Нешта добрае пра сябе людзі расказваюць з ахвотай, нешта смешнае — не заўжды. Гэты чалавек на пачатку 80-х толькі пачынаў сваё ўзыходжанне па службовай лесвіцы.
Дык вось (сам расказваў) запрасілі яго, на той час маладога спецыяліста, на нейкую адказную нараду ў райкам партыі. Папрысутнічаць ён за гонар лічыў: пагаліўся перад ёй, прыбраўся і, вядома ж, паехаў. Для большай самавітасці яшчэ і блакнот з сабой прыхапіў, аловак.
«Прамоўцаў» слухаў вельмі ўважліва, з самым разумным выглядам круціў у руках аловак, тое-сёе запісваў, бо трэба ж было сябе паказваць — найперш начальству. Яно — высокае раённае — сядзела за сталом прэзідыума, насупраць астатніх. І — што гэта? — глядзела на... яго яснымі вочкамі вельмі сімпатычнай маладзіцы!
Сяргей аж разгубіўся: апусціў галаву — нібыта паглядзеў свае запісы... А падняў — і яшчэ раз сустрэў той позірк! Памылкі быць не магло: яго не проста заўважылі, ён, трэба разумець, спадабаўся?!
Каб замацаваць уражанне, хлопец неўпрыкмет прыгладзіў свой пшанічны чуб, паправіў каўнер сарочкі, расправіў плечы. «Каралева з прэзідыума» — так ён назваў сваю незнаёмку — пахвальна ўсміхалася і...
У блакнот ён нічога больш не запісваў, ды і наўрад ці што-небудзь чуў, бо неадрыўна глядзеў на сваю (!) харашуху: ёй, зграбненькай, стройнай, вельмі пасаваў строгі шэры пінжачок, белая блузка...
Спытаць бы яшчэ, хто такая?
Побач з зацікаўленым хлопцам сядзеў трохі знаёмы пажылы аграном. Сяргей хацеў распытаць яго, як завуць гэтую дзяўчыну, дзе яна працуе, ці замужам, але чалавек так соладка спаў... Яно і зразумела: жніво ў разгары, дома не хутка выспішся.
Пашкадаваў будзіць... Вырашыў дзейнічаць сам: пачакаць, пакуль скончыцца нарада, затрымаць дзяўчыну і пазнаёміцца.
Але ж тут, як кажа сучасная моладзь, хлопца чакаў аблом: прэзідыум выйшаў з залы раней і пакуль Сяргей прарываўся праз натоўп, яго сімпатыя паспела знікнуць — як скрозь зямлю праваліцца!
Усхваляваны кавалер яшчэ спадзяваўся перахапіць яе ўнізе, у фае: яна ж павінна выйсці з памяшкання?
Патаптаўся там туды-сюды, пачакаў, мімаходзь зірнуў у люстэрка і... нічога не зразумеў: пад левым вокам у яго быў здаравенны фіялетавы... сіняк.
Сяргей памацаў вока — не баліць. Пацёр — і ўсё зразумеў: круцячы аловак, ён графітам спэцкаў пальцы, потым правёў па твары. Дык вось чаму дзяўчына ўсміхалася! А ён падумаў...
Хлопец хуценька сцёр «сіняк» і лёцьма за дзверы.
...Потым з «каралевай прэзідыума» ён не раз сутыкаўся, але выгляд рабіў, што ніколі яе не бачыў.
А між іншым, дарэмна: Сяргей быў прыгожы хлопец, так што прыцягнуць жаночы позірк мог зусім не сіняк.
Алена Несцяронак, г. п. Докшыцы
«Москва... Как много в этом звуке // Для сердца русского слилось!»
Для беларускага — перафразуючы Пушкіна — мусіць, не меней злілося ў словах «вёска», «дача». Бо яны для чалавека тутэйшага і праца, і свежае паветра, і грыбы-ягады, і рыбалка, і шчырыя задушэўныя размовы, і, вядома ж, свае бурачкі-агурочкі...
Адзінае — усе ў гэты год дажджу зачакаліся: вельмі доўга не было, а таму гароды стараліся паліваць амаль штовечар, бо трэба ж, каб нешта ўзышло, каб хаця падрасло, не прапала! Добра нашаму суседу, ён на лецішчы ўвесь сезон жыве, можа дагледзець кожную раслінку.
Але ж неяк і ён ходзіць паміж град, потым азіраецца і вачам не верыць: ззаду ў яго певень з курамі — «правяраюць» ці правільна ягоная жонка моркву прарвала.
Сусед гэтых «рэвізораў» давай зганяць (куры ўрассыпную), давай крычаць, што бесталковыя, што ад іх не столькі яек, колькі шкоды. А найболей — ад пеўня, ад «правадыра»...
Карацей, пакуль выганяў, — змогся: забыў, што трэба рабіць, а жонка ж загадала...
— Ты б на ўсякі выпадак зранку спісак складаў, — параіў чалавеку мой муж.
— О-о-о, спіс — гэта добра, — у адказ яму засмяяўся сусед, — а калі такі, як у дзядзькі Сцяпана, то і пагатоў...
Далей, як вы разумееце, быў праўдзівы расказ.
Жыў, значыць, той Сцяпан у вёсцы, трымаў гаспадарку. З жонкай Марусяй штогод гадаваў куранят, каб маладзенькіх пеўнікаў увосень засекчы на мяса альбо прадаць ды купіць сабе чаго іншага.
Дык вось збіраецца гаспадар на базар. Маруся (скажы — дык вечна нешта забудзецца) спісак яму ў рукі, што потым купіць.
Муж уважліва прачытаў яго ды кажа:
— А што гэта ўсё ў дом ды табе? Я, можна падумаць, ні пры чым: не даглядаў тых пеўнікаў, на гасцінец права не маю?
Паглядзела жонка ў паперчыну, і сапраўды — несправядліва атрымалася.
— Дапішы, — сказала, — і сабе што-небудзь.
Глянуў муж на спіс — месца вольнае толькі зверху. Ну і вывеў там першым радком: «Чакушка».
...Пеўнікаў на базары ён прадаў удала. Зайшоў у краму, узяў, як і «належала», першае, што пазначана ў спісе, — выйшаў і выпіў. На душы ў яго пацяплела, павесялела, але ж мазгі не адключыліся: помніў Сцяпан, пра жончыны даручэнні.
Таму зноў завітаў у краму, зноў купіў тое, што значылася ў спісе пад нумарам адзін...
Калі і трэцяя чакушка была асушана, аднавяскоўцы, якія таксама прыязджалі на рынак, ужо заўважылі, што Сцяпан, можна сказаць, ніякі, і што для дома ён нічога не купіў. А таму загадалі дастаць той спісак (ён паказаў ім на першы пункт!), потым дапамаглі тое-сёе набыць ды павезлі чалавека дамоў. Ад бяды падалей... А то яшчэ міліцыя прычэпіцца.
...З тых часоў Сцяпана празвалі Чакушкай, яго Марусю — Чакушкавай... І ад яе, дарэчы, моду ўзялі, робячы спісы, ні ў якім разе не пакідаць месца ў самым пачатку, бо хто ведае, што там можа з'явіцца пад нумарам адзін.
Лілія Скіндзер, г. Івацэвічы
У пачатку 50-х гадоў мінулага стагоддзя наш акадэмічны Інстытут мовазнаўства распачынаў стварэнне дыялекталагічнага атласа беларускай мовы. Для яго падрыхтоўкі трэба было пабываць у розных куточках краіны і зафіксаваць адметнасці мясцовага маўлення. Велізарны аб'ём работы: адным спецыялістам-моваведам ён наўрад ці быў бы пад сілу. Таму да нас на філфак БДУ завітала прафесар Марыя Андрэеўна Жыдовіч, заклікала дапамагчы. Студэнты, вядома ж, з ахвотай згадзіліся. Мяне асабіста прывабіла магчымасць пабываць на Палессі, пра якое так хораша пісаў Якуб Колас.
І вось наша група выходзіць на станцыі Івацэвічы. Мы з «напарнікам» Міколам на спадарожнай машыне дабіраемся да вёскі Выганашчы. Уладкоўваемся на пастой да спагадлівай жанчыны, купаемся ў прахалоднай, бураватай вадзе возера Выганаўскае. А далей...
Увесь свой час мы з Міколам праводзім на людзях. Гутарым з імі ў хатах, на фермах, на вуліцах, сядзім на лавачках, ходзім на вечарынкі і толькі паспяваем запісваць моўныя адметнасці краю.
Карацей, праца ішла, усё выдатна было, пакуль аднойчы нас... не затрымалі.
— Хто такія і што тут робіце? — грозна спытаў мясцовы ўчастковы.
Мы паказалі свае камандзіровачныя пасведчанні, сказалі, што выконваем заданне Акадэміі навук. Але нас як быццам не чулі:
— Вы людзей баламуціце, — гнуў сваё ўчастковы. — А я — не дазволю! Вось зараз арыштую вас, завяду да начальства...
Слухаць гэта было вельмі непрыемна. «Добра, што камандзіроўка ўжо канчаецца, — падумалі мы з Міколам, — што заданне выканалі. А то, відаць, не адкараскацца было б ад гэтага «ўнтара Прышыбеева».
— Вымятайцеся адсюль, — загадаў ён.
Мы таксама нешта даводзілі...
Факт, што размова атрымалася зусім не кароткай. Мы з Колем потым па звычцы «пракруцілі» яе ў памяці. І вось што здзівіла: участковы быў першым чалавекам, у гаворцы якога пры ўсім жаданні мы не знайшлі ніводнай моўнай адметнасці!
Пра гэтае дзіва расказалі потым сваім сябрам, іншым удзельнікам экспедыцыі — разам пасмяяліся.
Віктар Несцяровіч, г. Лагойск
Рубрыку вядзе Валянціна ДОЎНАР
Два дні былі насычаны ўнікальнымі выставамі, карыснымі праектамі і інтэрактыўнымі пляцоўкамі.
«Нашы работы — жывыя, з энергетыкай любові і дабра».
Галоўная мэта дзяржавы сёння — інтэграваць чалавека з інваліднасцю ў грамадства.