Вы тут

Янка Купала стане галоўным героем карціны «Беларусьфільма»


Гэты сцэнарый ляжаў на кінастудыі і не знаходзіў сабе прымянення гадамі, што прымушала сумаваць некаторых аматараў айчыннага кіно. Дзіўная затрымка ва ўмовах сцэнарнага голаду нарэшце мае перарвацца, а работа Алены Калюновай, якая расказвае пра народнага паэта Янку Купалу, — стаць асновай фільма, прычым фільма са статусам «нацыянальны». Здымачны працэс, як мяркуецца, пачнецца 27 ліпеня.


Гістарычная драма мае рабочую назву — «Пакуль будзе неба». Тое, што праект атрымаў фінансаванне, не так даўно стала вядома на сустрэчы з новым дырэктарам кінастудыі Уладзімірам Карачэўскім, якую кіраўніцтва «Беларусьфільма» ініцыявала, каб падзяліцца планамі на будучыню. Планы прагучалі прывабна, затое імя рэжысёра выклікала неадназначную рэакцыю: карціну пра Янку Купалу будзе здымаць рэжысёр і акцёр Уладзімір Янкоўскі, больш вядомы як кліпмейкер і аўтар рэкламных ролікаў.

Мы ж не будзем прадказваць здольнасці кліпмейкераў працаваць над нацыянальнымі карцінамі і лепш ацэнім па выніках, а вынік павінен аказацца ў любімым Міністэрствам культуры фармаце — чатырохсерыйным ігравым фільме і кінаверсіі.

Стала заўважна, што пасля пэўнага застою, калі ў 2016 годзе «Беларусьфільм» не моцна радаваў гледачоў сваёй прадукцыяй, бо не было чым, пасля конкурсу кінапраектаў Міністэрства культуры таго ж года работы студыі сталі рэгулярна з'яўляцца на вялікім экране. Мы ўжо пабачылі альманах маладых аўтараў «Мы», «Тум-пабі-дум» Вячаслава Нікіфарава, «Не ігру» Дзяніса Скварцова, «Правілы геймера» Ігара Чацверыкова. Чакаем «Жыццё пасля жыцця» Дзмітрыя Астрахана, баявік «Чорны сабака» па кнізе Мікалая Чаргінца, новы альманах маладых і, нарэшце, серыял «Трымайся за аблокі».

Але «нацыянальнага фільма» не было даўно, таму праект пра Янку Купалу — тэма народнага паэта мае быць складаным матэрыялам — закрывае сэнсаўтваральную для работы нацыянальнай кінастудыі нішу. «Беларусьфільм», які карыстаецца бюджэтнымі грашыма, адноўлены за бюджэтныя грошы і не мае абавязку вяртаць грошы ў бюджэт краіны, нарэшце бярэцца не за кіно для продажу, а за кіно для нацыянальнай культуры.

Усё выглядае ўвогуле прыстойна. За выключэннем хіба што фармату чатырохсерыйнай карціны...

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

Загаловак у газеце: Пад рабочай назвай

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».