Вы тут

Юныя пчаляры ў Францыі


У пачатку ліпеня ў акрузе Нерак (Францыя) адбылася IX Міжнародная сустрэча маладых пчаляроў IMYB-2018. Гэта зямля слаўная тым, што яна ўваходзіць у зону, спрыяльную для пчалярства. Тут разам з каралевай Марго жыў некалі пэўны час Генрых Наварскі – будучы кароль Францыі Генрых IV Вялікі. Недалёка ад гэтага месца нарадзіўся прэзідэнт Францыі Арман Фальер (кіраваў краінай з 1906 па 1913 гг.). Сельскагаспадарчы ліцэй, які носіць яго імя, стаў цэнтрам Міжнароднай сустрэчы маладых пчаляроў.

Удзельнікамі IMYB-2018 былі 27 краін. У ліку пачаткоўцаў выступілі Грузія, Мальта, Паўночная Ірландыя, Фінляндыя, Эстонія. Беларусы прадстаўлялі сваю краіну на гэтым форуме ўжо ў пяты раз. У склад каманды ўвайшлі школьнікі з Полацка Аляксандр Скараходаў і Данііл Вохменцаў. Яны не аднойчы паспяхова ўдзельнічалі ў рэспубліканскіх і міжнародных спаборніцтвах. Упершыню быў у камандзе малодшы брат Аляксандра – дванаццацігадовы Міхаіл. Дапамагаючы бацьку, Андрэю Уладзіміравічу Скараходаву, на пчальніку і на занятках з юнымі пчалярамі, якія ён праводзіў, браты самі імкнуліся больш даведацца пра гэтую справу. І, вядома, палюбілі пчалярства.

Сёлетняя сустрэча – гэта каманднае і асабістае спаборніцтва па выкананні 13 заданняў. Гэта магчымасць паказаць, як добра ўдзельнікі ведаюць анатомію пчол і тэарэтычныя пытанні пчалярства, адрозніваюць карысныя для гэтых насякомых расліны, вызначаюць віды мёду і распазнаюць небяспечных для пчол насякомых і кляшчоў. Трэба таксама, каб юныя пчаляры ўмелі карыстацца адпаведным інструментарыем, правільна маглі збіць рамкі, скласці мнагакорпусны вулей, расставіць рамкі ў пчаліным гняздзе, рабіць адводкі, віраваць мёд і інш. Для суправаджаючых дарослых праводзіліся лекцыі і абмеркаванне пытанняў, якія тычацца пчалярства і працы з дзецьмі. А яшчэ ў кожнай каманды была магчымасць у вольнай форме расказаць пра сваю краіну. Пазнаёміць замежных калег з нашай радзімай дапамог у гэтым годзе відэаролік Юрыя Вялітчанкі «My mysterious Belarus» («Мая таямнічая Беларусь»).

Гісторыя удзелу беларусаў у Міжнародных сустрэчах маладых пчаляроў даволі паспяховая. На спаборніцтвах у Чэхіі ў 2016 годзе ў складзе міжнародных каманд прадстаўнікі з нашай краіны былі адзначаны першым, а ў Вялікабрытаніі ў 2017 годзе – першым і другім месцамі. На гэты раз, на жаль, у тройку лідараў члены беларускай каманды не ўвайшлі. Але і апошнімі па ведах і навыках нашы дзеці, вядома ж, не былі. У складзе міжнародных каманд хлопцы занялі восьмае, дзявятае і трынаццатае месца. Агульнакаманднае месца на гэты раз было дзясятым.

Але ўсё ж асноўнае ў гэтых сустрэчах – не спаборніцтва дзеля спаборніцтва. Мэта міжнародных сустрэч маладых пчаляроў – таксама і прапаганда пчалярства, прыцягненне ўвагі сусветнай грамадскасці да яго праблем, а самае важнае – далучэнне моладзі да гэтай справы. А яшчэ – навучанне калектыўнаму вырашэнню задач. Таму, у адрозненне ад першых міжнародных сустрэч, спаборнічаюць паміж сабой не толькі каманды пэўных краін, але і каманды, складзеныя з прадстаўнікоў розных дзяржаў, якія, да ўсяго, гавораць на розных мовах.

***

Добрым словам успамінаем арганізатараў IMYB-2018 у Францыі, дзякуючы якім гэтая сустрэча прайшла як свята, у атмасферы добразычлівасці і ўзаемаразумення. Мы ўдзячныя таксама Іржы і Надзі Піза, чэшскім калегам, якія прапанавалі калісьці Саюзу беларускіх пчаляроў пачаць сістэмную працу з моладдзю і ўдзел у міжнародным праекце.

У ходзе мерапрыемства адбылося некалькі афіцыйных сустрэч з прадстаўнікамі ўлады на ўзроўні дэпартаменту і рэгіёну. Бо міжнародная сустрэча рыхтавалася і праходзіла не толькі пад патранажам Міністэрства сельскай гаспадаркі, але і пры яго непасрэднай падтрымцы. Кіраўнікі добра разумеюць, што 30-40% ураджаю, не лічачы іншых выгодаў, людзі маюць дзякуючы пчолам. Таму і дапамога пчалярам на дзяржаўным узроўні ўспрымаецца як належнае.

На жаль, мы не можам пахваліцца падобным стаўленнем беларускіх уладаў да пчалярства. Некаторыя нашы кіраўнікі ведаюць пра ролю пчол у прыродзе, разумеюць важнасць іх для чалавека і наваколля. Але асноўная частка уладаў, як і насельніцтва ў цэлым, бачаць каштоўнасць гэтых насякомых толькі ў мёдзе. Яны нават не разумеюць, што колькасць гэтага прадукту, атрыманага ў краіне, паказвае, перш за ўсё, на грандыёзную працу, якую зрабілі пчолы. Дзякуючы ёй захоўваецца навакольны свет, і мы ўсе маем магчымасць жыць у гэтым свеце.

Падрыхтоўка і сам удзел беларускай каманды ў гэтым міжнародным форуме знайшлі падтрымку толькі ў нешматлікіх кіраўнікоў арганізацый, пчаляроў, людзей, якія вітаюць занятак дзяцей пчалярствам і разумеюць важнасць удзелу маладых пчаляроў у падобных праектах. Саюз беларускіх пчаляроў выказвае падзяку ТАА «Данейро», КФГ «Пчаляр Полаччыны», асацыяцыі «Пчала і мёд», ТАА «Краіка», пчалярам Л.М. Кузьменка, Н.Л. Кучко, В.А. Барташэвічу, Васіленку А.А. і іншым. Мы таксама дзякуем БРУСП «Белдзяржстрах» за дапамогу ў камплектацыі сувеніраў. Асаблівая ўдзячнасць – заснавальніку дабрачыннага фонду «Вяртанне» Паўлу Падкарытову за матэрыяльную дапамогу на апошнім этапе падрыхтоўкі да паездкі.

Дзякуем таксама юным пчалярам, якія ўдзельнічалі ў конкурсе, і ўсім, хто аказаў падтрымку дзіцячаму пчалярству, выдаткаваўшы сілы і асабісты час. Хочацца асабліва выдзеліць працу каардынатара маладзёжнага пчалярства А.В. Скараходава.

***

Юбілейная X Міжнародная сустрэча маладых пчаляроў будзе праходзіць у наступным годзе ў Славакіі. Ці прыме ўдзел у ёй беларуская каманда, залежыць ад многіх фактараў. Важна працягваць працу ўжо дзеючых і ініцыяваць стварэнне новых школ, гурткоў, лекторыяў і іншых цэнтраў зносін з будучымі пчалярамі. Унутраныя конкурсы дапамогуць выявіць лепшых дзяцей для ўдзелу ў рэспубліканскім і міжнародным конкурсах. Але, вядома, патрэбна матэрыяльная падтрымка і ўдзел у гэтым працэсе як грамадскіх арганізацый і фізічных асоб, так і дзяржаўных структур.

Многія аспекты, у тым ліку і пытанні лепшай, дзякуючы пчалярству, адаптацыі ў грамадстве выхаванцаў дзіцячых дамоў-інтэрнатаў, разгледжаны ў падрыхтаваным Саюзам беларускіх пчаляроў Палажэнні аб маладзёжным пчалярстве. Хацелася б, каб усе, каму неабыякавы лёс Беларусі, зразумелі, што яе будучыня цесна звязана таксама і з развіццём пчалярства. Дзякуючы ўдзелу ў ім энергічных, моцных, з добрымі прафесійнымі ведамі і навыкамі, здольных генерыраваць новыя ідэі маладых людзей.

Сяргей МЫЦЬКО

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».