыя дыпламаты — былы міністр замежных спраў Беларусі Іван АНТАНОВІЧ, а таксама старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу па міжнародных справах Валерый ВАРАНЕЦКІ.


Але напачатку варта расказаць пра вынікі «Мінскага барометра». Нагадаем, гэта такая экспертная ініцыятыва, якая займаецца маніторынгам знешняй палітыкі і рэгіянальнай бяспекі Беларусі. Прасцей кажучы, аналітыкі кожныя два месяцы адсочваюць змены ў названых сферах па індэксах, быццам выстаўляючы адзнакі. Трэці выпуск «МБ» за май і чэрвень гэтага года прадставілі ў самым пачатку дыскусіі.

Як адзначыў палітолаг-міжнароднік, рэдактар маніторынгу Дзяніс МЕЛЬЯНЦОЎ, у гэты перыяд вектар адносін Беларусі з Еўрапейскім саюзам — 35 пунктаў — упершыню перасягнуў расійскі індэкс — 25 пунктаў. Акрамя таго, рэзка вырасла і інтэнсіўнасць адносін з Кітаем — 31 пункт.

У дакладзе сказана, што ў адносінах з Расіяй пакуль не знайшлі здавальняючага вырашэння канфлікту па пастаўках малочнай прадукцыі. Цікава, што пры гэтым расійскі бок не адмаўляецца ад рэфінансавання даўгоў беларускіх прамысловых прадпрыемстваў і прапаноў аб буйным інвеставанні.

З Еўропай кантакты працягваюць паглыбляцца, з Кітаем развіваецца крэдытнае і праектнае супрацоўніцтва. Што да апошняга, то для будаўніцтва інфраструктуры Кітайска-беларускага індустрыяльнага парка ажыццяўляецца пошук новых формаў і інструментаў фінансавання.

Індэкс адносін з ЗША знізіўся. У адносінах з Украінай назіраецца станоўчая дынаміка ў непалітычных сферах і на тэхнічным узроўні супрацоўніцтва.

Што датычыцца нацыянальнай бяспекі, то ўрадам падтрымліваецца максімальна магчымая ў беларускіх умовах шматвектарнасць. Узровень рэгіянальнай напружанасці застаецца ў «зялёнай зоне» — прысутнічае ваенная актыўнасць (таму што ў рэгіёне быў праведзены шэраг вучэнняў), але непасрэдна яна не нясе небяспекі і не абавязкова можа весці да эскалацыі напружанасці. Вось такія вынікі.

Валерый Варанецкі падзяліўся сваім меркаваннем з нагоды мінулага саміту ў Хельсінкі, дзе сустрэліся прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін і прэзідэнт ЗША Дональд Трамп. «Я бачу ў гэтым саміце ў большай частцы плюсы для Беларусі», — сказаў дэпутат.

Паводле яго слоў, Расія і ЗША на саміце паказалі імкненне да пошуку пунктаў судакранання, а таксама да работы разам. Што да Усходняй Еўропы, то гэта, безумоўна, зона інтарэсаў Расіі, але і ЗША не маюць намеру саступаць.

«Я тут прагназую пошук кампрамісаў, пошук супрацоўніцтва. Мне гэта дае надзею на тое, што Беларусь не стане полем саперніцтва за ўплыў, а можа стаць добрай мадэллю новых падыходаў», — дадаў Валерый Варанецкі.

Акрамя таго, дэпутат падкрэсліў: умовы складваюцца так, што і Захад, і Расія будуць шукаць рашэнні, якія б задавальнялі абодва бакі.

Па выніках мерапрыемства спікераў папрасілі выказаць адну думку, якую кожны прысутны на мерапрыемстве павінен зразумець з нагоды падзей у сусветнай палітыцы. Валерый Варанецкі адзначыў, што зыходзячы з сусветнага парадку ў яго з'явілася больш упэўненасці ў тым, што роля Беларусі і ў нашым рэгіёне, і ў Еўропе будзе ўзрастаць.

Дзяніс Мельянцоў падкрэсліў, што ў Беларусі ўсё будзе добра, але далей ёсць нюансы па канкрэтных пытаннях з еўрапейскімі партнёрамі, якія трэба вырашаць як мага хутчэй.

Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.