Вы тут

Пра галоўныя кірункі разведкі карысных выкапняў у краіне


Вуглевадароды на пад'ёме

Нафта па-ранейшаму застаецца адным з найважнейшых для эканомікі Беларусі прыродных рэсурсаў. Таму павышэнню эфектыўнасці яе разведкі і здабычы ўдзяляецца шмат увагі. Сёння ў краіне адкрыта 83 радовішчы нафты, 61 з іх распрацоўваецца, узровень уласнай здабычы складае каля 1650 мільёнаў тон у год.

— Наша задача — рабіць так, каб штогадовы прырост запасаў быў роўны ці большы за той аб'ём нафты, якая сёння здабываецца, — адзначыў намеснік міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Андрэй Хмель. — Гэтага атрымалася дасягнуць у мінулым годзе, на 2018 год таксама стаіць такая задача.

Як расказала намеснік дырэктара па навуцы філіяла «Інстытут геалогіі» дзяржаўнага прадпрыемства «Навукова-вытворчы цэнтр па геалогіі» Святлана Дзямідава, прыродная спецыфіка Беларусі ў тым, што вялікую тоўшчу зямной кары складаюць рыхлыя, ці чацвярцічныя, адклады. Вуглевадароды ж знаходзяцца вельмі глыбока і выходзяць на паверхню ў невялікай колькасці месцаў. Таму вывучэнне іх даволі складанае і патрабуе вялікіх выдаткаў.

Але з дапамогай сучасных тэхналогій разведкі і здабычы гэта праца становіцца больш эфектыўнай. Так, па словах загадчыка лабараторыі геатэктонікі і геафізікі Інстытута прыродакарыстання НАН Беларусі Яраслава Грыбіка, кампанія «Беларуснафта» праводзіць некаторыя работы па ацэнцы рэсурсаў, якія раней не ўлічваліся з-за сваёй непад'ёмнасці: на старых радовішчах і ўчастках з так званай сланцавай нафтай.

Акрамя тэрыторыі Прыпяцкага прагібу, спецыялісты таксама плануюць больш дэталёва вывучаць і іншыя магчымыя нафтаперспектыўныя ўчасткі — Аршанскую і Падляска-Брэсцкую ўпадзіны.

Базальты з мясцовай прапіскай

У Беларусі недастаткова выкарыстоўваецца ўласная будаўнічая сыравіна, упэўнены Андрэй Хмель. Так, ААТ «Гомельбудматэрыялы» імпартуе для сваёй вытворчасці базальты з Украіны, але ж і ў Беларусі нядаўна былі знойдзены запасы гэтага каменю. Таму сёння Мінпрыроды і Мінархітэктуры працуюць над павелічэннем выкарыстання сыравіны з мясцовых радовішчаў. Спецыялісты двух ведамстваў рыхтуюць аналітычную запіску, якая будзе датычыцца пяску, каменю, базальтаў, кварцавых пяскоў.

— Нам неабходна вывучыць патрэбы будаўнічых і прамысловых прадпрыемстваў у пэўных відах рэсурсаў, ацаніць неабходныя выдаткі, усё разлічыць, абгрунтаваць і накіраваць даныя ў Савет Міністраў, — расказаў Андрэй Хмель. — Сёння мы ацэньваем магчымасці імпартазамяшчэння ў будаўнічай галіне ў $100 мільёнаў.

Ад бурштыну да сапрапелю

Неабходна больш уважліва ставіцца да такіх прыродных рэсурсаў, як даламіт, сапрапель і трэпел, упэўнены ў Мінпрыроды. Так, даламіт можа выкарыстоўвацца ў земляробстве, сапрапелі — для паляпшэння якасці кармоў для сельскагаспадарчых жывёл, а трэпелы (танкапорыстая асадачная парода) — як дабаўка для прыгатавання камбікармоў, а таксама сыравіна ў хімічнай прамысловасці.

У Беларусі разведана 91 радовішча азёрных сапрапеляў з запасамі больш за 70 мільёнаў тон, а запасы самага вялікага радовішча трэпелаў — Стальное ў Хоцімскім раёне Магілёўскай вобласці — складаюць 30 мільёнаў тон.

— Уцягнуць гэтыя непапулярныя віды рэсурсаў у зварот — адна з задач Мінпрыроды, — адзначыў Андрэй Хмель.

У краіне адрэгулююць пытанні здабычы бурштыну і моранага дубу. Невялікае радовішча бурштыну было адкрыта ў 2016 годзе ў Брэсцкай вобласці — сёння там праводзіцца яго пробная здабыча. У некаторых суб'ектаў гаспадарання ёсць цікавасць і да ўцягнення ў зварот такога дастаткова дарагога матэрыялу, як мораны дуб.

Па словах намесніка міністра, на стадыі ўзгаднення ў рэспубліканскіх органах дзяржкіравання знаходзіцца праект указа, які будзе рэгламентаваць здабычу гэтых рэсурсаў у непрамысловых аб'ёмах.

Золата — для канцэсіянераў

Праяўленні гэтага каштоўнага металу знойдзены падчас пошукавых работ у Стаўбцоўскім раёне: на перспектыўным участку «Зуберава» на глыбіні ад 300 да 500 метраў.

— Работы па пошуку золата праводзіліся ў межах праграмы асваення радовішчаў карысных выкапняў і развіцця мінеральна-сыравіннай базы на 2011—2015 гады, — расказаў начальнік упраўлення па геалогіі Мінпрыроды Васіль Колб. — Каб падрыхтаваць радовішча, трэба правесці поўны цыкл геолагаразведачных работ. З гэтымі мэтамі ўчастак унесены ў пералік аб'ектаў, якія прапаноўваюцца для перадачы ў канцэсію. Але пакуль канцэсіянер не знойдзены.

Акрамя золата, у Беларусі ёсць таксама праяўленні медзі і плаціны. Спецыялісты таксама гавораць і пра перспектывы выяўлення радовішчаў уранавых руд, выкарыстання геатэрмальнай энергіі.

Андрэй Худык, міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя:

— Рэспубліка Беларусь як ніякая іншая краіна багатая на водныя рэсурсы — падземныя і мінеральныя воды. Становішча спраў на рынку мінеральнай і пітной вады гаворыць пра тое, што мы «ходзім па грашах», неэфектыўна выкарыстоўваем гэты рэсурс. Валодаючы ўласнымі рэсурсамі вады, імпартуем яе, не нарошчваем экспарт. Такая ж сітуацыя і з будаўнічай сыравінай. Неабходна павышаць геалагічную вывучанасць тэрыторыі краіны, інтэнсіфікаваць пошук, ацэнку, разведку, здабычу карысных выкапняў.

Вераніка КОЛАСАВА

Фо­та Анд­рэя ФЕ­АК­ЦІС­ТА­ВА

Загаловак у газеце: Каштоўныя нетры

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?